Ён падняўся з-за стала, крэкнуў, выпрастаўшы спіну, пайшоў да хаты.
Уладзімір сядзеў, курыў. Жабін “канцэрт” змоўк, было ціха. Драч недзе ў цёмным лузе раз-пораз падаваў свой голас, як бы падкрэсліваючы цішыню наваколля, ды пырхалі вакол лямпачкі мятлікі. На душы ў Уладзіміра было і спакойна, і разам сумна. Пачуццё, якое ад полудня даганяла Уладзіміра, урэшце сфармавалася ў пэўнае перакананне: як жа тут не стае жанчыны! Як недарэчна: быць ім двум, здаровым мужчынам, сярод такога хараства і ўтульнасці, займацца справай, недалёка ад людзей, але заставацца самотнымі і разам, і кожнаму паасобку. Тут бачылася незразумелая пакуль што штучнасць, несапраўднасць. І вось цяпер Уладзімір зразумеў Антосяў настрой наконт ягонай будучыні: так, хутар са сваім гаспадаром выглядаў чужым і непатрэбным у існай сістэме дачыненняў і каштоўнасцяў.
Старанна патушыў на сподачку недакурак, узняўся і асцярожна, каб не апячыся, крутануў гарачую лямпачку. Цемень, якая аж выцяла па вачох, нібыта падвяла рысу пад ягонымі думкамі: вось і гаёчак, і хутар, і думкі, і памкненні могуць заўтра знікнуць беззваротна, як знікла святло лямпачкі. І ўсё зноў стане аднолькавым.
6
На ноч Надзея не вярнулася: Алесь, падумаўшы, не стаў і тэлефанаваць: на лецішчы, куды паехала сястра да сваёй сяброўкі, сувязь была не вельмі добрая. Калі яна сама не тэлефануе, мабыць, занятая. Яна не першы раз выпраўлялася туды — дапамагала з градамі, за што сяброўка аддзячвала гароднінай. І нанач, бывала, заставаліся: на лецішчы ёсць маленькі, але ўтульны дамок, электрычнасць. Часам там збіралася цэлая кампанія жанчын, настаўніц: далей ад дзяцей і іхных бацькоў яны маглі сабе дазволіць тыя радасці, якія настаўніку даводзіцца хаваць.
Назаўтра Алесь вярнуўся з універсітэта да поўдня — узяў работу з сабой.
Сястры дома не было. Ну так, яна сёння мусіць быць у школе. У яе працоўны дзень. Значыцца, з лецішча раніцай і паехалі...
У кватэры было трохі вусцішна. Нечакана ціха. Нават на двары не чуваць гоману, хіба што машыны.
Дзіўна трохі, лета ж, канікулы пачаліся, але двор між трыма шматпавярховікамі быў амаль пусты. На дзіва бязлюдны і сцішаны. Нейкі замёрлы.
“От жа, загулялася, а паесці нічога няма”, — падумаў Алесь пра Надзею без асаблівай крыўды, і, пакуль што адклаўшы ўбок свае паперы, паставіў грэцца ваду: нічога не заставалася як варыць пельмені. Добра, што іх запас у маразільні быў заўжды.
Усё ж набраў Надзею. Механічны голас паведаміў, што “абанент знаходзіцца па-за межамі дзеяння сеткі”. Мабыць, разрадзілася батарэя, а зараднага з сабой не ўзяла.
Хацеў выйсці пакурыць на балкон.
Праходзячы праз вітальню, пачуў ціхае шкрабанне жалеза аб жалеза — нехта з пляцоўкі калідора спрабаваў патрапіць ключом у замочную шчыліну.
Па ўсім целе імкліва пабеглі дрыжыкі, Алесь застыў, разгублены: што цяпер рабіць? У ягоную кватэру нехта хоча залезці. Нехта чужы, відавочна ж, падбірае ключы.
Што рабіць?
Алесь нібыта збоку пабачыў сябе: голы па пояс (было горача), у адных спартовых нагавіцах, у шкарпэтках. У руках — нічога, і ён не паспее ў іх хоць нешта ўзяць, дый няма тут чаго ўзяць у рукі, малаток і той недзе ў каморы. Нож? Алесь павярнуўся і асцярожна пераставіў нагу ў бок кухні, пільна прыслухоўваючыся да дзвярэй. Ці паспее? Хоць малаток, якім Надзея адбівае мяса.
Замок у цішыні кватэры суха і гучна пстрыкнуў раз, потым другі. Ручка павольна пайшла ўніз.
Алесь замёр.
Дзверы расчыніліся.
Менш за ўсё Алесь чакаў убачыць сястру. Хоць гэта здавалася б зусім лагічным вось цяпер, удзень, сястра прыйшла палуднаваць. Але яна ніколі вось так, цішком, не адмыкала замка, таму нават думкі не мільганула, што за дзвярыма — Надзея.
Яна стаяла ў пройме дзвярэй, а агіднае адчуванне бяды ўсмоктвала Алеся ўсяго цалкам: ён раптам зразумеў, што з сястрой здарылася нешта страшнае, непапраўнае, страшнейшае за смерць мужа, маці, за бацькаву няпамяць. Бо такой Надзея ніколі не была.
Пакамечаная, у брудных плямах, салатавая спадніца і белая блюзка, раскудлачаныя і дрэнна прычасаныя валасы, цёмная пляма на назе — след ад удару, няйначай — ад калена левай нагі цягнулася вышэй, пад спадніцу. Усё гэта сведчыла пра гвалт над ёй. Але самым страшным быў Надзеін пагляд: яна глядзела на Алеся і быццам не бачыла яго. Мільганула недарэчная думка: Надзея п’яная. Але адразу знікла — на шэрым, нечакана маршчыністым твары застыла грымаса перажытага шоку. У вачох быў не проста боль — там быў жах.
Першы раз за сваё жыццё Алесь адчуў такі востры жаль да сястры. І разам з жалем — сваю асабістую бездапаможнасць і нікчэмнасць, бо Надзеін пагляд сведчыў пра тое, што ўжо нічога не змяніць. Раней бяда прыходзіла да іх дваіх, яны дзялілі яе разам, цяпер жа нешта невядомае праклала між братам і сястрой мяжу: сястра стаяла па той бок, дзе была яшчэ невядомая яму, Алесю, жудасць, а сам ён — тут, дзе цішыня кватэры, дзе зараз забулькоча вада ў рондлі, пакліча кінуць туды пельмені.