Выбрать главу

Хлопец памкнуўся за ёй, але перад ім пагрозліва ўстала прыслужніца. I тады, не памятаючы сябе, ён схапіў яе за плечы, ускрыкнуў:

— Як клічуць яе? Кажы — як?!.

I, спалоханая яго страснасцю і неўтаймаванасцю, ціха адказала тая:

— Прадыслава... Толькі нашто табе гэта. Раман?

2.

Бацька не прыехаў яшчэ з палявання, і Прадыслава адзінока сядзела ў сваёй прасторнай, па-візантыйску абстаўленай святліцы, Яна сама абставіла яе так — усходнія мяккія пуфы ля светла-арэхавага, з гнутымі ножкамі стала; на дубовых паліцах ля сцяны, зацягнутай аксамітам,— кнігі. У куце — ложак, накрыты празрыстым полагам, які вялікімі складкамі ападаў на падлогу. Ля акна — пазлацаны іканастас, прывезены з Царграда.

Бацька ні ў чым ёй не пярэчыў — яму падабалася гэтая раскоша, тонкі густ дачкі, якую ён паважаў, як раўню. Нездарма ідзе па Полацку слава аб ёй. Вялікім розумам і прыгажосцю надзяліў яе Бог. Не было ў яго і няма цяпер нікога больш блізкага, чым Прадыслава. Што будзе з малодшых — невядома. Сын Давыд — мякка-чуллівы, увесь у маці. Градыслава больш пярсцёнкамі ды колтамі — завушніцамі — цікавіцца. Зойдзе да маці і крадком у бронзавае люстэрка глядзіцца, розныя там заморскія арафамы — пахкасці — нюхае. Добра, што жонка не надта захапляецца вадой духмянай ды прыціраннямі — толькі тады, калі даводзіцца ісці да вялікага князя-брата, паслоў іншаземных сустракаць. А вось тое, што зусім не цікавіцца ні румянкамі, ні каштоўнымі камянямі, ні сукнямі Прадыслава,— тое не ўхваляе бацька. «Мужчынскі розум у цябе, дачка! — бывала, скажа ён, ласкава пагладзіўшы яе па схіленай галаве. — Але Бог цябе парадзіў жанчынай — значыць, мусіш быць замужам, падабацца мужу». А дзве малодшыя — ат, што з іх, баб, возьмеш. Адны пярсцёнкі, колты ды анучы розныя іх цікавяць!

Старэйшая дачка ведала гэтыя развагі, але не карысталася сваёй уладай у доме. Наадварот, усяляк выказвала сваю пакору бацьку.

Вось і ўчора, калі папрасілі яе ў вялікую грыдніцу, дзе чакалі сваты, яна перш-наперш падышла да яго, нізка схілілася ў паклоне. Потым падышла да сватоў, што прыехалі ад тураўскага князя Рагвалода. Двое — князі. Астатнія ж, відаць, баяры. Усе ў дарагім адзенні, урачыстыя. Асабліва князі. У аднаго — зялёны, ніжэй калень, каптан. Паверх — карзно сіняе з чырвоным, зашпіленае на плячы барвовай запонай з залатымі пялёсткамі. Зяленыя вастраносыя боты на нагах. У другога — высокая сіняя шапка з чырвонымі навушнікамі. А каптан — малінавага колеру і залаты пояс.

Усё гэта яна добра разгледзела, калі яны гаварылі пра князя Рагвалода. Гаварылі з пыхаю, але ёй чамусьці не хацелася слухаць — як жа, прыехалі купцы! А яна — тавар.

Добра хоць, што бацька дае ёй поўную свабоду. Таму, па звычаі абнёсшы гасцей чарамі з віном, яна, хаваючы ўсмешку, паставіла сваю чару, нават не паднёсшы яе да вуснаў, і з цікаўнасцю глянула на гасцей. Яны пакрыўджана заміргалі, але сцярпелі адмову, пакланіліся на развітанне спакойна і ветліва.

Князь Георгі нічога не сказаў ёй. Думаў, напэўна, што для яе і лепшыя жаніхі знойдуцца. Балюча перажывае сам, што ніколі не сесці яму на пасад — самы малодшы ён з Усяславічаў, і многа сыноў у старэйшых братоў. Дык яе хоча за ўдзельнага князя аддаць, каб хоць дзедам вялікага князя — унука будучага — пабыць. Вось яшчэ праз гэта ён так клапоціцца пра яе, сваю дачку.

Падарыў учора яшчэ адну кнігу — багатую, з залатымі і чырвонымі застаўкамі. Сабраны ў ёй павучанні са Свяшчэннага Пісання і некаторыя думкі з кніг грэчаскіх пісьменнікаў. Некалі чытала яе, але на грэчаскай мове. А гэта кніга — на мясцовай, славянскай і зроблена тутэйшымі майстрамі — чарняцамі Васілём і Фёдарам. Нямала грыўняў аддаў за яе бацька спіскапу святой Сафіі, затое ж кожная літара выведзена — вачэй не адвесці. Старонкі, чуваць, пахнуць мятай, на якой настойвалася кінавар. Яны яшчэ чыстыя, свежыя. Яна так чакала гэтай кнігі — у яе ж толькі грэчаскія тут, у Полацку. Але сёння яе думкі заняты іншым, зусім іншым.

Малодшы князь учора глядзеў на яе, саромеючыся, і ў той жа час амаль не адводзіў вачэй. А яна была халодная і спакойная. Адмовіла сватам і нават не задумалася — а чаму?

Не хацела нялюбага? Баялася, што знікне свабода, у якой жыла цяпер? Яна і сама не ведала. Але жыла з учарашняга дня ў ёй нейкая незразумелая трывога. Усплывалі ў вачах залацістыя валасы, загарэлы разумны лоб — адкуль ён узяўся ў смерда? I наогул — чаму яна так многа думае пра яго?