Выбрать главу

Вузкія аканіцы былі расчынены насцеж. Душнае. гарачае паветра ўлівалася ў келлю, што была на другім паверсе вялікага, з белага каменю пабудаванага манастыра.

«Чым гэта пахне? Лаўрам і трохі магноліяй — востра, рэзка. Чужы пах. Усё чужое»,— бязрадасна думала Ефрасіння.

«Здаецца, і манастыр тут такі ж, як у Полацку. Крыжы праваслаўныя. I нават Эфеская Маці Божая над галавой ёсць. Напэўна, таксама з Візантыі прыслалі яе ў Іерусалім. Але ў Полацку яна іншая: у золаце, у каменнях каштоўных. I майстэрства вялікага — пісана евангелістам Лукою Хрысавергам у Царградзе. Ды ўсё ж самай дарагой асталася для яе ікона Полацкай Божай Маці. I не таму, што тая з Ефрасінні самой была намалявана, а таму, што, зробленая не вядомым нікому полацкім умельцам, не горшай была яна за заморскую. Тады, на асвячэнні царквы разгневалася была яна на Іаана: здагадалася, што толькі ён зрабіў святатацтва — жывога чалавека ў выглядзе Божай Маці намаляваў, Але нішчыць ікону ўжо нельга было: народ полацкі цудам яе аб'явіў. З таго часу і вісіць яна ў Сяльцы і заўсёды стаяць на каленях перад ёю людзі,

Усё жыццё старалася яна, каб яе храм і манастыры вабілі да сябе сэрцы людскія прыгажосцю і дабратой, каб знаходзілі ў іх спакой і ачышчэнне ад зямных клопатаў.

А сама? Хіба не яны засланілі перад ёю ўсё жыццё? Будавала школы, вучыла пісьмснству, пісала кнігі.

Успомніла, як перад самым ад'ездам прыйшлі да яе пляменніцы Вольга і Кіпрыяна з просьбаю, каб яна пастрыгла іх у манашкі. Захопленыя славай цёткі, захацелі і яны прыпасці да крыніцы вечнай і несмяротнай.

Што ж, сапраўды нямала зроблена за гэтыя гады. Градыслава стала сапраўднаю памочніцай. Разумніца, хаця і ціхманая надта. Але два манастыры пакінула на яе — і ўсё, да чаго дакранецца сястра, будзе зроблена як найлепей. Ведала Ефрасіння, што назаўсёды развітваецца з малодшай сястрой. Прытуліла яе да сябе, калі ўдваіх засталіся ў келлі, і спыталася ціха:

— Усё жыццё пражылі з табой побач. Скажы, ці трымаеш за што крыўду? Адзінокай цябе пакідаю. А маглі б быць побач дзеці ды ўнукі...

Падняла галаву Градыслава, і зірнулі на Ефрасінню родныя, ужо трохі выцвілыя, але шчырыя вочы:

— Толькі ўдзячная табе, сястра. што мяне неразумную тады ўгаварыла. А дзеці і ўнукі... Там яны, мае дзеці, — і паказала на маладых манашак, што старанна капалі ў двары ямкі для дрэўцаў».

Ефрасіння перавяла позірк на Еўпраксію. Колькі размоваў паміж імі было — такіх, якія душу ўзвышаюць і працаваць клічуць! Шмат ведае стрыечная сястра — на памяць цытуе многія мясціны з «Шасціднева» Васіля Кесарыйскага, любіць спяваць кандакі Рамана Салодкапеўца, «Вялікі канон» Андрэя Крыцкага. Голас у яе рэдкі — нізкі, з адценнямі, якія нагадваюць салаўіныя спевы ў кустоўі, што абкружае манастыр у Сяльцы.

Еўпраксія адразу ж падышла да сястры, зірнула запытальна.

— Пра Полацк... успомніла,— з цяжкасцю прагаварыла Ефрасіння. — Зараз там... салаўі пяюць...

— А я любіла час, калі цвітуць журавіны. А пасля збіраць іх і брусніцы. Не, брусніцы спачатку. Сосны над галавой гудуць, пахне чаборам, а ты падаткнеш падол дый пальцамі ягады цягнеш з тоненькай галінкі, а яна не супраціўляецца... — падхапіла яе словы Еўпраксія. Але, убачыўшы, як палатнее на вачах твар сястры, хуценька пайшла да стала, звякнула шкляніцай і сярэбраным сасудам для пітва.

«Можа, я зашмаг клапацілася, каб манастыры мае ні ў чым не мелі патрэбы, дый занадта абцяжарвала сябе мірскім,— думала Ефрасіння. — Можа, з-за гэтага і не ўсе сілы аддала Богу. А ці даруе ён мне?

Будавала манастыры, а думала пра тое, каб яны ўпрыгожвалі Полацкую зямлю. Бо яна сапраўды любіла і любіць гэты прыгожы край. На гэтай зямлі яна ўпершыню ўбачыла зорнае неба, адчула, як распірае грудзі малады празрысты вецер, як пахне аерам цёплы рачны плёс. На ёй сустракала ўзыходы сонца і білася ад роспачы ла халодным шэрым камені. Тут спазнала каханне, чалавечае гора, радасць. І ніколі не ганьбавала тымі, хто не хацеў ісці ў царкву. Значыць, яна няверна служыла Богу?

Раман спытаў у яе: ці шчасліва пражыла жыццё? Павінна была б сказаць: «Шчасліва». Прысвяціла сябе Богу, марыла, што дасць ён яснасць думак, адкрые, у чым сэнс жыцця.

Яны, язычнікі, лічаць, што чалавек прыйшоў на свет, каб радавацца свайму існаванню, каб быць шчаслівым, свабодным. Для іх манастыр — смерць. Ім здаецца, што для шчасця ёсць зямля. I не патрэбна ім ні мара аб бессмяротнасці, ні ціхая пакорлівасць існавання. Яна ж таксама змагалася — супраць духоўнай цемры, за дабро, справядлівасць. I вось... Што сталася? I з ёй, і з тым, каму яна служыла, каму аддала свае сілы, моц, здароўе? Гаспадарамі над усім сталі гандляры. Часам і святары Епіскапы робяць тое, што прынясе храму багацце. А багацце — у нячыстых руках. I з кожным годам сіла духу падае перад сілай грошай. Куды дзявацца дабру і справядлівасці, якім яна вучыла людзей усё сваё жыццё? I таму няма ў душы радасці... А ўсё ж месца ў раі мне, напэўна, падрыхтавана»,— з сарказмам падумала яна. I тут жа пераадолела сябе.