— Што ў Вас?
— Зарэгістравацца, — адказаў Уладзімір.
І тады адчуў хвалю.
Што такое? Адкуль гэтае пачуццё страху і адчування прорвы наперадзе ды сваёй бездапаможнасці?
Паслужлівая памяць умомант выцягнула з глыбіні свядомасці той самы дзень, калі такая самая хваля накрыла яго, прымусіла знерухомець, забрала ўсякую мажлівасць хоць пальцам варухнуць, а ў галаве роспачна білася думка: усё прапала, усё прапала! І немажліва было, ніяк немажліва хоць нешта змяніць!
Тады ім было па дзесяць гадоў — Уладзіміру і ягонаму сябру Толіку. Дарога да школы ішла паўз малады густы хвойнік, праставала на бальшак. І Уладзімір, і Толік не любілі ўрокаў гісторыі, ненавідзелі і баяліся настаўніка — крыклівага Георгія Зіноўевіча, якога ў школе дражнілі за вочы “Кульбам”. Ім старшакласнікі зазвычай палохалі чацвертакласнікаў: “От Вам Кульба пакажа! Умомант адправіць назад у трэці клас!”
І здарылася такое. На другім занятку Георгій Зіноўевіч спытаўся хатняе заданне ў Толіка, той пачаў мямліць і заікацца. Ён то, можа, і ведаў урок, бо вучыў, усе вучылі — баяліся ж, але Кульба зароў:
— Не ведаеш? Ідзі бяры сваю торбу, складай кніжкі — і ў трэці клас! І скажы, што гэта я цябе адправіў! Ідзі!
Толік заплакаў. Стаяў ля парты, хапіўся за яе бераг, як за выратавальную саломінку, і плакаў. Але ў класе ніхто з яго не засмяяўся. Кульба пабачыў слёзы, мабыць, застаўся задаволены, бо пасадзіў Толіка на месца і сказаў:
— Дарую на першы раз. А ад заўтрашняга дня хто не адкажа — буду выганяць!
Настаўнік стрымаў сваё слова — не аднаго вучня яшчэ спрабаваў выгнаць у трэці клас, але скора ўсе зразумелі, што трэба толькі заплакаць — і сядзеш на месца. За месяц заняткаў “выгнанні” скончыліся. Аднак калі Георгій Зіноўевіч падымаў цябе, а ты не вывучыў — было страшна. Так крычаў — уся школа чула. І потым паспрабуй адкажы добра на наступным уроку. Ужо як адзін раз паставіць “двойку” — не злезе...
Неяк правучыліся восень і зіму. А навесну, калі снег цалкам зышоў з вясковай вуліцы і добра прыгрэла, выйшлі з дому раней, зайшлі ў хвойнік і — далей у лес, шукаючы якую бярэзіну: неслі з сабой слоік, нож і загадзя змайставаны з кансервавай бляшанкі латок — каб спусціць сок. Пакуль будуць у школе, накапае поўны слоік! Далей-далей адходзілі, мінулі малады хвойнік, углыбіліся ў стары лес і напароліся на былы акоп з часоў вайны. Акопаў, амаль зарослых, было ў лесе нямала. І гэты быў зарослы. Але ж у такім месцы ён быў — не ўгледзець. Тут і бярозка расла сярод густых ялінак, крывая ад камля, так і цягнула зрабіць падсечку, паставіць слоік пад латок, з якога хутка-хутка пакаціліся першыя каламутныя, з парушынкамі кроплі, а потым закрапалі чысцюткія. Не ўтрымаліся, пачакалі, хвілінку, калі набяжыць па два глыткі — і паспрабавалі першы ў годзе бярозавік: халодны, саладкаваты...
Вярнуліся са школы, то ўжо напіліся ўволю: слоік быў поўны, сок выцякаў на зямлю. Каму першаму прыйшла ў галаву думка пра зямлянку — невядома. Але перакусіўшы, памчалі ў лес. Рабілі зямлянку ў старым акопе. І потым штодня крадком прыходзілі. За месяц тут узнік сапраўдны штаб: вялікая, у ёй можна было стаяць, старанна замаскаваная зямлянка. Сюды яны ўцякалі з урокаў гісторыі. Спакваля абжываліся рознымі рэчамі: зэдлікам, сталом на паленцах. Былі тут і сухары, і сок у пляшках. Раскопваючы акоп далей, напароліся на рэшткі кулямётнай стужкі з пяццю ржавымі набоямі. І тут ужо іх апанаваў такі азарт, што прагульвалася не толькі гісторыя — цэлыя дні. За месяц яны знайшлі і раскапалі некалькі акопаў. Дзясяткі паедзеных іржой патронаў, дзве гільзы з-пад гарматных набояў невялікага калібру. Найкаштоўнейшае — аўтамат ППШ з цалкам згнілым прыкладам, іржавай руляй, цяжкі і вялікі... Але яны былі пэўныя, што змайструюць прыклад, адчысцяць рулю, і ў іх будзе сапраўдны аўтамат.
Эх, як добра тут марылася!
Той ранак быў дажджысты, волкі. Ужо буяў бэз пахучымі купамі ля старой школы, лічаныя дні заставаліся да летніх канікулаў. А ў Толіка нечакана разбалеўся зуб, і ягоная маці зранку аўтобусам павезла сына ў мястэчка. Ісці без Толіка ў школу, калі там першым урокам гісторыя? Ага, зараз... І Уладзімір крадком збочыў у хвойнік, разгледзеўся ўпярод: ці не сочыць хто за ім. Як быццам, ніхто не сачыў.
У зямлянцы было зацішна і суха. Запаліў агарак свечкі, дастаў цыгарэціну, што украў у бацькі. Падпаліў, паспрабаваў зацягнуцца, закашляўся... Хацелася навучыцца курыць па-даросламу, узацяжку, каб здзівіць Толіка: той прыедзе з выдраным зубам, а перад ім зацягнуцца глыбока і доўга выпускаць дым. Кашляў, галава круцілася — кінуў цыгарэту і прылёг на самаробны тапчан: жэрдкі з лапнікам. Мякка, не заўважыў, як заснуў...