Выбрать главу

Але Прадыслава была рада іхняму перасяленню: яна магла цяпер часцей выходзіць за горад, у адзіноце думаць пра тое, што хвалявала яе душу,— філасофскія развагі Платона і Арыстоцеля, свае ўласныя ўяўленні аб жыцці і смерці, аб сэнсе быцця. Вось і сёння яна пайшла на сваё звыклае месца — да каржакаватай старой бярозы, што адзінока стаяла на ўскраі жытняга поля.

Дарога адсюль збягала ўніз, і вакол, да самага небасхілу, была відаць раўніна з яе рознакаляровымі лапікамі сенажацяў, хмызнякоў і агародаў. Дзе-нідзе былі відаць маленькія постаці — гэта працавалі людзі. Такімі ж маленькімі, дробнымі здаваліся ёй іхнія клопаты. Паесці, адпачыць — вось і ўсё, аб чым маглі думаць гэтыя гарапашнікі ў карэлым адзенні і з вечным страхам у галодных вачах. Такімі яны прыходзілі на шырокі, утаптаны тысячамі ног двор яе бацькі. Прыходзілі, азіраючыся, нібы загнаная жывёла, і доўга чакалі, пакуль вынесуць драўлянае высокае крэсла з разьбяной спінкай, на якім любіў сядзець князь, разбіраючы іх скаргі. Яна ніколі не слухала іх, нават калі сядзела тут жа, на двары. У такія хвіліны яна звычайна глядзела на бацьку — як грозна хмурыліся ягоныя бровы, а на жорсткім, маршчыністым твары ўспыхвалі і святлелі халодныя зсленаватыя вочы Тады ціха рабілася на двары — баязліва выглядалі з-за дзвярэй сёстры, таропка хрысцілася маці. Адна Прадыслава ніколькі не баялася бацькі. I ёй хацелася толькі абняць і супакоіць яго.

Сонца сляпіла ёй вочы. Яна трохі адсунулася ў цень, бліжэй да бярозы, і адразу нешта ўкалола яе ў руку. Асот. Яна з памаганнем зламала сцяблінку і грэбліва адкінула яе. А потым зноў заплюшчыла вочы. I нібы ўбачыла тое, што было для яе самае дарагое,— кнігі... Вялізныя, цяжкія. Некаторыя нават падняць адной немагчыма. Яе рана навучылі чытаць і пісаць, але і дасюль помніцца, якімі мяккімі і трапяткімі рабіліся жоўтыя рукі Агнесы, калі яна гартала тоўстыя пергаментныя старонкі з дзіўнымі значкамі — літарамі. А потым гэтыя значкі перасталі быць для яе незразумелымі, ды ўсё роўна захавалася ў душы таямнічасць, з якой яна сама ўпершыню дакранулася да кнігі.

Вось і зараз у яе святліцы ляжыць актоіх, дзе ёсць вершы Грыгорыя Назіанзіна і Іаана Дамаскіна. Гучныя радкі іх, нібы на крыллях, нясуць у незвьгчайны свет...

Забыўшыся пра ўсё, яна не пачула крокаў. Здрыганулася ад нечага голасу, расплюшчыла вочы і борзда ўсхапілася з травы.

Высокі хлопец у расхрыстанай палатнянай кашулі стаяў перад ёю. Яна імгненна ўгледзела яго русыя з залацістым адлівам валасы, шырокія плечы, босыя ногі, якія патаналі ў густым цёплым пыле. Сустрэла яго позірк. I — сумелася. Вылецелі з галавы ўсе ганарлівыя словы, якія хацела сказаць смерду княжацкая дачка. Столькі юначай шчырасці і захаплення было ў яго твары — мужным, але яшчэ з дзіцячай прыпухласцю вуснаў і шчок.

«Які незвычайны твар! — падумала яна. — Рэдкая гармонія і вытанчанасць рысаў. I чамусьці здаецца знаёмым. Але я ўпершыню бачу яго!»

Як азарэнне, прыйшоў раптам успамін — ніша Неа Моні на Хіосе. Славутая мазаіка старажытных майсгроў. I апостал Іаан з Прэабражэння. Толькі ён быў суровы, няўмолыты, а гэты — зусім хлапчук. Над вуснамі залаціцца пушок. А цела — як у мужчыны — моцнае. I загарэлае.

I ён не зводзіў вачэй з дзяўчыны. Яна стаяла перад ім у доўгім палатняным адзенні, аздобленым па падоле бліскучымі каменьчыкамі. У саф'янавыя чырвоныя пантофлікі былі абуты маленькія ногі. На грудзях — залатыя грыўні з лунніцай і медальёнамі — нетутэйшай работы. Нетутэйшы быў і твар — смуглявы, з вялізнымі чорнымі вачыма і тонкім прамым носам. Толькі тоўстая каса была попельна-русая, як у тутэйшых дзяўчат. I — залаты абруч на галаве.

— Ты хто? — нарэшце выдыхнуў ён. І зрабіў крок наперад, працягнуўшы да яе рукі. Чырванню палыхнуў дзяўчынін твар. Запознены сорам агарнуў яе — загледзелася на незнаёмага, ды яшчэ на каго — чорнага чалавека! Але чамусьці неставала сіл павярнуцца і пайсці. Гарачая хваля падступіла да самага сэрца, і яно затахкала часта-часта.

— Князёуна! Князё-о-оўна! — пачуўся крык.

Да іх бегла дзеўка з княжацкага двара, махала хусткай.

— Вас князь кліча! Сваты зноў прыехалі! — яна аж захлыналася словамі.

— Князёўна?!

Прадыслава бачыла, як змяніўся твар у незнаёмага. Упалі, як крылы ў падстрэленай птушкі, ягоныя рукі. А ў вачах з'явілася такая туга, што Прадыслава не вытрымала — крута павярнулася і амаль пабегла па пыльнай дарозе. Гарачы пот заліваў ёй вочы, а яна ўсё бегла і толькі адчувала саланаваты смак на вуснах...