Чым бліжэй Уладзімір пад'язджаў да горада, тым мацнеў гэты покліч, і ад прыпынку да бабульчынага дома ў ціхім завулку Уладзімір ішоў подбегам, хвалюючыся, што можа спазніцца. Куды, на што — ён не ведаў, але з'явілася сапраўдная трывога. Уяўленне малявала злодзеяў, што гаспадарылі ў бабульчынай хаце, выбітыя шыбы ў вокнах, сарваны сам прз сябе кран над ракавінай і падлогу, па калена залітую вадой. “Па калена не залье, — сам сябе супакойваў Уладзімір, — там падмосце глыбокае, у зямлю вада схаваецца”, — думаў ён, нібы тыя краны і праўда даўно пазрывала.
Дом стаяў у цішы садка самотны, вокны глядзелі на Уладзіміра з маўклівым вінавачаннем. Ён аж здрыгануўся, калі веснічкі рыпнулі гучна і тонка, як віскнулі.
На ганку сядзеў, пільна ўзіраўся на госця шэры кот.
— Здароў, Шэры! — павітаўся Уладзімір. — Даруй, па малако пазней схаджу. Тут усё ў парадку без мяне?
Кот у адказ выпрастаўся, вольна пацягнуўся, паказаўшы вострыя і доўгія кіпцюры на пярэдніх лапах, а потым павольна зышоў з ганка і схаваўся ў траве садка. Не азірнуўся.
— Зразумела, пост здаў — пост прыняў, — сам сабе сказаў Уладзімір і адчыніў без аніякіх хваляванняў дом.
Зайшоў, агледзеўся, прайшоў пакоямі. Усё так, як ён і пакінуў... “Ну, аджывай, дом,” — запаліў газ і паставіў чайнік — нешта захацелася сваёй кавы.
На кухні быў халадок. Адчыніў фортку. Звыкла пасунуў да сябе сподачак, расклаў і ўвамкнуў ноўтбук. Што далей? Што яго клікала? Чайнік засвістаў, ён затушыў газ, кінуў позірк на столік ля пліты.
І ўздрыгнуў.
Пасярэдзіне століка стаялі два кубачкі. У іх Уладзімір гатаваў каву для сябе і для Ірыны. Ён дакладна памятаў, што піў апошні раз каву пазаўчора — калі збіраўся да выкладніка. І тады памыў свой кубак і паставіў яго ў шафку над столікам.
Столік мусіў быць пусты.
Уладзімір нейкі час глядзеў на гэтыя два чыстыя кубкі, якія нібыта маўкліва запрашалі згатаваць каву на дваіх. Думак не было. Уладзімір спакойна, без страху і здзіўлення ўслухоўваўся ў самога сябе, шукаючы адказу на пытанне: што яму рабіць далей. Здалося, знайшоў. Нават не стаў вымыкаць ноўтбука, захапіў цыгарэты і запальнічку, што выклаў раней на стол, хутка выйшаў з дому, замкнуў дзверы.
За дзесяць хвілін ён быў у той самай кавярні. Заходзіў без хвалявання і зусім не здзівіўся, толькі пстрыкнула нешта ў галаве, як апошні пазл лёг у складзеную цалкам карціну, калі пры “іх” століку ён пабачыў Ірыну.
Дзяўчына сядзела за расчыненым ноўтбукам, з аднаго боку ад якога стаяла попельніца, з другога — кубачак з рэшткамі кавы. На Ірыне былі белыя шорты і саколка, якая агаляла амаль усю спіну з пачыр-ванелай ад сонца скурай. Уладзімір без ваганняў сеў насупраць Ірыны. Прыслухаўся да сябе — ніякай пагрозлівай хвалі не было. Толькі заспакоенасць ад таго, што ён — паспеў. Менавіта гэта і сказаў Ірыне.
— Вось, паспеў. Вітаю. Я закажу па каве.
Ірына сцялася, нібы Уладзіміравы словы выцялі яе бізуном па аголенай спіне.
— Добры дзень, — адказала яна, хацела ўсміхнуцца, але вусны на напружаным твары склаліся ў непрыгожую грымасу. — Так, заказвай...
Уладзімір больш нічога не стаў гаварыць. Прынеслі каву, яны пілі яе моўчкі. Мабыць, за гэтыя хвіліны Ірына раздумалася што ёй рабіць далей, бо адставіла кусты кубачак, упэўнена закрыла ноўтбук, уклала яго ў сумку, што вісела на крэсле.
— Пойдзем... Лепей да цябе. Там... не зашкодзяць.
— Пойдзем, — падняўся Уладзімір.
На кухні ён дастаў распачатую пляшку віна, якая засталася з таго іхнага вечара, цукеркі. Не пытаўся ні пра што. Ірына таксама пакуль што маўчала. Піла віно невялікімі глыткамі, курыла. Нарэшце патушыла ў сподачку цыгарэту і сказала:
— Мяне папярэджвалі, што ты — асаблівы. Што ты можаш адчуць нешта. Пабачыць... існасць.
Уладзімір прамаўчаў у адказ, глядзеў на Ірыну са спагадай.
— Мне прапанавалі праз сеціва... Сустрэцца з табой, пазнаёміцца. Падтрымваць размовы на тыя тэмы, якія хвалююць цябе. І потым расказваць: пра што ты гаворыш, з кім сустракаешся, чым цікавішся. Мне нават выдалі аванс. Немалыя грошы. Мне было цікава і... страшна. Не, пра блізкасць з табой мне не загадвалі. Наадварот, папярэдзілі, што калі я стану вельмі блізкай табе, ты можаш зразумець... нешта. Не ведаю, што. Я... у цябе ў вачох разгледзела тады, якой ты бачыў мяне. Я... вярнула тыя грошы, мне плацілі праз электронны партманет. Мяне ўгаворвалі працягнуць. Але — не магу... Хто ты?
— Не ведаю, — проста адказаў Уладзімір. — Здаецца, звычайны чалавек. Так, іншым разам нешта адчуваю. Вось гэтае начы адчуў, што мне трэба ў горад. Гэта клікала і не адпускала. Прыехаў — і пайшоў шукаць цябе.
— Мне страшна, — пацепнула плячыма Ірына. — Мне хочацца ўцячы ад усіх: ад тых невядомых замоўцаў, ад цябе. Але мне страшна і за цябе. Я не хачу, каб з табой нешта здарылася. Ты мне верыш? — запыталася з надзеяй.