I цяпер памроілася, што гэта тое, няспраўджанае каханне прыйшло да яе, што вярнулася на імгненне дзявоцтва. І, адхінаючы даўнішні боль, тое незразумелае вар'яцтва, узрушанасць душы, яна ўскрыкнула тое, што сотні разоў паўтарала ў душнай келлі:
— Адыдзі, згінь, сатана!
Такая воля, страснасць і пераконанасць была ў яе голасе, што адразу ж разамкнулася гарачае, дужае кола ягоных рук, і, панурыўшы голаў, сказаў Іаан:
— Хай будзе так.
Гордая, уладная стаяла перад ім ігумення. Павярнуўшыся, ён пайшоў прэч. I не бачыў, што доўга стаяла над цёмнай ракой жанчына...
Вярнуўшыся ў сваю камору, Іаан рашуча пачаў збірацца ў дарогу. Складаючы свой небагаты скарб, зачапіў торбу — з яе пасыпалася начынне, і разам з ім вываліліся дзве дошчачкі з намаляванымі на іх Георгіем Пераможцам і Божай маці. Некалі ў вольны ад работы час займаўся гэтым.
Падняў дошчачкі, углядаючыся ў бледны, адрачоны твар Багародзіцы. Як жа яна была падобна да вобліку тае, каго ён кожную ноч бачыў у сне, каго ён ненавідзеў і адначасна любіў, і разумеў, што гэтая жанчына ніколі не будзе ягонаю. Пякучы боль паліў сэрца. І вось ужо ў вачах стаіць тое, што ён павінен зрабіць, перш чым пайсці адсюль...
Ён не мог дачакацца раніцы. Ледзь развіднела, пайшоў у Полацк да купца Света. Доўга перабіраў заморскія металічныя скрыначкі з фарбамі, разглядаў іх, падносячы да цьмянага, зацягнутага бычыным пузыром акна. Паглядзеў пэндзлі. А аддаўшы Свету ўсе да апошняй грыўні, яшчэ пастаяў, прагна гледзячы на тое, што не змог купіць. Нарэшце выйшаў, забыўшыся развітацца.
Другое жыццё пачалося ў Іаана. Днём да знямогі працаваў на будаўніцтве. А начамі, наглуха зачыніўшыся, дрыжачымі рукамі разводзіў фарбы.
I як быццам спадала з яго насланнё. Пры сустрэчы з ігуменняй ужо не білася шалёна сэрца, не спадала з вялікай вышыні. Паспакайнеў. Але ўсё роўна худнеў з кожным днём — твар ажоўк, як салома, паглыбелі вочы.
Усе сілы забірала нечуванае, ужо непасільнае для яго натхненне.
Уся палкасць яго, увесь нявыказаны боль быццам пераходзіў на гладка абструганую дошку, якую, як святыню, кожны вечар ён беражліва вымаў з торбы, захутаную ў кавалак суравога палатна. Яно пахла лёнам, спелымі яблыкамі, яшчэ нейкай асаблівай чысцінёй. Гэтак жа чыста і светла рабілася на душы Іаана. Такое пачуццё было ў яго, калі падстаўляў ён далоні першаму вясноваму дажджу і ротам лавіў цёплыя кроплі або, выходзячы раніцай з цёмнай курнай хаты, бачыў белае ад першага снегу наваколле.
Маці яго памерла рана, і рана паспытаў хлопчык гаркоту чужога хлеба. Быў той хлеб часта салёны ад сірочых слёз. Дзіваком з дзяцінства лічылі яго людзі. Мог ён гадзінамі ў нямым здзіўленні глядзець, як узыходзіць сонца. Нязграбны, у брудных лахманах, праз якія прасвечвала голае цела, ён у такія хвіліны змяняўся: маленькія шэрыя вочкі рабіліся вільготнымі і раптам сінелі, просты грубаваты твар лагаднеў, рабіўся прыгожы.
Трапяткую, трохі наіўную ўлюбёнасць у навакольны свет ён захаваў на ўсё жыццё. Як і ўменне да самых тонкіх, патаемных глыбінь душы адчуць прыгажосць і перадаць яе. Таму і любіў Іаан на жоўтых, прапахлых смалой дошках выводзіць дзіўныя, чыстыя першароднасцю пунсовых і залатых фарбаў узоры. Умеў маляваць ён і твары святых — была ў іх нейкая празрыстасць і строгая вытанчанасць. Але найвялікшай яго марай, яго радасцю было будаўніцтва. Нейкім асаблівым пачуццём успрымаў ён кожны дом, кожны храм. Як у людзях, знаходзіў у іх свае характары, свае адметныя рысы, і як людзей — любіў або раўнадушна абыходзіў.
I як святлела ў яго душы, калі ён глядзеў на царкву ў Сяльцы. Ціхімі летнімі вечарамі, калі маўклівая Палата яшчэ больш цішэла і рабілася бліскучай і гладкай, царква здавалася яму прыгажуняй з казачных далёкіх краін, захутанай у празрыстую светлую камку3.
А цяпер хацелася, каб самым лепшым тварэннем ягоных рук быў партрэт, які хаваў ён на сподзе старой торбы.
Набліжаўся час асвячэння царквы. У апошнюю ноч Іаан не спаў. Як толькі сцямнела, асцярожна выйшаў з каморкі, несучы загорнутую ў палатно дошку падкраўся да новай царквы, пралез у вузенькія бакавыя дзверцы. Сэрца шалёна калацілася, але ногі ўпэўнена неслі да царскіх варот. Злева ад іх была невялічкая ніша з абразом Маці Божай, прывезеным на асвячэнне з Полацка. Ён выняў яго, паклаў побач. Навобмацак знайшоў у сцяне драўляны цвік, павесіў прынесены з сабой абраз.