— Вас мужчыны баяцца, а я жанчын баюся, — прызнаўся Лобач і сцісла пераказаў свае колішнія дачыненні з лабаранткай. — І як перамкнула мяне, — скончыў з усмешкай. — А як там Надзея? — змяніў ён тэму.
— Не перажывайце, я ж сказала — яна будзе спаць. Яе сон вылечыць. І Уладзя... — спакойна адказала Ганна.
Яна паслала Алесю на першай палове хаты, на раскладзенай старэнькай канапе.
— Кладзіцеся, я потым падыду, — сказала яна зноў тым самым мяккім загадным тонам, і Лобач сцяўся: навошта яна падыдзе?
Ён распрануўся, лёг, з прыемнасцю адчуваючы наперадзе шмат гадзін бесклапотнага сну — таго, чаго не меў апошнія дні. І толькі Ганніны словы непрыемным халодным цвіком застыгнулі ў мозгу: яна прыйдзе? Прыйдзе — і ляжа да яго? Але ж... гэта не трэба. Цяпер не можна — там хворая сястра. Гэта проста няправільна — яны колькі гадзін таму пабачыліся. Калі так будзе, то пад нагамі знікне той самы цвёрды грунт, які ён адчуў на Уладзявым падворку, зноў з’явяцца зыбкая балаціна і затаптаныя кладкі... Не, не трэба...
Ён прыслухоўваўся да гукаў на другой палове дома, падавалася — чуў шоргат адзення. Уявілася — зараз яна стане каля яго ў доўгай вышыванай белай кашулі, з распушчанымі па плячох валасамі. Не трэба...
Рыпнулі дзверы, Лобач сцяўся, але зірнуўшы на Ганну, сэрца шчасліва тахнула: яна была адзетая ў тое самае, у чым сядзела пры стале. У руках трымала доўгую запаленую свечку. Лобач здзівіўся.
— Заплюшчвайце вочы, — ціха загадала яна.
Пстрыкнуў вымыкач, Лобач адчуў цемру, што ахінула пакой з агеньчыкам свечкі, што прабіваўся праз павекі.
Ледзь чутныя крокі — і на ягоны лоб лягла цёплая пяшчотная Ганначкіна далонь.
— Новым разам лепшым часам на чатыры бакі роднай зямлі пакланюся, памалюся, да Кветкі вярнуся. Новым разам лепшым часам на чатыры бакі роднай зямлі пакланюся, памалюся, да Кветкі вярнуся. Новым разам лепшым часам на чатыры бакі роднай зямлі пакланюся, памалюся, да Кветкі вярнуся. Ад святла яе, што ёсць, пачалося, а калі не ад святла, каб не збылося. На пустой зямлі Кветка цвіла, гарэла-сагравала, Алеся зберагала... — чуў Алесь заспакаяльны, але нечакана сур’ёзны, хуткі Ганнін шэпт.
У Лобача здзіўленне знікла ўжо на першым сказе жанчыны. Яе голас гучаў не ў вушах — у галаве, нібыта ён ішоў ад далоні жанчыны, расцякаўся па ўсім целе цёплай хваляй. Думкі сталі блытацца, нешта Лобача закалыхвала, назад-уперад, уверх-уніз. Малая частка ягонай свядомасці яшчэ супраціўлялася, жыла праз сваю прафесійнаю звычку адгукацца вось на такія словы, і недзе ў глыбіні розуму клаліся на палічку развагі: “Новым... лепшым часам...” Так, звычайны пачатак замоў, патроенае паўтарэнне, адсыланне да пачатку стварэння свету... пустой зямлі... так, тады нічога не было... кветка? Чаму кветка? Павінна быць дрэва...” Але мозг урэшце адмовіўся аналізаваць. Лобача пагойдвала. Уверх-уніз. Яшчэ і яшчэ, яшчэ і яшчэ. І раптам ён зразумеў, што ён — зусім-зусім маленькі, а на ягоной галоўцы ляжыць матчына рука. Лобач усхліпнуў, перапоўнены нечаканай пяшчотай, і праваліўся ў глыбокі, светлы сон.
4
— Дзед... Яна там моцна спіць? — запытаў Антось ва Уладзі.
— Моцна, — пільна зірнуўшы на Антося, адказаў Уладзя. — Ідзі, зайдзі...
Антось пабыў у доме з хвіліну, не болей. Выйшаў з нейкім чужым, напружаным тварам, моўчкі пастаяў на ганку, варушачы сківіцамі, як расціраў нешта зубамі.
— Паехалі, Валодзька! — гукнуў ён, потым спыніўся: — Дзед, нічога не трэба? Я там хлеба свежага набыў, сталічнага, малако?
— Не трэба, мне людзі сёння прынеслі, — адказаў Уладзя. — Едзьце сабе.
Да самага хутара Антось не вымавіў ні слова. Уладзімір таксама маўчаў. Ён, вядома ж, адзначыў для сябе і Антосява пытанне да выкладніка аб прозвішчы жанчыны, і ягонае жаданне пабачыць самую жанчыну. І яшчэ Уладзімір згадаў, як насцярожылася была сама жанчына, Надзея, калі ён праз тэлефон назваў Антосява імя. Усё складвалася ў простую схему, няхай сабе і мала пэўную, кіношную. Але Уладзіміра зусім не здзіўляла тое, што Антось мог сустрэцца з колішнім сваім каханнем. Так ці гэтак, а людзі ўсё адно перасякаюцца, то чаму б не сустрэцца ім вось гэтак? Тут Уладзімір не бачыў і ніякай прыхаванай непрыемнасці, наадварот, тое пачуццё, якое яшчэ на парозе Лобачавай кватэры падказвала слушнасць дзеянняў, цяпер нібыта аддзячвала яму спакоем. Адразу стала спакойна на душы. Толькі вось стрэмкай захрасла трывога ад той настойлівай цікавасці, якую выявіў Антось да прозвішчаў міліцыянта і суддзі.
Трывога спраўдзілася ў Антосявым пытанні, калі яны спыніліся ля ягонага дома. Антось заглушыў рухавік, але не спяшаўся адчыняць дзверцаў. Сядзеў, моцна сціснуўшы руль, моўчкі глядзеў перад сабой. Уладзімір таксама не спяшаўся выходзіць. Ён бачыў, што Антось нешта рыхтуецца сказаць.