Выбрать главу

— Якая Шапакляк? Што ты выдумала.

— Сапраўдная Шапакляк! Яна прыходзіла мяне разам з бабуляй з сада забіраць!

— А госпадзі, гэта ж трэба прыдумаць! — ахнула Мар’я, калі здагадалася, пра што гаворыць малая. I сапраўды, Усцінка была якраз тая старая з мульцікаў, якія паказваюць па тэлевізары дзецям.

За вячэраю Мар’я расказвала пра тое, як да яе з’явілася нечаканая госця і як назвала яе Леначка, і ўсе разам весела смяяліся.

12

— Вылазь, дэсант!

Дзверцы «лятучкі» адчыніліся, і шафёр, белабрысы, коратка астрыжаны, насмешліва глядзеў на Лазоўскага, які мяглюевата меркаваў вылезці з машыны, каб не скакаць на зямлю.

— Чаго, Тавот, не спяшаеш памыцца?

Лазоўскі нічога не адказаў. Ён прывык маўчаць на кепікі. Ссутулены, у кірзавых ботах нават у гарачыню, чорны з твару і ад мазуты, ад сонца і ветру, ён не любіў многа гаварыць.

Куляшу падумалася, што Лазоўскі старэйшы за яго на гадоў шэсць, а ён быццам і памятае яго гэтакага ж старога і карчукаватага, і вечна ці на трактары, ці калі ідзе на работу альбо вяртаецца з зашмальцаванай, прапыленай і прамазучанай палявой сумкай, якой, здавалася, гэтулькі гадоў, колькі і Лазоўскаму. Ён больш звыклы быў за рулём трактара, нават не цяперашняга «беларуса», а таго, першых выпускаў, яшчэ без кабіны.

Кулеш раптам паспрабаваў уявіць сябе, гэтакім жа сагнутым, скурчаным ад работы, у быццам адной і той жа шэранькай картовай рубашцы, у картовых штанах у свята і ў будзень. Аддаў замуж дачку, купіў машыну ў падарунак, унукі растуць, а ён усё не можа разагнуцца.

Можа, ад гэтага суседства Куляшу здалося, што ён зусім малады яшч? лёгкі. Недзе звінела ў ім маладая, здавалася, і забытая ўжо струна, і, можа, ад гэтага апошнім часам ён не адчуваў стомленасці. Кулеш удыхнуў востры пах пылу, які яшчэ не асеў пасля машыны, цёплае вады і балота, недалёкага сасновага бору.

— Ну, мо ссадзіць дзеда? — насмешліва папытаўся ў Лазоўскага Бранавец. Чарнявы, з густымі кудлатымі валасамі, крышку крываногі, ён стаяў на зямлі, як матрос на палубе, і яго чорныя зладзейскія вочы насмешліва глядзелі на Лазоўскага. — Дазарабляўся!.. Кулеш вунь, як выпустачак, нагой падрыгвае.

Лазоўскі цяжка гопнуў ботам на дарогу і пайшоў следам за механізатарамі, да масткоў, якія дугой выгіналіся да абсаджанага ніцымі вербамі астраўка.

— Пайшлі з намі, Міша, — запрасіў ён шафёра.

— Не, тавоцьцеся самі. Мне яшчэ, можа, прыйдзецца ў Слуцак ехаць.

— Табе вечна некуды ехаць. Скора к Верцы ў евангелісты запішашся! Пайшлі, Васільевіч, заадно і абмыемся трохі!

Бранавец не мог і тут прамаўчаць. Ён хватка, як чапляючыся ўсё роўна нагамі за зямлю, пайшоў наперадзе.

Кулеш, Жэнік — малады, круглатвары мужчына ў камбінезоне, новенькім і чыстым, быццам ён і не пры камбайне хадзіў,— і Васілеўскі ішлі паволі, як адпачывалі ўсё роўна.

Зажурана вечарэла. Ля возера павявала няхай і цеплаватым, але халадком, вадзяным духам, а ўся гарачыня і спякота сабралася і стаяла зараз там, над палеткамі, дзе сонца, нібыта нейкая касмічная гаспадыня ў вялікай сваёй печы, даводзіла, дапякала цэлыя палі збожжавых караваяў.

Праз некалькі дзён яны, гэтыя няўклюдныя, самавітыя людзі ўвойдуць туды, у тую летнюю печ, у гарачыню, і тады лета быццам зложыцца ў адзін доўгі і спякотны дзень. Нават за ноч не будзе астываць зямля і цела ад гарачыні. I ночы прапахнуць водарам свежай збажыны, залацістай, не пацямнелай, свежай саломы. Гэты пах будзе перамагаць не толькі ў наваколлі, але нават і ў майстэрні ён будзе ўладарыць над пахам саляркі і мазуты.

Можа, таму зараз адвячорак здаваўся нейкім кароткім зацішкам, кароткім святам вады і сонца.

Кулеш яшчэ пастаяў на мосціку, прытрымліваючыся за жэрдачку-парэнчу, удыхаў пах вады, а мужчыны ўжо раздзяваліся на траве пад вярбой. Лазоўскі скінуў толькі боты і па-салдацку павесіў анучы на халявы, выцягнуўся на траве. Жэнік, круглы і шустры, быў ужо ў адных даўгаватых сямейных трусах, мацаў нагой ваду. Бранавец падпорваў Васілеўскага:

— Чаго ўжо сеў і суслу ўпёр у зубы? Раздзявайся і спаласніся. Трыццаць год мужчыну, а як мохам аброс. Кэхкэх! Раздзявайся, а то пакупаю, як парсюка, адзетага!

— Ай, толькі гразь размажаш… Фёдаравіч прыедзе, перакусім, тады…

— Тады цябе і не купаючы выкручваць можна будзе! — абазваўся Корзун, які сцягваў цераз голаў рубашку.

— Хто б абазваўся, а не ты! — агрызнуўся Васілеўскі і ўсміхнуўся з Корзуна — той стаяў, як пабелены. Недарэмна яго дражнілі — Здор.

— Ты са мной пацягаешся? Я паўлітра вып’ю і не маргну. А цябе ад сто грам у бакі вядзе, як пеўня.