Выбрать главу

Патузаўшы за званок, доўга пераступаў з нагі на нагу перад цяжкімі кованымі варотамі Спаскага манастыра Іаан. Ніхто не ішоў іх адчыняць.

Нарэшце ў вузкай, прарэзанай шчыліне паказалася нечае вока. Сярдзіты жаночы голас доўга распытваў Іаана, з якой патрэбы трывожыць ён малітву, якую толькі што распачалі манашкі, каб замаліць перад Богам людскія грахі. I сапраўды — аднекуль знізу, з-пад драўляных сцен манастыра, даносіліся зладжаныя ўрачыстыя спевы. Нарэшце вароты прыадчыніліся. Ён ледзь уціснуўся праз іх і прысеў на бервяно каля варотаў, цікуючы на вялікія выразаныя дзвсры, што вялі ў манастыр. Адтуль павінна была выйсці ігумення Ефрасіння.

Некалькі дзён назад у Бельчыцы да яго прыйшоў загад, каб ён з'явіўся сюды. Іаан не спытаў, нашто ён спатрэбіўся манастыру: даўно хадзілі ў горадзе чуткі, што ігумення збіраецца будаваць царкву побач з манастыром. I вось цяпер, баючыся верыць свайму шчасцю, сядзеў ён каля варотаў

У дзвярах нечакана з'явілася тонкая, уся ў чорным, постаць. Высокі клабук на галаве таксама чорны. Яна некалькі хвілін стаяла ў дзвярах, углядаючыся ў Іаана, а потым лёгка пайшла насустрач. Яму здалося — яна плыве. I яшчэ адна думка з'явілася: што клабук яе на царскую карону падобны — такая веліч і ў той жа час прастата былі ў ёй.

— Ну, ідзі, ідзі, застаяўся,— падштурхнула яго брамніца, і ён ціхмана падаўся да Ефрасінні. А тая раптоўна павярнулася і, аглянуўшыся на яго, пайшла.

На драўлянай лаве пад старой раскідзістай ігрушай ужо сядзеў тоўсты лысаваты мужчына з нездаровым азызлым тварам. Па вышыванай золатам расе пазнаў у ім Іаан епіскапа полацкага Іллю. Сумеўся спачатку — занадта разглядаў яго епіскап,— але хутка схіліўся ў нізкім паклоне. А той адразу ж загаварыў:

— Рэчы люд полацкій, што лепо храмы Божыі ставіш. Але ж то было не ў Полацку.

— Многа я па зямлі руськай хадзіў, многа ў майстроў вучыўся. Хвалілі яны мяне, гаспадзіне.

— Не гадзіцца гардыню вялікую мець. Госпад любіць смірэнне і пакору. — I, памаўчаўшы, дадаў: — Паклікалі мы цябе з сястрой Ефрасінняй, каб спытаць — а ці возьмешся пабудаваць такі храм, каб быў не горш за святую Сафію?

Недавер чуўся ў яго голасе. Іаан не ведаў — толькі што скончылася доўгая размова паміж епіскапам і Ефрасінняй. Апошні раз спрабаваў угаварыць той гордую ігуменню, каб запрасіла яна будаваць храм каго-небудзь з лепшых візантыйскіх майстроў. Не верыў ён, што дзеля такое справы можна знайсці тутэйшага чалавека. Праўда, епіскап ведаў, што Ефрасіння знарок ездзіла ў Бельчыцы, каб паглядзець на работу Іаана. Але ж там была драўляная царква Парасксвы-Пятніцы, а тут... І выгляд у гэтага смерда не надта ўжо самавіты — цыбаты, з маленькімі шэрымі вочкамі і шырокім кірпатым носам.

I ён пачаў распытваць Іаана:

— Ну добра, пастараешся. Але ж ты ведаеш, сыне мой: для гэтага вялікі талент патрэбны. Што, калі не зробіш усё як след?

Майстар падняў галаву. Ціхі быў у яго голас:

— Ну што ж. Можаш тады мяне, гаспадзіне, за раба паганым полаўцам аддаць.

Епіскап нахмурыўся. Дзёрзка і непаслухмяна адказвае яму смерд. Ён павярнуўся да Ефрасінні. Вось і яна — ціхманая, здаецца. Самая верная дачка царквы. I разумная, і пакорная. Але, калі захоча на сваім паставіць,— так будзе цябе пераконваць, што і не знойдзеш, як адказаць. Ад Бога ў яе такі дар, і не трэба папракаць яе. Ды каб не спрачацца.са смердам, сказаў ігуменні па-грэчаску:

— Растлумач неразумнаму. сястра, што не ўмешваецца царква ў справы людскія. Караць яго — не наша справа. Калі што не так зробіць — толькі сабе ганьбу і прынясе.

I, ткнуўшы прапахлую ладанам руку ў твар Іаану, развітаўся з ігуменняй і, незадаволены, пайшоў прэч.

— Хачу паслухаць, як мяркуеш ты пабудаваць царкву? — рукой паказаўшы, каб сеў, спытала ігумення. Голас у яе быў мяккі, твар — прыязны. Іаан раптам сумеўся.

Няўжо гэта праўда, што сядзіць ён побач з самой Ефрасінняй Полацкай? Яе славяць ва ўсім горадзе: багатыя — за мудрасць, бедныя — за спагаду і дабрату. Не раз чуў Іаан, як маліліся за яе людзі. Кожны ў горадзе ведаў, што ў манастыр пайшла яна зусім маладзенькай. Цётка-ігумення схавала яе там ад бацькі. I, як ні лютаваў той, спрабуючы вярнуць дачку дадому,— усё роўна выпрасіла тая дазволу ў спіскапа жыць пры саборнай Сафійскай царкве. Дзень і ноч перапісвала яна кнігі, якія потым прадаваў манастыр, а грошы аддавала жабракам. А калі, астыўшы, пабудаваў ёй бацька туг, у Сяльцы, манастыр,— перайшла ў яго, і з таго часу ідуць сюды ўсе, пакрыўджаныя жыццём, знаходзяць прытулак у яго драўляных сценах. Грамаце вучацца, і слава вялікая ідзе пра манастыр.