— Тут недзе жыве мая знаёмая русалка,— шапнуў Раман. I, нібы ў пацвярджэнне гэтага, ціхі плёскат пачуўся ў рацэ. — Яна заўсёды падганяе да мяне рыбін. Яна добрая. Калі плаваю — жартуе. Пырскае з-за кустоў. Але хутка іхні дзень, адсвяткуюць яго — і канец гульням іхнім. Пачнуць з дрэў падаць.
— I што ж яны, забіваюцца?
— Напэўна ж, бо нават спяваюць тады:
— Шкада яе, тваёй русалкі.
— Нічога. Яна вясной зноў ажыве. Прыйдзе на старое месца.
— А вунь там, пад старым дубам, жыве лясун. Ён насмешнік, але, калі пакінеш яму арэхаў у дупле, ніколі не кране. Чуеш — ён гаворыць елкам, каб яны цябе не калолі. Прадыславе здавалася — яна сапраўды чуе невыразны шэпт. Яна раптоўна паверыла Раману, гэтай сярэбранай ночы. Тут гаварылі дрэвы, густа, да дурману, пахла хвояй і жылі добрыя, незвычайныя істоты, пра якія — Прадыслава цяпер помніла гэта — казала ёй бабка Рагнеда. Бабка так і не стала сапраўднай хрысціянкай. Яна хадзіла ў хорам, але ў цераме стаялі не іконы, а драўляны бог Сварог, маленькі і пачарнелы ад часу. На покуце віселі нейкія травы, і пахла гэтак жа, як і цяпер, у начным лесе. I міжволі ў памяці Прадыславы паўстала даўняе: яна з парэзаным пальцам прыбегла да бабулі, а тая, схіліўшыся, шэпча над ёй чараўнічыя словы:
— Русалкі-сястрыцы, дайце кропельку вадзіцы, загаіце рану Прадыславе-дзявіцы. А я бяду па глыбокую ваду адвяду...
Яна раптам паўтарыла іх услых. А Раман узрадаваўся. Вочы яго засвяціліся.
— Бачыш, і ты ж вырасла з гэтай зямлі. Ты — наша. Людзі кажуць, што продак твой —- вялікі Усяслаў — ад варажбы нарадзіўся. I гэта кроў у табе загаварыла словамі старымі.
Ен змоўк. Другія словы ўжо гатовы былі сарвацца з яго вуснаў, але ён стараўся стрымаць іх — баяўся напалохаць дзяўчыну. А яна глядзела ўніз — там ярка гарэла саламянае пудзіла, і дзяўчаты зладжана спявалі:
Яна адчувала, як у яе жылы атрутай уліваліся гэтыя словы, зачароўваючы і адбіраючы сілы. Ёй раптам стала страшна, нібы зараз павінна было збыцца нешта незвычайнае. Міма прабегла дзяўчына, за ёй — хлопец. Яны заліваліся смехам. Хлопец схапіў яе за плечы, павярнуў да сябе. Яна замоўкла, і раптам у цішыню ўварваліся словы. Першароднай страсцю веяла ад іх, нібы гэтыя двое былі адны на зямлі.
Прадыслава не магла нават зварухнуцца. I з ёй побач быў Раман. I калі ён працягнуў да яе гарачыя рукі, яна памкнупася да іх, увайшла ў іх кола. Адчула, як моцна і востра пахла хвояй, але знайшла ў сабе сілы — і адштурхнула.
Недалёка ад Дзвіны, у высокім густым ельніку, стаіць будан. Ніхто нават днём не знойдзе яго: для гэтага патрэбна доўга, хаваючы твар ад калючых галін, ісці ў глыб ельніку. Каму будзе ахвота лезці ў такі гушчар?
Але толькі сцямнее і ў небе зазіхаціць першая вячэрняя зорка — тады маленькая, да самых вачэй захутаная дзявочая постаць асцярожна прабіраецца ў будан. Там яе ўжо чакаюць.
— Любая мая, любая, любая! —I лбом — у яе калені. Доўга не размыкае рук. А потым вуснамі знаходзіць яе вочы, бровы. Яны мяккія. I прыгожыя. Але зараз ён гэтага не бачыць. Пазней, калі пабляднее неба, ён будзе прагна ўглядацца ў іх, запамінаць — на цэлы доўгі дзень. Ды толькі мала адведзена тых імгненняў — будзе спяшацца Прадыслава, будуць дрыжаць яе рукі, і зноў словы, якія ён хоча сказаць ёй, будуць цэлы дзень ірвацца з сэрца: «Любая мая, любая, любая!»
А вось яе вусны. Гарачыя, нецярплівыя. I — салёныя.
— Што з табой, Прадыслава? Ты плачаш? Навошта? Навошта — гэта ён добра ведае. Але, нягледзячы на ўсе спатканні, не пройдзеная імі мяжа. Занадта ён кахае яе.
— Табе добра са мной, Прадыслава? Добра? Хіба гэта грэх, калі нам так добра?
Ён лашчыць яе, як малое дзіця. Гушкае на сваіх каленях, і яна супакойваецца.
— Раман, ты мне так і не расказаў пра купальскую ноч.
Пра яе столькі цудаў расказваюць. Хацела гэта зрабіць Брачыслава, але я не згадзілася — ты ж раскажаш мне лепей.
— У купальскую ноч зямля раскрывае перад чалавекам усе свае багацці: выбірай, што хочаш. Але злыя духі не даюць: калі ўсе людзі будуць шчаслівыя — што ж застанецца на зямлі рабіць?
— Чаму ты не пайшоў шукаць тое, што зямля раскрывае перад чалавекам? — Яна ведае, чаму. Але ж такі ўжо чалавек, асабліва жанчына, што ёй хочацца бясконца чуць адпо і тое ж, калі яно прыемнае. I ён адказвае:
— На Купалу ўсе папараць-кветку шукаюць. I я яе шукаў. І вось бачыш — знайшоў. Такой ні ў кога больш няма.