Выбрать главу

Яна не плакала і не скардзілася на жыццё. Сказала, што аборт рабіць не будзе, але яе маці пракляне і выжане з дому, калі яна народзіць без бацькі. І куды ёй падзецца, калі яна туліцца ў інтэрнацкім пакойчыку, які ёй праўдамі і няпраўдамі выбіў загаднік кафедры? І калі Алесь хоча, каб ягонае жыццё належала яму самому, калі хоча, каб яго навуковая кар'ера ішла, як ім задумана, яна не будзе яму замінаць. Не будзе прасіцца замуж, але ён мусіць з ёй распісацца. Штамп у пашпарце яму нічым не шкодзіць, пазней яны развядуцца. Калі хоча, то і шлюбную дамову можна аформіць. Але яна не будзе нараджаць дзіця без бацькі, яна не хоча яму будучыні безбацькавіча.

Алесь быў расціснуты, як выпаўзак на ходніку. Адна нейкая частка яго сутаргавата білася, праклінаючы той вечар і тую ноч, і ўсе іншыя ночы, і сваё подленькае задавальненне ад іх, сваю бязвольнасць іх пазбыцца, а рэшта ў ім сцялася ў гатоўнасці падпарадкавацца ўладнай моцы гэтай маладой жанчыны, яе нечаканай драпежнасці, абы далей... потым, пасля, ўсё было як і раней: ён адзін і ягоная навука.

Яны падалі заяву на рэгістрацыю шлюбу, трэба было чакаць належны тэрмін. Тоня нервавалася, некуды хадзіла-ездзіла, але здалася: не выйшла “прыспешыць працэс”. Яна болей не прыходзіла да яго на ноч, хоць ён і запрашаў, абяцаючы пад тое, што не будзе настойваць на блізкасці, але Тоня аднеквалася: “А як я сама не вытрымаю? А я баюся...”

Неяк на тры дні яна была знікла, узяўшы раптам адпачынак за свой кошт, не папярэдзіла, не адказвала на тэлефанаванні. Сяброўкі ў інтэрнаце сказалі, быццам бы паехала дадому.

Урэшце яна з’явілася. У заўсёдных джынсах і кашулі. Жывот у яе быў плоскі і роўны, як і некалі. А твар сухі і паніклы. Тоня яму нічога не пажадала казаць, толькі прамовіла, сцяўшы вусны, нібы каму чужому, нібы на нейкім страшным допыце: “Не адна я вінаватая...”

Ён зразумеў, што адбылося страшнае.

Алесь заўважаў самыя розныя позіркі, спачувальныя і асуджальныя, адчуваў тыя позіркі спінай. Ён разумеў, што і сяброўкі Тоніны, і яго знаёмыя, і выкладнікі на кафедры думаюць, нібыта гэта ён, Алесь, запатрабаваў ад маладой жанчыны такой страшнай ахвяры — зрабіць аборт. Цяпер ужо толькі рэгістрацыя іх шлюбу, жыццё разам давалі яму мажлівасць давесці ўсім і самому сабе яго невінаватасць і прыстойнасць. Адчуванне віны вырывалася вонкі абавязковай пяшчотай і ўважлівасцю да Тоні, гатовасцю выконваць яе жаданні, нешта рабіць, некуды хадзіць, абы яна даравала яму... Што даравала? Гэта было няважна.

І тое самакатаванне мо доўжылася б бясконца, калі б неяк яго не спыніла на калідоры, не запрасіла на гутарку выкладнік кафедры Алена Адамаўна, колішняя матчына сяброўка. Яна першы год пасля той заўчаснай смерці апекавалася Алесем, дык і цяпер гаварыла з ім як маці з сынам-небаракам.

— Ты выбачай мне, я не маю права лезці ў тваё жыццё, але тут маўчаць не выпадае... Антаніна не была цяжарная, не вінаваць сябе, — проста сказала яна. — Я яе тры разы бачыла, і ўсе гэтыя тры разы я заўважала... Каб вы, мужчыны, былі уважлівейшымі, вы б самыя здагадваліся, дзе цяжарнасць, а дзе падвязаны жывот. Невялікая хітрасць...

Алесь у той момант адчуў сябе тым самым маленькім хлапчуком, якога цёця Алена крадком ад маці частавала шакаладнымі цукеркамі, калі прыходзіла да іх на гасціны.

— Калі б гэта датычыла толькі пачуццяў, я змаўчала б, — асцярожна працягвала Алена Адамаўна. — Але калі аднойчы Антаніна прыйдзе ў тваю кватэру на правох жонкі... Яна застанецца там гаспадыняй. Нічога не паробіш — такія норавы цяперашнія, яна — прагматычная маладая саміца, для якой важна замацавацца ў горадзе, займець жыллёвую плошчу. Можна асуджаць яе, можна не асуджаць, але варта разумець, што калі яна атрымвае — ты аддаеш. Аддасі цяпер? У цябе вялікая кватэра, тры пакоі, сястра жыве асобна... Але надыдзе час, ты сустрэнеш сваё каханне. І што будзе тады? Таму, Алесік, сваё мужчынскае шкадаванне пакінь на іншы выпадак. Цябе выкарыстоўваюць, нельга так прыніжаць сябе, дазваляць ашукваць...

Алена Адамаўна яшчэ пра нешта гаварыла, пыталася пра планы, пра рыхтаванне кандыдацкай, пра хуткі палявы сезон. А Алеся паліла пачуццё сораму. Пад канец размовы ён адчуў, што яго літаральна ўтрымалі над безданню — так, сапраўды, бо менавіта сёння ён збіраўся ісці ў пашпартны аддзел, каб прапісаць Тоню ў кватэру.

Тое, што адбылося ў той вечар, наклала адбітак на ўсе далейшыя дачыненні Алеся з жанчынамі. Падалося, што ён неверагодным спосабам патрапіў у фільм жахаў, дзе лагодная, усмешлівая жанчына раптам пераўтвараецца ў страшную ў сваёй лютай нямозе пачвару-крывасмока. Ставала аднога слова “не” на адказ аб прапісцы і намер забраць заяву з загсу. І Тоня, тая Тоня, якая ўсе мінулыя месяцы была чуйнай гаспадыняй і ласкавай каханкай, стала істэрычнай фурыяй. Алесь маўчаў, не вінаваціў у падмане, не ўпікаў. Ён сціснуў зубы і, нібы заклён, паўтараў сам сабе думку, што неўзабаве кончыцца, пройдзе, мінецца ўсё, а ягонае жыццё зноў стане спакойным і акрэсленым.