У яе сцямнела ў вачах. Пацягнулася ўперад, уладна ўскінула руку. Стала ціха. Ледзьве стрымліваючы злосць, сказала кату:
— Хопіць. Пакладзіце яго ў сані. Міласэрны Бог што нам казаў?
Кат выцер спацелы лоб. I яна — можа, першы раз за ўсё жыццё — адчула злараднасць, убачыўшы, як скрывіліся ў людзей твары.
«Чаму яны такія злыя, чаму?..»
Снег пранізліва рыпеў пад яе нагамі, калі яна цвёрда ішла да саней. Цяжка ўсеўшыся, уладна сказала манашцы:
— Назад, у манастыр...
Ён ужо не адчуваў болю. Была дзікая, да непрытомнасці, нянавісць і крыўда.
«Яны думаюць, што гэтым прымусяць мяне пакланяцца іх ісцінам, якія немаведама адкуль прывезлі на тутэйшую зямлю. Пабудавалі тут каменныя храмы, сілай заганяюць у іх людзей. Гавораць аб справядлівасці, праўдзе, а самі рабоў прымусілі працаваць на сябе. Багацці незлічоныя збіраюць у манастыры. Дзе ж іхняя справядлівасць, калі вакол бедныя ды галодныя? Дзе ж іх справядлівасць, калі на іх баку княжацкая дружына і княжацкі суд? А ён цяжкі, гэты суд! А мы збіраемся патаемна, нас цкуюць, як сабак, і ўсё-такі многія з нас усё яшчэ ідуць у лес, да сваіх багоў. Але, урэшце, нават не за гэта б'юць нас сёння. За непакорства. А мяне — за тое, што нядаўна на вечы казаў праўду пра бясчынствы баярскія. Бяруць тых юнакоў і дзяўчат з самых глухіх навакольных селішчаў і прадаюць у няволю. А ў апошні час пачалі нават недалёка ад Полацка людзей хапаць. У Друцеск, на старое дворышча, звозяць, а потым купцы туды прыязджаюць, у рот людзям, як коням, глядзяць.
Хіба ж праўду даруюць? Сам сабе хвігу ў кішэні паказвай, а на людзях ліслівы павінен быць і пакорны. А інакш — расправяцца і цераз дзесяць, і цераз пятнаццаць гадоў. Яны ж ніколі нічога не даруюць».
Ён успомніў дробненькі, з лісліва-ласкавым поглядам твар тысяцкага Якуна. Чырвона-шызы, з тоўстым мясістым носам — баярына Вікулы. «Кажуць, ён многа брагі мядовай п'е, таму і распух увесь. І сліна вечна цячэ.
На вечы яны абодва стаялі спакойна, нават усміхаліся. А калі проста паказаў на іх — схамянуліся, галовы ў плечы паўцягвалі, адмаўляцца пачалі.
А цяпер помсцяць. I не толькі яны. Многія з людзей полацкіх знакамітых разбоем не грэбуюць. Толькі ўсе робяць спадцішка. Ох, як ім не даспадобы прыйшлося тое, што ён казаў на вечы! Затое як хутка прычыну знайшлі, каб адпомсціць. Праз некалькі дзён у саборы аб'явіў епіскап, што досыць ужо цярпець у горадзе паганцаў: «драўляным ідалам яны моляцца, д'ябальскія ігрышчы спраўляюць, скачуць і крычаць, яко нячысцікі».
I вось яго караюць. За язычніцства. Але ж раней толькі ўшчувалі, а сябры-рамеснікі нязлосна кпілі, чаму дрэву ды грому ён пакланяецца. Колькі гадоў назад перабраўся ён у горад, але так і не адмовіўся ад веры бацькоў. Хоць не раз улешчвалі ды залатыя горы абяцалі. Ёсць жа нешта вышэй за золата ды багацце. Чэсць, сумленне. Хоць многім гэта, напэўна, смешна — адкуль яно ў смерда? Прывыклі людзі жыць у боязі, згінаць шыю перад кожнай знакамітасцю, нібы чалавек перастаў быць чалавекам, а ў вала перарабіўся. Не! Чалавек нарадзіўся свабодным, і гаспадары над ім не людзі, а багі, якія ведаюць усе патрэбы людзей, таму што жывуць побач. Нельга ад іх адмаўляцца, як і ад зямлі, на якой вырас! Як і ад праўды. Няхай забіваюць, сабакі, усё роўна пакаяння не дачакаюцца!»
Раптам перасталі сыпацца ўдары. Тады нясцерпна, нібыта трапіў у бочку з расолам, забалела спіна. Ён са стогнам узняў галаву. I здалося, што трызніць: знаёмы прыгожы твар перад ім. Праз туман гадоў і сетку тонкіх маршчын — вялізныя цёмныя вочы, тонкі прамы нос. А вышэй — чорны клабук з тонкай белаю аздобаю вакол. Манашка... Яна схіляецца перад ім, нешта гаворыць. Ён не чуе — глядзіць на яе, уздымаецца. I раптам млеюць рукі. I небыццё, як ранішні белы туман...
Павольна вяртаецца прытомнасць. Цёплы хлебны дух шыбае ў нос, як моцная брага. Ён ляжыць на нечым мяккім, галава павярнулася набок, і ён бачыць кавалак чорнай сукенкі і сухія белыя жаночыя рукі. Ён хоча ўспомніць, што здарылася з ім, і намагаецца падняцца. Але са стогнам падае тварам на лаву. А зверху голас — уладны,рэзкі:
— Нашто ўпарцішся ў веры сваёй паганскай? Не будзе душы тваёй спакою пасля смерці.
Яго нібы ўкалолі. Застагнаўшы, павярнуўся на бок. Прашаптаў:
— Не самі людзі прынялі хрысціянства. Агнём і мячом іх хрысцілі, і цяпер царкве тваёй кроў патрэбна. А я свабодным хачу быць. Нашто прымушаць верыць у тое, што ненавідзіш?