— Сястрычка мая!
Анатоль глядзеў на бацькоў i нявесту ўзрадавана i збянтэжана. Бачыў, што ўвогуле Ліка падабалася, радаваўся. Бянтэжыўся, што яна такая ўзбуджаная, да бесцырымоннасці; з ім ніколі такой не была.
Яшчэ больш складаныя пачуцці ў Марыі Іванаўны выклікала госця, калі адразу ж пачала паводзіць сябе не як госця, а як гаспадыня.
— Дзе памыць рукі?
Памыла — i на кухню, без запрашэння.
— Што вам памагчы, Марыя Іванаўна? — i, павязаўшы Танін фартушок, пачала ўвішна праціраць талеркі, мыць бакалы, наразаць хлеб. Потым накрывала на стол; Таня хадзіла за ёй i толькі падказвала — дзе ляжыць, стаіць: відэльцы, нажы, гарчыца, перац.
Марыя Іванаўна глядзела на такую стараннасць сынавай дзяўчыны з замілаваннем — не беларучка! — але i з трывогай — i за ўмеласць яе, i вось за такую зусім не сялянскую бесцырымоннасць. З гумарам думала: «Такая нявестка ўсю ўладу ў доме захопіць. Мяне адцісне на задні план. Шчасце гэта ці няшчасце? Для каго? Абы для Толіка было шчасцем. А мне што...»
За сталом напачатку сядзелі паважліва, як бы тольKi менавіта тут знаёміліся па-сапраўднаму, сур'ёзна. Нават рагатуха Таня прыціхла. Але ненадоўга. Выпілі па глытку шампанскага, закусвалі белай рыбай, ікрой, грыбкамі. Падабалася Марыі Іванаўне, што госця не накінулася на прысмакі, якія, можа, i не ела яшчэ ніколі, — каштавала ўсяго патрошку, па-дзявочы стрымана, сціпла. «Не, не такая яна... ёсць прыроджаная тактоўнасць. Накрываючы стол — паказвала сябе. А якой дзяўчыне не хочацца паказаць сябе? Хіба я была не такая перад Вікенціем?» — глянула на мужа, ласкава пагладзіла яго плячо. Ён зразумеў яе пачуцці.
Першы тост, бадай, самы кароткі, сказаў Вікенцій Паўлавіч:
— Будзьма!
Другі сказаў маўчун Толя:
— Давайце вып'ем за Ліку. За нашу дружбу..,
Таня запляскала ў далоні.
— Ура майму брату! Але i за каханне!
— За такі тост асушым бакалы да дна.
Выпілі не па адным глытку. Больш шумна застукалі відэльцы i нажы. Ажывілася гамонка. Таня зацікавілася:
— Толя, раскажы, як вы пазнаёміліся.
— Ну, як... Як знаёмяцца студэнты. Я ўжо i не помню.
— Ну, як ты не помніш, Толя! — амаль пакрыўджана сказала Ліка. — На універсітэцкім вечары на Таццянін дзень.
Таня закрычала:
— Чулі? На Таццянін дзень. Гэта — лес!
— Не трашчы ты, сарока, — ласкава сказаў Вікенцій Паўлавіч.
— Ну, i што на тым вечары? — дапытвалася Таня.
— Я запрасіла Толю на танец...
— Ну i што? — спяшалася Таня. — Патанцавалі — i? Вас прывязала радыяцыя кахання?
Школьніцы вельмі хацелася дапытацца, як гэта бывае, каб ведаць, калі ў самой здарыцца.
A Вікенцій Паўлавіч адчуў поўнае задавальненне: «Таццянін дзень... Гэта, здаецца, у студзені».
Задавальненне адчуў ад таго, што дзеці вунь калі пазнаёміліся, — амаль год назад, калі ён яшчэ быў ніхто. Было б бадай непрыемна, каб Ліка падчапіла яго сына ў пачатку гэтага навучальнага года, калі ён сядзеў ужо ў губернатарскім крэсле. Спытаў:
— Ты на філалагічным, Ліка?
— На гістарычным. Буду пісаць гісторыю нашага часу, калі не нараджаю дзяцей...
«Во ён, подступ», — падумала маці. Яна з нецярпеннем i пэўнай матчынай трывогай чакала, калі Толя скажа галоўнае, да чаго яны з бацькам падрыхтавалі сябе. За сталом ці пасля вячэры? Але першая пра гэта сказала Ліка:
— Нам з Толікам трэба ажаніцца.
На міг усе прыціхлі. Толя апусціў вочы. Бацька паспрабаваў памагчы ім, не вельмі зграбна пажартаваў:
— Ажаніцца трэба Толіку. А табе — выйсці замуж. Дзяўчына цяжка каўтнула. «Хвалюецца аднак, — падумала Марыя Іванаўна з нейкім нават спачуваннем, — з-за гэтага маўчуна нашага ёй трэба было самой сказаць аб гэтым».
— Нам трэба як можна хутчэй...
— Разумею. Я таксама спяшаўся. Але Маша мая цэлы год вадзіла мяне за нос.
На жарт-успамін ніхто не ўсміхнуўся.
Толя, стаіўшы дыхание, палажыў сваю руку на руку нявесты, прыкметна чырванеючы.
— У мяне будзе дзіця. Тры месяцы ўжо. Гэта калі Толік прыязджаў у раён з бацькам... Калі выбары ішлі.
Толя зрабіўся бураковы.
Драматызм моманту сапсавала Таня. Ці, можа, наадварот, вывела бацькоў з утрапення. Яна зарагатала i пачала гучна барабаніць нажом i відэльцам па талерцы:
— Ай да Толя, ай да жох! Не думала, што ў мяне такі спрытны брат!
— Сціхні, Таня, — злосна сказала маці.
— А чаму ты злуеш, мамачка? Радуйся.
— Я радуюся. Я радуюся, — Марыя Іванаўна паднялася, абышла мужава крэсла, абняла i моцна пацалавала нявесту. Сына цмокнула ў макушку.
Узбуджаную развесялелую Таню ледзьве адаслалі спаць: заўтра рана ўставаць. Самі засталіся на кухні i не спяшаючыся мылі посуд. Вікенцій Паўлавіч рэдка займаўся такой працай, жонка проста не дазваляла яму, асабліва цяпер, калі ён выбраўся на высокі пост. I тольKi калі хварэла, ён займаўся гаспадаркай, але тады, на радасць бацькам, актыўна падключаўся Толя, які да таго ваяваў з сястрой — каму што рабіць.