Выбрать главу

Калі б жыць засталося тры гады

Маявер разумеў, што яго ўжо «панесла», што яго маналог, падобны на нейкую п'яную споведзь, ужо зацягнуўся. Аднак вельмі хацелася выгаварыцца, і ён працягнуў:

— Ведаеш гэты трывіяльны сюжэт, калі чалавек памірае, але нейкім чынам выпрошвае сабе яшчэ пэўны перыяд жыцця? Уяві, вось ты, напрыклад, памёр, трапіў на нябёсы і пачаў кленчыць яшчэ некалькі гадоў жыцця на зямлі. І нейкім дзівам табе далі дазвол. Маўляў, ідзі ты ўжо куды хочаш, толькі хопіць тут ныць. І ты вяртаешся на зямлю, скажам, на тры гады — не больш, але, магчы­ма, менш. Ніякіх гарантый таго, што ты не памрэш раней, няма — тут усё як звычайна. Пры гэтым уявім, што тваё здароўе не пагоршылася з моманту клінічнай смерці. І ты дакладна ведаеш, колькі дзён табе засталося. Але што б ты рабіў?

Кінуць усё і вандраваць, гуляць па свеце, жыць у сваё задавальненне — някепска. Аднак для гэтага неабходны грошы. Добра, калі ў цябе ёсць пэўная маёмасць, якую можна прадаць, каб апошнія тры гады жыць так, як табе падабаецца. Але ці шмат каму ёсць што прадаваць? Пас­ля апошняй палучкі кінуць працу і стаць жабраком? Ну, добра, пажывеш крыху. А што рабіць астатнія два гады адзіннаццаць месяцаў і тры тыдні? Узяць крэдыт у банку і збегчы — вельмі рызыкоўна: ёсць шанец правесці рэшту жыцця за кратамі.

Жыць як жыў, толькі пры гэтым казаць і рабіць усё, што хочацца? Таксама вельмі небяспечна: ёсць перспектыва добра атрымаць па мордзе, страціць тую ж працу і патрапіць за тыя ж краты. Ну, урэшце, гэты сцэнар можна прыхаваць на апошні тыдзень жыцця. А ў самы апошні дзень — увогуле адарвацца па поўнай. Верагодна, за твае паводзіны цябе і заб'юць. Такі вось эфект Разэнталя на практыцы. Дарэчы, цікавая думка. Калі крыху перайначыць, можа атрымацца пацешная гісторыя: чалавек, напрыклад, падчас аперацыі бачыць галюцынацыю, быццам памірае, але выпрошвае яшчэ некалькі гадоў жыцця. Толькі гэта ўсё галюцынацыя. Тым не менш пасля аперацыі ён даведваецца, што сапраўды быў у стане клінічнай смерці, таму шчыра верыць у сваё ўяўленне. Падлячыўшыся, чалавек мяняе сваё жыццё: становіцца вельмі актыўным, але ў той жа час бескампрамісным. Дзякуючы сваёй актыўнасці і працавітасці ён дасягае значных поспехаў і становіцца, напрыклад, вядомым палітыкам або, наадварот, апазіцыйным актывістам. Ці без палітыкі — бізнесоўцам або рэлігійным ці культурным дзеячам. Ён разумее, што часу ўсё менш, таму яго бескампраміснасць і прынцыповасць становяцца больш выразнымі, ён становіцца вельмі рэзкім і нават радыкальным. І, натуральна, ёсць тыя, каму яго дзейнасць не падабаецца. І гэтыя людзі вырашаюць яго «прыбраць». Чалавек, «ведаючы» з галюцынацыі дату ўласнай смерці, вырашае схвацца ў гэты дзень. Але замах адбываецца раней: цяжкапараненага чалавека адвозяць у бальніцу, за яго жыццё змагаюцца некалькі сутак, але ў рэшце рэшт ён памірае, не прыходзячы ў свядомасць. Нядрэнная гісторыя, так? Толькі ў гэтай гісторыі сапраўды эфект Разэнталя, а я кажу пра сітуацыю, калі дата смерці насамрэч вызначана.

Дык вось, відавочна, што большасць людзей з'яўляюцца эканамічна залежнымі, усё пакінуць і з'ехаць у цёплыя краі можа далёка не кожны. Пры гэтым быць занадта правільным ці рабіць і ка­заць усё, што хочацца, — таксама небяспечна. І што ж застаецца? Прысвяціць сваё жыццё іншым і апошнія тры гады дапамагаць людзям? Стаць валанцёрам, заўсёды даваць міласціну. А хто перашкаджаў займацца гэтым раней? Ці хто перашкаджаў раней паспрабаваць сябе ў творчасці або навуцы? Хто перашкаджаў раней зрабіць нешта такое, што б, груба кажучы, запісала тваё імя ў гісторыю?..

Я б нават мог паверыць у тое, што дакладнае разуменне хуткай і непазбежнай смерці запускае ў чалавеку нейкі інстынкт, нейкі механізм, з дапамогай якога можна правільна расставіць прыярытэты. Я б мог у гэта паверыць, толькі практыка паказвае, што нічога такога не існуе. Людзям нярэдка ставяць смяротныя дыягназы, у першую чаргу рак. Пасля гэтага звычайна застаецца колькі месяцаў, пакуль арганізм працуе амаль паўнавартасна. І што робяць людзі ў гэты перыяд? Так, некаторыя да апошняга змагаюцца, спрабуюць утрымацца за кожную саломінку. А іншыя шкадуюць марнаваць гэты час на бальніцы. Яны прымаюць безвыходнае становішча і распараджаюцца сваімі апошнімі месяцамі, як ім падаецца, больш рацыянальна. Такія людзі жывуць і зараз, якраз ў гэты час. А ці чуў ты што-небудзь пра нейкія вялікія здзяйсненні, якія зрабілі смяротна хворыя? Я — не. Напэўна, таму, што гэтыя людзі бавяць час з роднымі і сябрамі і ходзяць у храмы. Некаторыя, магчыма, падарожнічаюць. Ці проста займаюцца самымі звычайнымі паўсядзённымі справамі. На мой погляд, пытанне ў тым, чаго не хапае людзям у такой сітуацыі: магчымасцей ці ідэй?..

— Ёсць жа фільм «Дастукацца да нябёсаў». Глядзеў?

— Ну, дык гэта ж фільм, мастацкі вымысел. Героі выпадкова ўкралі машыну з мільёнам. долараў ці чаго там. У сапраўдным жыцці такога быць не можа. Але добра, смяротныя хваробы — асобная тэма. Вернемся да нашай сітуацыі.

Ёсць тры гады і ўмова, што здароўе не будзе пагаршацца з кожным днём. Што б ты змяніў? Што б ты здолеў змяніць? Зноў узнікае пытанне магчымасцей і ідэй ці, калі трэба, жаданняў. Ці з'явіліся б у цябе новыя ідэі і жаданні, а калі так, то чаму яны не з'явіліся раней? А калі ўжо былі — чаму ты іх да гэтага часу не здзейсніў? Усё ж, на мой погляд, галоўная праблема вельмі празаічная: чалавек з'яўляецца эканамічна залежным. І для большасці людзей сумная праўда ў тым, што, каб пражыць хоць бы і апошнія тры гады адзетым, абутым, сытым і з дахам над галавой, трэба будзе захаваць ранейшы ўклад жыцця: пяць дзён на тыдзень аддаваць на працу мінімум па дзесяць гадзін уключна з дарогай і абедам. Мне здаецца, што менавіта ў гэтым — сапраўдная трагедыя сітуацыі. У гэ­тым, а не ў тым, што жыць засталося тры гады.

Чаго б ты хацеў пасля смерці?

Маявер крыху памаўчаў, разумеючы, што ўжо, магчыма, надакучыў суразмоўцу і ўвогуле выглядае дзіўным і залішне навязлівым, але не стаў чакаць, пакуль слова возьме Даявед:

— Але што, калі смерць — не канец?.. Толькі абстрагуемся ад рэлігійных уяўленняў: вось ты паміраеш, але пасля існуе нейкі працяг. І калі б ты сам мог вызначыць, якім ён будзе, чаго б ты хацеў?..

— Не ведаю. Хацеў бы паразмаўляць з Богам. Спытацца, у чым быў сэнс майго асабістага жыцця і ў чым сэнс жыцця ўвогуле, спытацца, навошта Яму ўсё гэта трэба і што будзе пасля. Пас­ля Апакаліпсіса... Хацеў бы даведацца, ці існуе і ці існавала дзесьці яшчэ ў Сусвеце разумнае жыц­цё. Ці існавалі раней цывілізацыі на Зямлі. Хацеў бы даведацца, якім чынам увогуле пабудава­ны Сусвет і ці сапраўды ён з'яўляецца бясконцым. А яшчэ мяне б цікавіла, што было да Вялікага Выбуху. Як і дзе ўтварыўся Сусвет, калі раней нічога не было... Увогуле, як гэта: нічога не было?.. Карацей, я б хацеў даведацца пра тое, чаго не можа даведацца звычайны чалавек. Заўжды цікавіла, прадвызначана ўсё ў гэтым жыцці ці не. Калі не, хацелася б паглядзець альтэрнатыўныя варыянты развіцця падзей. Здаецца, што і бясконцасці мала, каб высветліць усё цікавае.

Маявер быццам толькі і чакаў, пакуль Даявед скончыць. Напэўна, ён задаў пытанне суразмоўцы выключна з ветлівасці ці толькі для таго, каб пачуць у адказ «А ты?». Бо ў галаве самога Маявера ўжо быў падрыхтаваны новы маналог. Хоць чаканага сустрэчнага пытання і не прагучала, Маявер ніколькі не збянтэжыўся і пры першай жа магчымасці пачаў агучваць свае думкі:

— У дзяцінстве мне здавалася, што ўсё маё жыццё запісваецца на відэакамеру. І я ўяўляў сабе, як калісьці мы ўсёй сям'ёй — я з бацькамі — будзем разам глядзець гэты запіс. Канечне, уяўляў сабе даволі прымітыўна: быццам мы ў тагачасным узросце, я зусім малы, бацькі маладыя, у сваёй гасцёўні нядзельным вечарам сядзем на канапе і будзем глядзець запіс нашага жыцця па тэлевізары. Зараз нават смешна. Я ўяўляў, што запіс будзе вельмі вясёлы, як быццам нейкая камедыя. Прагляд будзе ўтульным, мы будзем уголас абмяркоўваць і каментаваць пэўныя эпізоды. Я нават іншым часам рабіў пэўныя «рэпартажы», дзе распавядаў пра нейкія навіны, пра сваю сям'ю, пра сябе. Ці проста дурэў і ўчыняў пацешныя выхадкі, каб потым пасмяяцца.