— І ў мяне ты адзіны такі. Прыгожы. Яшчэ ёсць адзін — у нішы Неа Моні на Хіосе. Але куды яму да цябе? Ён жа ўсяго толькі анёл...
Ён не зусім разумее, пра што яна гаворыць. Удыхае пах яе валасоў, шчыльней горне да сябе. Яна змаўкае на паўслове, цягнецца да яго... У дзірцы над галавой бачыць дрыжачую прыгажуню зорку.
...Вялізны дом спіць. Паціху прагінаюцца тонкія дошкі лесвіцы пад нагамі. Але не рыпяць — яшчэ новыя. Вось ужо тры засталося, дзве, адна... Бясшумна расчыняюцца дзверы святліцы. Яна з палёгкай уздыхае. I раптам...
Успыхвае лучына ў кованых сярэбраных зажымах, убітых у бэльку.
Галоўная чалядніца Лада стаіць перад ёю — высокая, мажная, як грэчаская амфара, налітая маслам альбо даверху напоўненая зернем. Чорныя вочы яе блішчаць нядобрай радасцю. I асуджэннем.
— Цябе даўно маці чакае, князёуна.
Як злоўленая за крысо, успыхвае Прадыслава. Адчувае, як расой высыпаў па твары пот, а ногі ацяжэлі. Але моўчкі ідзе ў матчыну святліцу, дзе самотна гарыць васковая свечка і княгіня ў цёплым летніку, накінутым на тонкую кужэльную сукню, стаіць на каленях перад абразом Багародзіцы. На лаве, падклаўшы кулачок пад русявую галаву, спіць маленькая Градыслава, яе ногі ва ўсьмовых боціках звешваюцца ўніз. Убачыўшы дачку, княгіня ўстае, садзіцца на лаву, з вохканнем трэ апухлую нагу. Лада тут жа паслужліва апускаецца на калені, пачынае шырокімі, як рыдлёукі, далонямі мяць белыя, мяккія галёнкі сваёй уладаркі.
— Дзе ж ты была, князёўна? — раздаецца голас маці. Ён нязвыкла-суровы, але нейкія жаласныя ноты ў гэтым, зараз нібы надтрэснутым голасе. «Князёўна»... Адразу бачна: маці ўсё ведае.
— Была ля Дзвіны...
Прадыслава не глядзіць у матчыны вочы. Шаўковай хусцінкай абцірае твар. А ногі ўсё такія ж цяжкія, нібы і не ейныя.
— Малодшая князёўна сёння бацьку гаварыла: «Калі ж Прадыславу за Рамана выдаваць будзем?» — Лада, не паднімаючыся з каленяў, усё трэ матчыны ногі, і тая адгукаецца стогнам:
— Бацьку! Князю Георгію!
Жах ахоплівае Прадыславу. Галава ў яе кружыцца, ногі падкасіліся, і, убачыўшы, як паўздзейнічалі на дачку гэтыя словы, княгіня спяшаецца:
— Не, ён не зразумеў, пра што кажа Градыслава! Спяшаўся на паляванне, прапусціў міма вушэй. Але затое мы пра ўсё дазналіся. Што мне казаць табе, дачушка? Недастойна гэта княжацкай дачкі...
Прадыслава ўпершыню паднімае вочы.
— Усіх нас Бог зрабіў роўнымі, мама. I смерд, і князь — усе стаяць на Страшным Судзе аднолькава, нікому няма перавагі.
— Але... нашто тады мы, князі? Чаму так на гэтым свеце зроблена? Значыць, нам дадзена болей, чым смердам, з нас болей і спытаецца...
Прачнулася Градыслава, саслізнула з лавы, падбегла да старэйшай сястры, абняла яе.
— Я не ведала, што трэба было спачатку ў цябе запытацца... — зашчабятала вінавата.
Ах, малое птушаня! Хіба яна ведала, што нарабіла сваімі словамі? I калі толькі высачыла сваімі цікаўнымі вочкамі, паперадзе чалядніц і грыдняў? Лада як прачытала ейныя думкі, голасней запрычытала перад княгіняй:
— Забі мяне, уладарка, за тое, што я нічога не бачыла! У галаву мне не прыходзіла, што старэйшая князёўна, такая разумная, такая вучоная, да смерда...
— Сціхні! —Княгіня гнеўна штурханула пакаёўку, так што тая ажно пахіснулася. — Каб я болей ніводнага слова пра гэта не чула! Іначай...
Лада сцялася, змоўкла, ажно сцепанулася, нібыта па ёй хвастанулі лазінай.
— Ты любіш Прадыславу? — запыталася княгіня ў малодшай дачкі.
— Люблю! — прыціснулася тая ўсім сваім маленькім цельцам да сястры.
— Тады... тады пакляніся вось тут, перад абразом, што ты ніколі, нідзе...
— А калі яна зноў пойдзе... туды, да смердаў? — наіўна здзівілася дзяўчынка.
— Яна не пойдзе больш ніколі.
— Матуля! — ускінулася Прадыслава.
— Не, мая разумная дачушка, не перапыняй. Няўжо ты ніколі не думала пра тое, чым заплаціць гэты... гэты смерд за тое, што насмеліўся кахаць цябе? Бачу, што ні аб чым не думала...
Прадыслава глядзела на маці. Яна ведала, што Раман — у поўнай уладзе бацькі, але пачуццё туманіла голаў, і думкі пра тое, чым усё абернецца, яна адганяла. Але маці жорстка і проста дадала:
— Яго заб'юць лазінамі... да смерці.
Гэта праўда. Дзяўчына здрыганулася. Яна першы раз з усёй выразнасцю адчула, якая небяспека навісла над каханым. Гэтую залацістую галаву, твар анёла з фрэскі, залье кроў, сінімі пісягамі пакрыецца цела, а пасля яно ападзе, як колас пад бязлітасным сярпом... Такое даводзілася бачыць, і не раз, аднак тады гэта былі чужыя, невядомыя людзі, і то — бегла прэч, плакала, а маці суцяшала тым, што гэтак заведзена здаўна, і не сёння мяняць жорсткія законы прымусу. I яшчэ адчула Прадыслава — ніколі не стане маці заступацца за Рамана, нават калі будзе шкадаваць яго і шкадаваць яе. I тая, як адчуўшы даччыны думкі, дадала: