Танька ажно вішчала ад прадчування цікавай сустрэчы: брат прывядзе нявесту на агледзіны. Прыбірала кватэру як ніколі ахвотна, старанна, прыдзірліва, бурчэла, што бабуля.
Марыя Іванаўна бадай не хвалявалася, калі Толя сказаў пра падзею, якая мае адбыцца, хоць халадзільнік пусты i грошай няма. Яна расхвалявалася, калі Іван Залоза прывёз гару прадуктаў. Навошта столькі? Як на вяселле. Але больш расхвалявалі не прадукты, а размова з Іванам, асабліва паведамленне пра кватэру i просьба паўплываць на Вікенція Паўлавіча, каб ён не супраціўляўся. Маўляў, гэта трэба не толькі для таго, каб палепшыць губернатару ўмовы, але i для яго бяспекі. Пра выпадак у лесе Марыя Іванаўна ведала — пісалі газеты, а пра здарэнне ў кабінеце Вікенцій не сказаў. Вось жа чалавек! I гэта яе моцна ўсхвалявала. Яна заўсёды даводзіла мужу адно: не зазнавайся, не бяры звыш таго, на што маеш законнае права, бойся хабару: хітруганы могуць паднесці яго ў любым выглядзе, зусім не грошы, тую ж кватэру, напрыклад, на якую, як першая асоба ў вобласці, ён сапраўды нібыта мае права. Але як гэта могуць выкарыстаць! Калі для раскошы, то яна — а за ёй у сямейным побыце рашаючае слова — супраць. Але калі новая кватэра пэўным чынам зробіць больш бяспечным жыццё яго i дзяцей, то хіба можа яна выказацца супраць! Паабяцала Залозе пераканаць мужа, i ён ажно падскочыў:
— Цяпер я магу спаць спакойна, маючы такога саюзніка!
Канечне, трохі турбавалі i прадукты. Каб гасцей было столькі, што з'елі б усё — яшчэ б нічога. Але ж прыйдзе адна студэнтка, няхай i галодная. А на ix сям'ю — на тыдзень хопіць. Не прывыклі яны да такіх прысмакаў. Дакарала мужа: «Траціць ашчаднасць мой суджаны. Паўзарплаты ўбухаў. Транжыра! Тані зімовыя боты трэба!»
Вікенцій вярнуўся нязвыкла рана — у шэсць, хоць Толя сказаў, што прыйдуць у восем — ведаў, што раней бацька не з'яўляецца. Пацягнуў паветра носам. Гукнуў:
— Смачна ў цябе, Маша, пахне! Не перастарайся. Прымаем студэнтку. Будзе расказваць ва універсітэце, што губернатар жыве як цар.
— Не перабаршчы... Навошта ж ты столькі прадуктаў прысылаў? Ды якіх!..
Гаспадар заглянуў у кухню, дзе шмат што ляжала на стале, на падаконніку — не памясцілася ў халадзільніку. Легка свіснуў.
— Свіння ўсё ж Іван. Падхалім. Прасіў, як чалавека. А ён... Ну я здыму з яго стружку.
— Віця, Бог з ім. Навошта табе заядацца?
— Зачараваў ён цябе. Гэны можа. Чарадзей. Часам пасля размовы думаю: i якога д'ябла я згадзіўся з гэтым круцялём? Але не пужнеш: свой чалавек, давераная асоба. I працаўнік — дай бог. У гэтым яму не адмовіш. Такога кіраўніка справамі не знайсці... А гэта вялікі камбінат — наша губернская парафія... — Вікенцій Паўлавіч укінуў у рот скрылёк салямі. — Смаката аднак.
— Паднясе нам Толік сюрпрыз...
— Які? Абвесціць, што жэніцца? Маша! Дык ты ж марыла пра гэта...
— Якая яна?
— Думаю, дзяўчына як дзяўчына.
— Толя сказаў: маці — аграном, бацька — шафёр i камбайнер.
— Так сказаў? Ну, у такім разе можам сустракаць будучую нявестку спакойна. I можам радавацца. Я баяўся, што дачка камерсанта якога... Падхапіла сынка...
— Але калі непрыгожая, то выскубу Толіку яго рыжыя кудлы, — сказала Таня, якая з калідора слухала размову бацькоў.
— А табе трэба пісаная прыгажуня?
— Мы з ім так дамовіліся...
— Ну добра, ён павінен выбраць прыгожую. А ты каго?
— А я — разумнага.
— Аднак...
Леакадзія спадабалася ўсім — па знешнасці сваёй. Прыгожая дзяўчына... Невысокая, стройная, светлавалосая, з добрымі блакітнымі вачамі. Трохі картавіла, але гэта не псавала ўражання, наадварот, надавала ёй нейкую прывабную дзіцячасць — як бы не ўступіла яшчэ ў сталасць, дзе голас грубее нават у дзяўчы-
Вікенція Паўлавіча бадай узрадавала, што адзета проста, сціпла: значыцца, не модніца, не верціхвостка. Губы, праўда, трохі нафарбавала i бровы падвяла. Але якая дзяўчына гэтага не робіць?
Марыю Іванаўну, наадварот, гэта бадай насцярожыла — такое адзенне: просценькая спаднічка, кофтачкасамавязка; як бы людзі не жылі, але студэнткі так бедна не адзяваюцца, хлопцы яшчэ могуць, a дзяўчат маці з апошняга ўбіраюць. А камбайнёр i аграном нябедныя людзі, пасля старшыні калгаса, можа, самыя заможныя. . мИ
Марыя Іванаўна ненавідзела любую паказуху, незалежна ад таго, на што яна скіравана — на багацце ці беднасць.
I яшчэ не спадабалася, што Ліка праз тры хвіліны пасля знаёмства назвала Таню:
— Сятрычка мая.
А Таня, дурніца, павісла ў яе на шыі i паўтарыла: