І вось паводзіны ўчастковага, цалкам незразумелыя яму пакуль што, падказвалі, што ніякага апраўдання самога сябе можа не адбыцца.
Ехалі нядоўга, хвілін дзесяць.
Участковы выйшаў з тоўстай скураной тэчкай, адчыніў заднія дзверцы. Лобач выйшаў без запрашэння.
— Слаўка, ты едзь сабе. Я тут паперы аформлю, там і палуднаваць пара. Потым іншае.
Слаўка-кіроўца нічога не адказаў, УАЗік ірвануў з месца. Лейтэнант зняў фуражку, не гледзячы на Лобача сказаў:
— Хадземце.
На першым паверсе звычайнага жылога дома ён прыпыніўся перад дзвярыма, абабітымі бляхай і памаляванымі ў цёмна-зялёны колер, адамкнуў іх, расчыніў, пачакаў, пакуль увойдзе Лобач.
Пакой быў невялікі, са старой мэбляй: два сталы літарай “Т”, шэраг драўляных крэслаў уздоўж сцяны, шафа, высокі металічны сейф. Краты на акне. На сейфе — фотаздымак дзіцяці ў рамачцы. Мапа гарадскога раёна на сцяне з пракрэсленымі незразумелымі чырвонымі і сінімі лініямі.
— Сядайце, — лейтэнант кінуў сваю фуражку, што нёс у руках, на крэсла побач, паказаў Лобачу на крэсла пры стале. Разгарнуў скураную тэчку і сказаў, не адрываючы вачэй ад папер перад сабой: — У мяне на ўчастку сямнаццаць былых “зэкаў”. Яшчэ падлеткі на ўліку, праблемныя сем’і. План наведванняў — штодня. Па ўсіх трэба складаць справаздачы. І вось цяпер дадалося яшчэ: абысці пяцёра такіх, як ваша сястра, правесці прафілактычную гутарку, аформіць паперы. Вы шмат пішаце? Ведаю, шмат. Але наўрадці болей за мяне... Сёння я думаў пабываць ва ўсіх па справе маўклівых пратэстаў. Пяць хвілін на кожнага. Вы першы — і я змушаны цяпер што? Афармляць вас як дробнага хулігана за непадпарадкаванне міліцыі і паклёпніцкае абвінавачванне яе?
Участковы зірнуў у Лобачаў твар.
Лобач пабачыў стомлены позірк маладога мужчыны. Пэўна ж, у яго ёсць жонка, дзеці (вунь жа, картка на сейфе).
— Да сястры і праўдзе зараз нельга, — міжволі вінавата адказаў Лобач. — Яна... захварэла. Я не ведаю, што рабіць... Яна баіцца людзей...
Участковы нічога не адказаў, дастаў некалькі аркушаў паперы, пачаў пісаць. Мінула хвілін пяць поўнай цішыні.
— Вось, падпішыце тут, за сястру, яе роспісам. Што яна папярэджаная пра адказнасць за мажлівы паўтор сваіх дзеянняў. Тут падпішыце, што прафілактычная гутарка з ёй праведзеная, ёй усё зразумела...
— Свой подпіс паставіць? — разгубіўся Лобач.
— Не... як сястра распісваецца, — цярпліва патлумачыў участковы.
Ён пачакаў, калі Лобач паставіць подпісы, склаў паперы, колькі секунд думаў, паляпваючы пальцамі па стале.
— Мая бабуля ў маленстве расказвала адну казку, пра тое, адкуль якія людзі павяліся. Быццам Бог стварыў чалавека, Адама, а той нарадзіў сыноў шмат, а дачку адну. І ўсе сыны хацелі ажаніцца. Тады Адам узяў гаршчок, паклікаў сыноў, і тыя сталі з яго вымаць розных стварэнняў. Хто выцягнуў ваўчыцу, ажаніўся з ёй — пайшлі людзі злыя і небяспечныя, лісу — хітрыя, мядзведзіцу — моцныя... Помніце такую казку?
— Ведаю, — разгубіўся Лобач ад нечаканага пераходу. — Я падобную казку запісаў гадоў пяць таму, казка аўтэнтычная, значыцца, аналагаў не мае. Дзе жыве ваша бабуля? — прафесійная звычка ўзяла верх, абудзіла цікавасць.
— Дык мая бабуля вам яе і расказала. Потым вы даслалі свой артыкул з гэтай бабулінай казкай, дзе былі яе імя і прозвішча, і там у артыкуле было напісана, што казка такая адзіная. Бабуля не магла паверыць, што яе імя надрукавана ў сур’ёзным часопісе, што яна адна ва ўсёй краіне ведае такую казку. Усе суседзі прыходзілі падзівіцца... Бабуля той часопіс хавала за абразом... памерла тры гады таму. Вось... Да пабачэння! — нечакана скончыў участковы.
— Да пабачэння... — Лобач устаў з-за стала, не ўсведамляючы яшчэ, што ўсё скончылася, што ён можа вось цяпер выйсці адсюль, і ўсё вернецца на месца. Але мусіў прыняць факт як сапраўдны. Ён выходзіў, а ўчастковы нехаця, здавалася, са старанна прыхаванай агідай, перабіраў у сваёй тоўстай тэчцы паперы.
На вуліцы асляпляльна выцяла па вачох сонечнае святло — аж замружыўся на імгненне, начапіў акуляры. Дастаў мабільнік. Дзіўна, званка ад студэнта, Уладзіміра Жабруна, больш не было. А часу мінула ж нямала. “Размінуліся”, — падумаў Лобач, пайшоў на прыпынак аўтобуса — трэба было пад'ехаць пару прыпынкаў, каб зноў апынуцца ў сваім двары.
На душы было пуста і... прыкра. Алесь успомніў тую самую бабульку, якая апавяла яму казку. Запомніліся яе рукі, з цёмнай, бліскучай і, на выгляд, надта тонкай скурай, пасечанай сотнямі вялікіх і малых зморшчынак. У бабулькі былі вялікія рукі, выпіралі косткі і костачкі пальцаў, рыхтык на руках не засталося мяса, адно косткі былі абцягнутыя завялікай для амаль высахлых рук скурай. Бабулька трымала рукамі свой просты арэхавы кіёчак, пакручвала яго ў руках, соўгала сюды-туды па зямлі. Верх кіёчка ў яе пад рукамі быў выгладжаны да цёплага бляску. Хацелася дакрануцца да яго, каб упэўніцца ў яго бездакорна роўнай паверхні.