Але, папраўдзе, што, калі дазнаецца князь Барыс пра ейнае падарожжа? Давядзецца апраўдвацца: хацела, маўляў, паглядзець, як смерды Купалле спраўляюць. Дзед Усяслаў, бывала, сам праз вогнішча ў маладосці скакаў, дый і ў старасці любіў глядзець, як іншыя, падабраўшы адзежыны, перамахвалі праз чырвоныя каснікі агню. Але ці паверыць мудры дзядзька? Гляне пранікліва, і здасца, што вочы кудысьці ў самую глыбіню душы зазірнулі...»
Уявіўшы сабе твар дзядзькі, Прадыслава ледзь не павярнула назад. Але глянула на чалядніцу, што нетаропка шыбавала ўперадзе, і зноў паскорыла крок. Яны ўжо былі за гарадской сцяной. Ціха і цёмна было на бязлюднай дарозе. Наперадзе, над чорным няроўным сілуэтам блізкага лесу, узнімаўся вялізны чырвоны маладзік. Даўно не бачыла Прадыслава такой ночы. Дома клаліся рана, калі толькі пачынала шарэць. Праўда, яна яшчэ чытала пры свечцы — ды ўсё роўна, хіба многа ўбачыш з вузкага акна святліцы? Кавалак зорнага неба ды двор. А цяпер яна ішла па цёплай яшчэ дарозе, а ў твар злегку дыхала халаднаватая вільгаць ад Дзвіны, і дзяўчына сама сабе здавалася бездапаможнай і маленькай у гэтай неабдымнай прасторы. Дрэвы выдавалі нерухома-чорнымі, аблітыя чырванаватым святлом, а зоркі спусціліся нізка і былі вялізнымі, жывымі.
I Брачыслава перамянілася. Твар пабляднеў, вакол вачэй — вялікія цені. Ад гэтага твар здаецца незнаёмым, нібы ў душы смяецца яна з князёўны, завабіўшы яе немаведама куды. Прадыслава моцна сціснула кулакі, пазногці ўпіліся ў далонь. Сцяла зубы, каб не выдаць свайго страху.
Аднекуль збоку пачулася песня. Яна ўсё шырылася, і вось ужо бліснула святло. Некалькі крокаў — і дзяўчаты выйшлі на шырокую лясную прагаліну. Ярка гарэла вогнініча, пастрэльвала вугольчыкамі. Дзяўчаты ў саматканых андараках, зрэбных кашулях з металічнымі недарагімі грыўнямі на шыях і хлопцы ў вышытых кашулях вадзілі вакол яго карагод. Брачыслава спынілася.
— Падыдзем? — слыталася, і было відаць, што яна прагне быць там.
— Ідзі адна, я пагляджу адсюль.
Прадыславу балюча ўкалола тое, што тут, у лесе, дзяўчына гаварыла з ёй, нібы з раўнёю. Але тая, здаецца, не чула. Пырхнула птушкай да вогнішча. Прадыслава прысела на сухі невысокі пянёк. Некалькі дрэў засланялі яе ад чужых вачэй, а сама яна бачыла ўсіх, хто быў на прагаліне. Дзівілася яна, якія вясёлыя, адкрытыя твары ў іх! Няма ні страху, ні прыніжанасці. Гэта таму, што тут яны — гаспадары, тут ніхто іх не абражае, не гоніць.
І Брачыслава з імі. Расчырванелася. Трымае яе за руку нейкі хлопец, а ў яе ўсмешка з вуснаў не сыходзіць. А як спявае! I песні тут зусім другія, чым дома, імклівыя, жартоўныя. Ад іх і самой спяваць хочацца і бегаць тут, ля вогнішча, і скакаць. Ну які тут грэх? Проста весяляцца людзі. Вунь высокі, цыбаты чалавек так смешна, па-жураўлінаму раскінуў ногі і рукі, скачучы цераз полымя. Дзяўчына, забыўшыся пра ўсё, звонка засмяялася. I здрыганулася ад нечаканасці — перад ёй стаяў Раман. Чырвоныя водбліскі агню клаліся на ягоны твар. Радасць, неўтаймаваная дзіцячая радасць была на ім.
— Вось добра, што свята... І ты тут!
— Паганскія ігрышчы святая царква забараняе,— упарта сказала Прадыслава, апусціўшы галаву, каб не бачыць гэтай ягонай радасці.
— Паганскія? Дурненькая ты. Гэта ў вашай царкве сумна, ні радасці там, ні цеплаты. Нашы багі добрыя, таму што яны не на небе, а на зямлі жывуць. Разам з намі. Пойдзем, я табе пакажу іх.
Не чакаючы адказу, узяў яе за руку. I дзіўна было Прадыславе, што яе, княжацкую дачку, вядзе, як раўню, за сабой просты чалавек. Але самае нязвыклае, ад чаго кружылася галава, было тое, што ёй невыказна добра і трывожна з гэтым русавалосым хлопцам у лапцях.
А ён ішоў па лесс, нібы гаспадар. Прыгінаў галіны, дакранаючыся да іх, нібы да жывых. I Прадыславе ўжо зусім не страшна была цемра, яна ішла побач з Раманам, і сном — доўгім, трапяткім сном — здаваўся дотык дужага гарачага пляча. Нібы ўсё гэта ўжо было з ёй калісьці — дзе, як? У сне ці другім жыцці?
«Можа, я ніколі не нараджалася і ніколі не памірала, была заўсёды — як гэтыя яліны, як гэты маладзік?»
Вузкая сцяжынка прывяла іх да Дзвіны. I яны сталі проста над абрывам. Над імі вісеў маладзік — ён ужо быў невялікі, як сярэбраная грыўня, і казачна-прыгожымі здаваліся ў яго святле зямля і лес. Унізе блішчала і пералівалася, як дарагая плашчаніца, волная роўнядзь.