Звеніслава Барысаўна ўсё стаяла на каленях, затуліўшы твар далонямі, пальцы яе дрыжэлі. З сухім шоргатам, спачатку рэдка, затым усё гусцей і гусцей, стаў падаць за акном снег. Тоўстай белай посцілкай клаўся ён на плечы самотных ялін, засцілаў дрымотнае поле. Белым, нерухомым было ўсё наваколле...
Іаан адчуваў, што душа яго нібы разрываецца напалам. Хорам, які вырас на беразе Палаты, быў для яго нібы дзіця, ён гэтак жа гатовы быў аддаць яму ўсяго сябе, нічога не патрабуючы ўзамен. Гэта ж першая сапраўдная яго работа, мара, якая здзяйснялася на вачах! Але ён ведаў, што блізка тая пара, калі скончыцца будаўніцтва, і ён болей не прыйдзе на ціхі манастырскі двор, да старой ігрушы, не пачуе лёгкіх крокаў ігуменні і яе голасу. Яна ўжо не будзе пытаць у яго пра вапну, фарбу або прасіць-падганяць: «Калі ж храм асвячаць будзем?»
Іаан ведаў — яна ганарылася цудам, якое ўзнялося ў маленькім Сяльцы, храмам, нябачаным яшчэ ў зямлі Полацкай. Нартэкс яго складаўся з дзвюх частак: ніжняй — для багамольцаў і верхняй — для хору. Тут жа былі два невялічкія памяшканні — для самой Ефрасінні і сястры яе Звеніславы, што зусім нядаўна пастрыжана была пад імем Еўпраксіі. Гарызантальныя палосы цаглянай падмаляванай муроўкі і ружовай цэменкі прарэзаліся пілястрамі з паўкалонамі і вузкімі вокнамі, што былі ў два рады між імі. Вышыня апсіды павялічвалася чатырма тонкімі раманскімі цягамі. А ў сценах у каляровых узорах спляталіся кавалкі смальты, падабранай з вялікім густам і стараннасцю. Стройная, строгая, маналітная кампазіцыя царквы нібы ўвабрала ў сябе ўсё лепшае ў драўляным мясцовым дойлідстве. I гэта было нечувана—дасюль уся архітэктура Полацка ішла ад візантыйскай.
Ефрасіння любіла прыходзіць на будоўлю. Глядзела, часам брала ў далонь пясок або гліну, быццам узважваючы іх. Калі яна лёгкай хадой плыла ля царквы — змаўкалі грубаватыя насмешлівыя дзецюкі, з глыбокай пашанай схіляліся перад ігуменняй, і, на момант сустрэўшыся з вышэйшай, недасягальнай сілай — сілай духу, святлелі іхнія твары.
Ніколі яшчэ не адчуваў Іаан такога замілавання, душэўнага ўздыму і такой безнадзейнасці. Ён сам не ведаў, што з ім такое: то хацелася ўпасці на калені перад ігуменняй, як перад іконай, то душнай, цёмнай ноччу бачыў яе цёплыя пунсовыя вусны, мяккую іх прыпухласць. Недарэчнай і ненавіснай рабілася яму чорная манашацкая вопратка Ефрасінні. Ён палохаўся гэтых думак. Падаў на калені перад іконай святога Іллі. Але здавалася — яшчэ больш хмурнее цёмны лік святога, вось-вось вылеціць з яго малітоўна складзеных рук грымотная страла-пяруп. Тады кідаўся ён да Палаты і доўга плыў, па-мужыцку шлёпаючы рукамі і палохаючы рыбакоў.
Аднойчы, калі ён стомлены ішоў ад ракі, далёка перад сабой, у цьмяным месячным святле ўбачыў жаночую постаць, што набліжалася насустрач. Ен пазнаў Ефрасінню. Яму было няёмка, што яна зараз убачыць яго ўскудлачаныя валасы, босыя ногі, і ён паспешліва звярнуў у кусты.
Яна, задумаўшыся, ішла да Палаты, і нязвыкла было бачыць яе ноччу, на бязлюднай дарозе, што вілася па хмызняках. Яна прайшла зусім блізка, і ён адчуў ненавісны яму пах воску і ладану, што ішоў ад яе адзення: як варам абдало Іаана, і, не раздумваючы, пачаў ён красціся за ігуменняй. Першабытнае пачуццё паляўнічага абудзілася ў яго душы, знікла стомленасць і развага...
Жанчына спынілася на беразе Палаты, азірнулася. Ціха было вакол. Спакойна і звыкла расшпіліла і зняла клабук. Па плячах рассыпаліся густыя валасы. Потым гэтак жа нетаропка вызвалілася з чорнага свайго адзення і засталася ўдоўгай белай кашулі, з-пад якой упарта вытыркаліся грудзі. Закінуўшы рукі за галаву, пацягнулася, а потым павольна пачала спускацца да ракі. I раптам ускрыкнула ад жаху, убачыўшы побач цёмную мужчынскую постаць. Яна пахіснулася, але яе ўтрымалі моцныя рукі. І ад гэтага дотыку затрапятала цела, нечым далёкім-далёкім павеяла на яе. На кароткае, як маланка, імгненне ўспомніла тое, аб чым старалася забыць усе доўгія гады, як старалася забыць і многае іншае... Манастыр, куды яна прыбегла, каб навечна прысвяціць сябе Богу... Назаўтра — пострыг. А потым сястра Алімпія, дзябёлая, чырванашчокая дзяўчына, азірнуўшыся, сказала ёй у час малітвы: «Калі пойдуць усе на вячэрнюю малітву — бяжы, дзеўка, у канец саду. Там цябе Раман твой будзе чакаць...»
Яна, ашаломленая, нават не запыталася — адкуль ведае аб гэтым Алімпія? Хадзіла ўвссь дзень як у тумане, а калі празвінела біла, склікаючы ўсіх на малітву, кінулася ў сваю келлейку. Здзіўленая цётка зачыніла дзверы на вялізны жалезны замок і, не спытаўшы пляменніцу, чаму яна папрасіла аб гэтым, пайшла ўніз. Ефрасіння малілася, а з вачэй усё не сыходзіў нейкі туман. Ускочыла, кінулася да дзвярэй. Хоць апошні разок убачыць яго, прыхіліцца! Але дзверы моцна трымаў замок, жалезнымі кратамі было схоплена акно, і тады яна, не помнячы сябе, закрычала. А знізу чуўся ўсё той жа зладжаны манатонны спеў.