У пакой уплыла чалядніца Брачыслава з вітай васковай свечкай у руцэ. Кінула трывожны погляд на гаспадыню. Якая яна прыгожая, гэтая Прадыслава! Аксамітная доўгая сукенка, вышываная сухім золатам, лягла бліскучымі палосамі ля ног. На шыі — каралі з зялёных каменняў з бліскучымі іскрынкамі. Задуменныя вочы глядзяць у кнігу.
Грэшнай здаецца Брачыславе просьба яе стрыечнага брата Рамана — угаварыць князёўну паглядзець сёння вечарам свята Ярылы, што Купаллем завецца. Забараняе яго царква. Брачыслава — хрышчоная, але... Так хочацца ёй павесяліцца з ранейшымі сяброўкамі, забыцца пра ўсё — як стаў халопам яе бацька, узяўшы за сябе прыгожую Марыну з двара князя Георгія. Забраў князь у двор і яе, дачку першай жонкі-нябожчыцы. Несправядліва гэта, ды толькі каму ж паскардзішся? Яшчэ раней плакала яна каля ног бацькавых, маліла яго не жаніцца з Марынаю. Але той нібы розум страціў — адпіхнуў яе нагой і пайшоў на княжацкі двор. А праз два гады пачаў заляцацца да Марыны нашэптнік княжацкі Астрамір. Ды і яна нібыта хіліцца да яго пачала; заўсёды грыўні ў яго вадзіліся, падарункамі яе занаджваў бранзалетамі меднымі ды завушніцамі празрыстымі заморскімі. Маўчаў бацька. Звярэў паціху. А калі злавіў аднойчы прайдзісвета ў цёмным кутку з Марынай — не вытрымаў: апусціў свой вялізны кулак на шышкаватую, з рэдзенькімі шэрымі валасамі Астраміраву галаву.
Судзілі яго назаўтра тут жа, на двары. Прывязалі да дрэва, і князь, успамінаючы нейкі статут Яраславаў, прысудзіў халопа, які асмеліўся ўдарыць вольнага чалавека, біць да смерці. Ніколі не забыць Брачыславе, як крычма крычаў бацька і як сканаў у цяжкіх муках. А яе ўсё роўна не адпусцілі на волю. Прыставілі да маладой князёўны. I ўжо звыклым стала паднявольнае жыццё. I толькі часам, калі пачынала думаць пра ўсё, слёзы засцілалі вочы. Але, дзякуй Богу, ніхто гэтага не ведае. I ўсё ж назаўсёды яна запомніла — трэба далей ад княжага гневу і княжай ласкі трымацца.
Калі ўчора Раман зайшоў да яе цёткі, да якой яна прыбегла крадком, і падахвоціўся правесці да самага горада, яна адразу зразумела, што нешта тут не так. Бачыла ж вочы свайго брата стрыечнага, калі стала ўпоперак яму на дарозе. Але ўсё роўна просьба Раманава ашаламіла. «Здурнеў ты!» — прыкрыкнула. А ён нечакана ўпаў перад ёй на калені, нібы перад іконай, а ў самога вочы — як непрытомныя. Ажно спалохалася. I — згадзілася.
А цяпер вось стой перад князёўнай, маўчы. I ўсё чамусьці бацькава смерць успамінаецца. Напэўна, таму, што цячэ і ў яе гаспадыні кроў князя Георгія. Бязлітасная, прагная кроў...
Брачыслава схамянулася, калі на руку пырснула растопленая кропля воску. Яна войкнула. I адразу цёмныя вочы князёўны ўкалолі яе. Ссунуліся тонкія бровы. А ўбачыўшы руку, лёгенька ўстала, пайшла да чорнага, з нетутэйшага дрэва сундучка. дастала нейкі белы парашок у празрыстай пасудзіне. Прысыпала апечаную руку. Боль імгненна сціх.
«...А ўсё-такі добрая яна»,— падумала чалядніца. I — асмялела.
— Ці не хочацца паглядзедь князёўне, як простыя людзі свята спраўляюць? — спыталася яна і ўжо зусім ціха сказала: — I мой брат стрыечны, Раман, там будзе. Вы ўчора яго бачылі. Помніце?
Перамяніўся твар у князёўны. Адвярнулася яна. Пайшла да акна. Пастаяла там, вярнулася. I, нібы гаворка ішла аб нечым звычайным, адказала спакойна:
— Ну што ж, пойдзем.
Рана засынаў княжацкі двор. Здаецца, зусім нядаўна сцямнела, а ўжо ўсюды — цішыня. І ўсё роўна якім доўгім здаецца шлях ад яе святліцы да сяней. Праз грыдніцу праходзячы, Прадыслава яшчэ раз блаславіла бацькава паляванне: змарыўшыся, грыдні1 спалі, нават добра не павячэраўшы. А звычайна тут у гэты час яшчэ шумна — ідзе вячэра. На сталах — і мяса, і рыба, і сыры розныя -шчодра выплачваюць бацьку даніну ягоныя селішчы ды вёскі. Так і ходзяць лыжкі, карчагі ды браніцы. I бацька тут— вясёлы, п'янаваты. Любіць ён баляваць. «Вялікім князем» называюць яго тут хаўруснікі, і таму не скупіўся ён на пачастунак.
Успомніўшы пра бацьку, Прадыслава ўздрыгнула і яшчэ шчыльней загарнулася ў пурпуровы, з дыямантавай засцежкай плашч — падарунак маці. «I цікава, што будуць рабіць бацькі, калі даведаюцца, дзе сёння яна была? Матуля, канечне, будзе моўчкі плакаць у сваёй святліцы. Яна стала зусім чужая. А бацька? Пабаіцца за свой гонар. Баіцца, каб не паднялі яго сям'ю на смех. Асабліва асцерагаецца брата Барыса — вялікага князя полацкага. Той не прапусціць нічога, за што можна было б папікнуць.
Але ўвогуле князь Барыс — добры, толькі вось заклапочаны ён адносінамі паміж ім, вялікім кпязем, і астатнімі шасцю братамі, сынамі дзеда Усяслава Чарадзея. Казаў неяк бацька, што палымяная кроў дзедава ва ўсіх іх бушуе, ад таго бываюць нязгоды паміж Давыдам, Глебам, Георгіем — ды і іншымі. Тады збіраюцца браты ў Сафіі і там, у храме, супакойвае іх епіскап. Нездарма ж храм названы так — сапраўды, нібыта лунае над ім Мудрасць Божая — Сафія...