Выбрать главу

Хіба што зарослы травой бераг Дзвіны, росны луг ды лес у сіняй ранішняй смузе — яны прымуць яе, абароняць. Але не тут ляжыць яе дарога, не тут...

Яна пачынала трызніць. I ўжо не заўважыла, як споўз з плячэй плашч, распляліся косы і рассыпаліся валасы.

Бела-чорная сарока, якая даўно цікавала за бліскучай залатой засцежкай, нарэшце асмялела. Яна бокам, увесь час насцярожана азіраючыся, падскочыла да каменя і дзеўбанула засцежку. Але тут жа адскочыла і з шумам паляцела прэч.

Прадыслава ачуняла, агледзелася. Там, дзе на паўнеба разгарэўся ўсход, над белай ад туманоў зямлёй выплывала сонца. Спачатку невялікі чырвоны кавалак яго прарэзаўся скрозь вогненныя палосы. Потым яшчэ і яшчэ — і раптоўна нібы хто жменяй сыпануў золата на вершаліны дрэў, на луг, што аж зазіхацеў безліччу рознакаляровых агеньчыкаў. Прадыслава стала на калені і перасохлымі вуснамі зашаптала малітву.

У думкі вяртаўся снакой. Праўда, быў ён цяжкі і халодны, як камень. I здалося, што камень гэты назаўсёды прыціснуў яе.

Сонца лашчыла плечы. Дыміўся, курэў луг. За ім ледзь былі відаць пазлацаныя крыжы Сафійскай царквы. Яна глядзела на іх.

«Мне хацелася калісьці стаць бессмяротнай. Хацелася вялікіх спраў, подзвігаў— думала яна, стоячы на каленях. — Што ж, хіба гэтае жаданне знікла? Так, але толькі на імгненне. Я рыхтавала сябе з маладых гадоў да служэння вышэйшаму, што ёсць на зямлі,— Богу. Гэта тое, дзеля чаго я жыву. I калі мне зараз цяжка — значыць, сапраўды нялёгка развітвацца са спакусамі жыцця. Але інакш я ніколі не змагу ўзнесціся духам над шэрай будзённасцю зямных спраў Тым вышэй будзе маё адрачэнне ад зямнога. Так, толькі адрачэнне...»

А інакш нельга ў гэтым злосным, несправядлівым свеце. Вось бацька — як яму хочацца пры яе дапамозе дабіцца нечага свайго! Збавіць яе ў больш-менш прыстойныя рукі. А не захоча сама — прымусяць. Гордая Рагнеда не захацела аднойчы разуць свайго нарачонага — прымусілі. I яе змогуць. Мячом адваююць — і, як Рагнеду, у далёкія кіеўскія землі памчаць. Усё змогуць — аж пакуль не скіне яна з сябе ўсе зямныя ланцуі і. I ўсё ж якая іронія лёсу — іменна цяпер, калі яна, хоць на імгненне, адчула непаўторную прывабнасць таго, што людзі называюць каханнем, ёй трэба развітацца з ім...

Прадыслава ўстала, доўгім позіркам абвяла ваколіцу. Злева, за паваротам, пачыналіся крывыя полацкія вуліцы. Справа, ля самага берага, вілася вузкая сцяжынка. Калі ісці па ёй гадзіны са дзве — можна было як найкарацей прыйсці да Прэабражэнскага манастыра. Невысокі, са старымі з бярвенняў сенцамі, ён быў добра знаёмы дзяўчыне. Жонка Рамана Усяславіча, яе цётка, была там ігуменняй. Прадыслава часта хадзіла туды і любіла прапахлыя ладанам кялейкі, строгую ўдумлівую цішыню і нейкую асаблівую мудрасць гэтага манастыра. «Вось там яна можа знайсці спакой, навучыцца цішыні і развазе. Там яна зможа стаць незалежнай, і ніякія зямныя турботы не змогуць крануць яе душу».

Яна рашуча пачала спускацца з высокага абрыва...

Залатымі свечамі стаялі ля цёмна-зялёных ялін асінкі, бесперапынна дрыжалі-трымцелі пад ветрам — яшчэ цёплым, але ўжо з адчувальнымі струменямі холаду, які ішоў з далёкіх паўночных краін, дзе жыве бог маразоў Зюзя са сваёй ледзяной паліцай. Шэра-ружовае каменне, з якога быў складзены падмурак манастырскай будыніны, час ад часу выблісквала зіхоткімі іскрынкамі слюды. Ігумення, побач з якою ішла Прадыслава, рухалася павольна, абвіслыя шчокі яе былі пакрытыя зморшчынамі, нібы танюткія барозны ад пралітых слёз.

— Дзіця маё, свет сапраўды жорсткі,— гаварыла яна, і тонкія пальцы яе, пераплеценыя перад грудзямі, нібы яна, нават ідучы, аберагала сябе ад усялякіх нечаканасцей, нервова ўздрыгвалі. — Але ж ты такая маладая, прыгожая. Ды і бацька твой можа ўзлавацца на мяне, а табе вядома, што княжацкі гнеў горш за лютага звера.

— Любая цётухна, бацька не асмеліцца пярэчыць майму пострыгу — куды ні зірні, усюды свет Хрыстовы дасягае, і язычнікі ўпотай робяць трэбы. Вялікі гэта гонар для любой сям'і, калі нехта з дзяцей ідзе ў манастыр заступацца за родных людзей перад Госпадам.

— Але ці толькі гэта прывяло цябе да мяне, пляменніца? Хаця і спавядалася ты перад айцом Нікіфарам, але непарушная таямніца споведзі, і не ведаю я, ці ўсю праўду кажаш ты мне. Нешта гняце цябе, дзяўчына. Пра тое, чым поўніцца сэрца, лепей раскажы зараз.

Спынілася Прадыслава, угледзелася ў жоўты, ацёчны твар ігуменні. Зусім ціха запыталася:

— Скажы мне, ці любіла ты каго, апроч князя Рамана? Ды і яго — як кахала? Спакойна і ласкава ці ліхаманкава, нібы навалілася на цябе хвароба, Трасца, і не дае спачыну?