Выбрать главу

Іван напэўна зрабіў такі рамонт, але менавіта таму i да яго не пайшоў, за што зарабіў дакор:

— Трымаеш дыстанцыю, губернатар? Не застанься адзін. Марына так старалася!

Вікенцій Паўлавіч не адважваўся ступіць за парог вялікай светлай залы.

Пакрыты лакам паркет — люстэрка, модніцы могу ць глядзецца ў яго.

Лак незвычайны, нідзе не ліпне i не пахне, i хадзьба па такой падлозе ў адных шкарпэтках давала нейкае непазнанае дагэтуль задавальненне.

Абышлі ўсе пакоі. А ix пяць, прасторных, светлых, цёплых, гулкіх ад пустаты, у кожным — адменныя шпалеры. Бялюткія рамы — з пластыка. А дзверы ўсе — пад дуб, пад паркет. Якая ванна! A сантэхніка!

Дык вось ён які, еўрарамонт!

Вікенцій Паўлавіч адчуў, што ў яго ўчасціўся пульс. I завіхрыліся думкі, якія ён дагэтуль вымятаў са сваёй галавы: дай ім волю, такім думкам, — далека завядуць. З сацыяліста зробяць капіталіста.

«Аднак... хіба я не маю права на прыстойнае жыллё? Мудроны за дзесяць гадоў тры кватэры памяняў, гэты дом яўна пад яго будавалі, уваход асобны зрабілі, каб суседзі, яго падначаленыя, не заглядвалі ў яго дзверы, не чулі, чым пахне з яго кухні», — знарок хацеў надаць сваім думкам іранічны сэнс, пасмяяцца з чалавечай слабасці.

Але куды яе дзенеш, сваю слабасць? Даўно філосафы сказал i: слабы чалавек.

Чым даўжэй глядзеў, тым мацней авалодвала жаданне пажыць у такой кватэры. Апраўдваў сваё жаданне: «А чым я горшы за Мудронага? Яго выбіраў пленум па рэкамендацыі ЦК. Мяне выбраў народ. Паўтара мільёна... Ды сам народ, людзі перастануць мяне паважаць за тую... пралетарскую кватэру.

Нейкі выскачка, які разбагацеў бог ведае на чым, будуе сабе катэдж, купляе i злучае дзве кватэры. А губернатар... Памочнікі маюць рацыю: ахову нельга наладзіць. Хаця замахі дзіўныя, як тэатральныя. Сапраўдны забойца, снайпер, не прамахнуўся б. Аднак ігнараваць нельга... Як казала мая маці: беражонага Бог беражэ. А ў мяне яшчэ усё жыццё наперадзе. Дзеці растуць. Сын хутка ажэніцца. A калі я адмоўлюся ад кватэры сёння, якая перспектыва заутра? Калі паўторна не выберуць, ісці на паклон да якога-небудзь Каржакевіча? Маша — праведніца, яна дрыжыць, каб я, крый Божа, незаконна што не зрабіў, каб нікога не пакрыўдзіў. Але пра кватэру i Маша казала, асцярожна, вінавата: дзеці разнаполыя, ім асобныя пакоі трэба... Трэба. Ды каб i я які куток меў, дзе можна папрацаваць, то не заставаўся б у савеце, не трымаў бы шафера i ахоўніка. Сорамна трымаць пры сабе людзей. Палавінка пэўна ж таму i зацікаўлены, каб цягнула мяне дадому. У такую кватэру будзе цягнуць. I для працы над кнігай будзе кабінет. Во гэты самы малы пакой як раз для мяне...»

Спалохана азірнуўся на Івана: ці не чуе яго думкі? Ды не, не дажыўся яшчэ да таго, каб уголас размаўляць з самім сабой. Але ўзлаваўся на кіраўніка справамі. Такі балбатун, а тут — што язык пракаўтнуў. Ходзіць следам што цень. Знарок маўчыць — дае магчымасць падумаць? Хітруган. Ох, Залоза!

Выйшлі ў прыхожую, i тут Залоза спытаў як бы баючыся, ва ўсякім разе, нязвыкла пачціва:

— Ну што? Пераязджаем?

Вікенцій Паўлавіч выпрастаўся з чаравіком у руках. Іван нават адступіў, чым развесяліў: «Ці не баіцца, што я стукну яго? А варта было б i даць за залішнюю паслужлівасць».

— Знаеш што, Іван? Ідзі ты... знаеш куды?

— Знаю. Але калі i гэтая мая работа — кату пад хвост...

— Многа я тваёй работы забракаваў?

— Але ж крыўдна, Вікенцій Паўлавіч. Так старался!

— Свістун ты, Іван, — зусім па-сяброўску, што Залозу ўзбадзёрыла. — Але ведаеш анекдот пра селяніна... ён ад даронай зямлі адмовіўся, бо пан паставіў умову: толькі не райся з жонкай. «Не, паночку, без жонкі не магу». Так i я. Без Марыі Іванаўны не магу.

Залоза пераможна засмяяўся.

— I яшчэ, Іван. У мяне да цябе просьба. Вазьмі ты ў касе для мяне аванс i даручы каму-небудзь з жанчын купіць прадукты, каб Маша сама не хадзіла па магазінах. Сёння ў нас госці.

Іван Яўменавіч, здалося, падскочыў ад радасці.

— Ды для Марыі Іванаўны... за гонар палічу. Сам пайду ў супермаркет.

— Не вельмі размахвайся. Госця адна — сын дзяўчыну сваю прывядзе.

Залоза трохі не падскочыў. Вочы блішчэлі, што ў ката, фізіяномія расплывалася ў давольнай усмешцы. Помнячы выбарчыя прамовы губернатара, ён дагэтуль не адважваўся дастаўляць яму прадукты на кватэру. I вось — прарыў. Лічы: двайная перамога. Трайная. Бо была ў яго яшчэ тайна. «Дарагі мой Вікенцій Паўлавіч! Святы праведнік! Станеш ты такім жа грэшнікам, як i мы. I фірмачку сваю будзеш мець. Не на сябе. На Марыю Іванаўну. Ці на сынка. Можам нават у абход — на нявестку. Няма? Будзе! Сёння ты яе прымеш. Гатовенькую. Прозвішча яна можа пакінуць сваё — дзявочае. Так прасцей... у наш час».