Мацней, уладарней прашалясцеў над імі вецер, пасыпалася жоўтае лісце на чорныя покрывы дзвюх жанчын. Старэйшая падышла да бярозы, абняла каржакаваты, дзе-нідзе з белай атласістай бяростай ствол, прыціснулася зачырванелай шчакой да яго. Глуха прагаварьша:
— Расказвай усё, Прадыслава...
А калі, уткнуўшыся ў яе падол, скончыла дзяўчына сваю споведзь, спачувальна пагладзіла, пляменніцу па галаве.
— Калі ты перамагла сябе, калі так рашыла — што ж, прымем твой пострыг у дзень святой Ефрасінні Александрыйскай...
...Упалі на гладкую, вымытую да жаўцізны падлогу доўгія тоўстыя пасмы русых валасоў Адна мякка абкруцілася вакол рукі ігуменні. Тая таропка страсянула рукой.
...Халоднае вострае лязо каля шыі. Нізка, ля самых каленяў ігуменні — схіленая галава. Проста перад вачыма — дзірка ад сучка, там яшчэ не высахла вада, якой толькі што мылі падлогу. Бяздумна звініць у галаве. А зверху голас — затоена-радасны:
— Пастрыгаем цябе, сястра, пад іменем Ефрасінні...
Заплюшчыўшы вочы, яна злегку пагладжвала шурпатую, прыгожага карычневага колеру, кнігу, з асалодай адчуваючы, якое мноства мудрых думак тоіцца ў агромністым гоўстым фаліянце. Пяць новых кніг прывезлі ў манастыр з далёкай Візантыі. Аж пяць кніг! Як баялася яна, што не давязуць іх да Полацка.
І не таму баялася, што вялікія грошы за іх заплачаны — кніга даражэй за ўсякае багацце,— а таму, што купцоў час ад часу рабаваць пачалі па Полаччыне. Раней такога не было. Слабее княства! Адным толькі ўдасца выратаваць яго — мудрасцю. Вось чаму так прагна імкнецца яна будаваць новыя школы. Колькі іх ужо? Пяць. Тут, у Сяльцы, тры і дзве ў самім Полацку: пры Сафіі і царкве Багародзіцы. Не толькі дзяўчат вучаць у іх, але і хлопцаў. Сэрца ў яе заўсёды шчыміць, калі бачыць яна, як учарашнія спалоханыя падлеткі ўпэўнена складаюць літары ў мудрыя, павучальныя сказы, вучацца спасцігаць сябе, сваю зямлю.
«Інія сядоша на Дзвіне і нарекошася палачане, рэчкі дзеля яжэ втечэць в Дзвіну, імянем Полата, от сея прозвашася палачане...»
Па-рознаму вучыць іх сама Ефрасіння. Дзяўчаткам расказвае пра пакорлівасць і рахманасць святых мучаніц. А хлопчыкам... Хай загараюцца вочы іх святой любоўю да радзімы, хай ведаюць яны, што не толькі чужыя землі родзяць разумных і слынных людзей. Пра Рагвалода гаварыла ім, пра княгіню Рагнеду, пра Усяслава Мудрага.
Калі будуць людзі полацкія граматай валодаць так, як мячамі,—ніхто іх не пераможа.
Першая ў краі бібліятэка! Кожная кніга тут—часцінка яе душы. Купляла, абменьвала на другія. Перапісвала тут, у манастыры. Вучыла гэтаму і другіх. Колькі перапісчыкаў рыпяць зараз пёрамі ў келлях! А раней было іх усяго дзве — старая Еўпраксія і Васіліса. Ды і то — колькі памылак было ў іх! Спяшаліся, абы болей кніг, абы болей прыбытку цётчынаму манастыру. Яна выпрасіла іх да сябе, у Сялец. А ўжо тут, на свабодзе, узялася за іх. За кожную памылку — дзень пасціцца. А інакш нельга было: вучыліся ў гэтых дзвюх другія манашкі. Павінны яны былі добра помніць: кніга — святыня. Псаваць яе плямай або апіскай — самы вялікі грэх.
— Маці-настаяцельніца!
Ціхі шэпт яна ўчула адразу, але не даўмелася, што клічуць яе. Ніяк не магла яшчэ ўсё звыкнуцца, што ў свае няпоўныя трыццаць гадоў яна — ігумення вялікага і багатага манастыра.
— Маці-настаяцельніца!
Сястра Яўстахія, добрая тоўстая кабета, стаяла каля яе.
— Нейкая жанчына з дзіцем плача, просіць, каб вас паклікалі.
— А ты сказала ёй, што я выходжу да міран пасля ранішняй малітвы?
— Яна толькі што прыйшла. Бяда ў яе, пэўна.
Ефрасіння ўздыхнула. Перад тым, як выйсці да людзей, якія неслі ў манастыр свае крыўды, хваробы і гора, яна доўга малілася, рыхтавала сябе. I тады улівалася ў яе нейкая незразумелая сіла. I Ефрасіння, нібы баючыся растраціць гэтую сілу, не спяшаючыся ішла на двор, і манашкі хрысціліся, гледзячы на яе бледны твар — суровы і ўпэўнены. А на двары ўжо стаялі людзі, і ў іхніх вачах была роспач і надзея. Надзея на лішнюю грыўню, якая дапаможа вырвацца з учэпістых рук ліхвяра, на цуда, якое дасць спакой сям'і.
I ігумення раздавала ім медныя грыўні, лячыла. Але цяпер у душы была нейкая слабасць — Ефрасіння ведала, колькі намаганняў прыйдзецца ёй патраціць на тое, каб сустрэць нечаканую наведвальніцу. Яна ўсё яшчэ марудзіла, гледзячы на дзверы. Але там раптоўна паказалася цёмная вялікая хустка, што ледзь не да каленяў вісела на худой дзяўчынцы. Дзве шэранькія коскі целяпаліся вакол бураватага ад загару тварыка, Дзяўчынка імкліва, нібы ведаючы, да каго ісці, спынілася перад ігуменняй і якую хвілю, не міргаючы, глядзела на яе. I нечакана ўсміхнулася радаснай, наіўнай усмешкай: