Выбрать главу
Занадта нізка трэба падаць Са стромай кручы, Куды ты ўзнёс мяне каханнем, Мой немінучы.
Раскоша самаго ўзнясення Не дасць упасці. Я толькі праз яго спазнала Прадонне шчасця.
Я толькі праз яго спасцігла Мінальнасць хвілі. Свае дары багі — і тыя Забраць не ў сіле.
Ты болей значыш: ты — Каханы. Не наракаю. Маўчыш. Азвешся. Хоць праз леты. Я пачакаю.
НЕ АДДАВАЙ СЯБЕ САМОЦЕ

Э. М. I.

На золку прымаразкі ходзяць, Не першы жоўты ліст упаў. Не аддавай сябе самоце, Заўчасна ёй не саступай.
Няхай пазначана журбою Расстанне восені з вясной, Нашто ж развітвацца з сабою, Сябе збаўляць першаасноў,
Калі вачам — нябёс сінеча, Калі рукам — барвяны ліст, Калі для сэрца — позірк нечы, І ўздрыгне сэрца, як калісь...
НАКАНАВАНАСЦЬ
Маркота раскусцілася, Бы ўпарты, чэпкі плюшч. Хіба ж я памылілася У сугуччы нашых душ?
Бязлітасная, выпалю Да кораня яе. Не на самоту выпалі Мне радасці твае.
Вузёл занадта ўжо тугі Закручаны з тугой: Не ведаць шчасця мне з другім. Як і табе — з другой.
***
Запозненаю дзікаю ажынай Узаемнасць наша дзёрзка расцвіла. Мы ж бачылі, Што лучная сцяжына Па-за шляхамі нашымі была.
Мы ж разумелі, Што блакітнай грывай Праменны далягляд Не нас Заве. І ўсё-ткі безразважна, Як з абрыва, Зрываліся ў наш Невымоўны верш.
«Чакай. Кахай». Кахаю. І чакаю. На самаце. Сярод людзей. Цяпер Само паветра дасканала знае, Як ім балюча дыхаць Без цябе.
ПРАДЧУВАННЕ
Не дакарай мяне, што тваё слова Бяру да сэрца так, да галавы: Твой дух жывіўся полымем любві, Твой кожны рух цяпер — не выпадковасць. Здаволенасць і пэўнасць не адразу Усведамляюць праўду перамен. Ты ўжо чытаеш рэўнасць узамен Беззапаветнасці, што болып не ўразіць... Ты ўжо гатовы эгаізм убачыць, Дзе безвыходнасць грае дзікі пляс... Што ж уратуе ў часе нас для нас, Калі сябе не ў сіле мы зыначыць? Перасыхаю, гіну... А пустыня Злавесна аступае ўсё глушэй... Міражла дападае да вушэй: Шумяць падлескі кронамі густымі!..
НЕ МІРАЖ
Была дарога. Пролівень улеіў Такі, бы свет у прорву панясло. Ды хутка неба зноўку расцвіло Раскошнаю блакітнаю лілеяй.
Сінечы гэтай настраёва ўторыў І несмяротна вабны васілёк, У злеглым жыце бачны шчэ здалёк, І да асфальту выбеглы цыкорый.
Зыходзіў ліпень, але поўны весняй Трывушчай сілы, радасці жыцця Быў перамыты ліўнямі прасцяг, — Душа ажно заходзілася песняй!
Таму душа і зважыць не схацела На подумку пра смерць, што праплыла...
А гэта ўжо, знішчальная, страла Твайго «бывай» у пространі ляцела!..
Праз дзень страла Навылет працяла... Адно ў безабароннейшым парыве Адчайны ўстрапятнуўся ўскрык: — Скажы, Хіба ж балець так могуць міражы?!. Прыйшоў наяве, растаеш, як прывід!.. Прыйшоў наяве, растаеш, як прывід...
ЗАВЯЛІКАЯ
Як Самота з госцяй Радасцю развітвалася, Дык усё яе пыталася, дапытвалася:
— Што ж ты, мілая, так мала пагасціла? Пэўна, нечым я табе не дагадзіла.
Мо няўдалай гаспадыняю была я? Мо табе мая святліца замалая?
Пакланілася ёй Радасць і сказала: — Ах, тваёй мне ласкі шчырае хапала.
Ты прабач, што пабыла як для прыліку я. Не малая твая хата. Завялікая.