Выбрать главу

— Я мушу сказаць вось што... Маё стаўленне да цяжарных жанчын нехта зразумеў як мажлівасць мяне падманваць. Таму проста папярэджваю: заўважу падман — і ў студэнткі будуць вялікія праблемы са здачай экзаменаў. Я дарую шмат чаго, але не дарую падману. Ніколі.

4

Была пятніца. Надвор'е ўжо колькі дзён было роўным, цёплым — усё абяцала добры ўлоў. Якраз на заўтра і дамовіліся з суседам. Нішто не магло ўжо змяніць Лобачавага настрою ў пятніцу: ні няўцямныя адказы завочнікаў, ні поўная непадрыхтаванасць некага. Ён даўно ставіўся да сваёй працы як да стужкі канвеера: было, ёсць і будзе. Амаль без паўтарэнняў. А вось рыба — гэта было святое, бо кожная ягоная вылазка на прыроду ўваходзіла ў свядомасць пахамі, колерамі, адчуваннямі. Рыбацтва было не проста нейкім адпачынкам, адхланнем, як кажуць, а блізу сакральнай дзеяй, да якой Алесь рыхтаваўся з не менш сур’ёзнай урачыстасцю і нутраным хваляваннем, чым даўнейшыя маладыя крывічы да жаніцьбы Цярэшкі. Так, прынамсі, ён уяўляў для сябе.

Дык і сённяшні экзамен быў для Лобача шараговай падзеяй, якая не павінна была нешта змяніць у заўтрашнім дні.

Апошнім у аўдыторыі застаўся хлопец гадоў дваццаці пяці, з простым сялянскім тварам і такой самай паставай, трохі няўклюдны, баязлівы нават, аднак, у ім адчувалася тое, што завецца цвердалобасцю. “Не ведае нічога”, — канстатаваў для сябе Лобач. Гэтага хлопца ён не заўважыў на зімовай сесіі. Звычайны... І была яшчэ жанчына гадоў трыццаці пяці. Цяжарная. Жывот яе быў проста вялізарны. Калі яна брала білет, пад тонкай тканінай шырокай сукенкі на жываце праступілі нейкія матузкі і складкі. Лобач скрывіўся, як ад кіслага. Той самы выпадак з кабетай, якая пры ім папраўляла свой накладны жывот, стаўся легендай універсітэта, няўжо студэнтка не чула пра яе? Можа, і не чула — першы курс, на зімовай сесіі маглі не расказаць...

Жанчына ішла за стол у аўдыторыі, падтрымваючы свой жывот, што яшчэ больш пераканала Алеся ў слушнасці яго здагадкі. Яна села, і ён змог разглядзець твар: непрыгожы ад вялікага завостранага носу, запалых вачэй у цёмным паўкружжы.

Лобач прымаў адказы ў іншых, паглядваў зрэдку на “курыцу”, як назваў у думках маладую жанчыну з вялікім жыватом. Заўважыў, што яна амаль не адымае сваёй левай рукі ад сябе: папраўляе, падціскае злёгку. Яна і ішла да яго стала адказваць усё так сама трымаючы руку на нізе жывата. Села.

— Калі ласка, — халодна запрасіў да адказу Лобач.

— Старадаўныя музычныя інструменты... — неяк незвычайна плаўна, амаль напеўна прагаварыла жанчына і раптам ціхенька войкнула, асцярожна абхапіла жывот аберуч. — Выбачайце... Тузаецца, — і ўсміхнулася вінавата выкладніку.

— Вас, шаноўная, мабыць, не папярэдзілі, што фокус з цяжарнасцю, які іншым разам хочуць прадэманстраваць мне студэнткі, канчаецца для іх вельмі сумна? — ціха і суха спытаў Лобач.

Жанчына пільна зірнула на яго, і ў яе ў вачох Алесь пабачыў незвычайны жаль і спагаду адначасна. Яна нязмушана, як перад лекарам, прыхапіла пальцамі абедзвюх рук прыпол сукенкі і пацягнула яго ўгору, дэманструючы вачом выкладніка хударлявыя незагарэлыя ногі і белую скуру вялікага, проста вялізнага, жывата, абхопленага ў няновы, шараваты ўжо гарсэт з тугім шнураваннем.

— Прашу прабачэння, — усміхнулася ласкава, як старому знаёмаму, акуратна паправіла сукенку, паглядзела на Лобача, твар якога стаў імкліва налівацца чырванню. — Прабачце, — паўтарыла з разгубленасцю і вінаватасцю. — У мяне даведкі няма, дый што тая паперка... Я магу адказваць на пытанне?

— Так... так... Дзякуй, вось, — Алесь імкліва выставіў адзнаку, распісаўся, падаў залікоўку жанчыне. — Усё... Ідзіце. Усяго найлепшага Вам... і дзіцяці.

Устаў з-за стала, адышоўся да акна, глядзеў на вуліцу горада, якая жыла сваім распланаваным будзённым жыццём, а думак ніякіх не было, уся ягоная свядомасць была запоўненая вірам пачуццяў, дзе спакваля цішэў цнатлівы сорам, меншала пякучая прыкрасць, укладвалася на месца вінаватасць. І толькі адно пачало расці, уздымацца — зайздрасць. Да таго невядомага мужчыны, які мо нават і сёння зможа прыкласці асцярожна руку да жывата гэтай жанчыны і пачуць, як тузаецца ягонае дзіця.

Уладзімір Жабрун глядзеў на выкладніка, які нібыта забыўся на адзінага ў аўдыторыі студэнта, маўкліва стаяў ля акна. Уладзіміра пацягнула падысці да стала проста цяпер, скончыць гэты апошні для яго экзамен — і паставіць хоць адну кропку ў сваім жыцці. Бо за паўмесяца пабыту ў горадзе ён так і не вызначыўся хоць у нечым: што рабіць і як жыць. Братава смерць на пажары ў роднай хаце як нейкую рысу падвяла для Уладзіміра, і трэба было вызначацца, азірнуцца, зразумець.