— Веру, — цвёрда адказаў Уладзімір. — Яшчэ і таму веру, што цяпер мне падаецца, я заўжды адчую, калі нехта захоча мяне падмануць.
— Мне так прыкра... Я ўсё сапсавала. Мы ж маглі і так сустрэцца з табой, — працягвала Ірына. — І... мне ж сапраўды было цікава з табой, ты — незвычайны. Нейкі... чысты. З табой спакойна, ты як якая сцяна між мной і брудам. А я цябе прадавала.
— Але ж не прадала, — усміхнуўся Уладзімір. — А ведаеш, чаму я табе веру? — загаварыў амаль вясёла. — А таму, што з нейкага моманту са мной пачалі адбывацца такія рэчы, што шукаць тлумачэнні я стаміўся, як толькі пачаў. Сёння я ведаю адно: ёсць нехта і нешта. Нешта цёмнае. І светлае. Нехта цёмны і тыя, якія не ў цемры. Мне пашанцавала. Я застаюся на светлым баку.
— Значыцца, мяне наймалі тыя, хто цёмны? — занепакоена запыталася Ірына. — Але хто гэта? Што ім ад цябе трэба?
— Я не ведаю, — усміхнуўся Уладзімір, падбадзёрваючы Ірыну. — Не пужайся, нічога страшнага ж няма...
— Няма? А што ж ты тады пабачыў? Хіба не пачвару? — асцярожна пацікавілася Ірына.
— Пачвару, — лёгка згадзіўся Уладзімір. — Але я табе прызнаюся: мне ў тыя дні мроілася і бачылася і не такое страшнае, ледзь страха не паехала. Мне дапамагло... Скажам так, знахар адзін. Ды няважна...
Уладзімір у думках міжволі вярнуўся да Уладзі і потым — да Надзеі, да таго, што ён павінен зрабіць. Не стаў раздумваць — як тое ўспрымае Ірына, спытаў адразу:
— Слухай, Ірына... У мяне ёсць адна праблема, якую трэба развязаць абавязкова. Не буду казаць, навошта, адно толькі, каб ты ведала: той чалавек нядобры, подлы і здзеклівы. І, падазраю, баязлівы. Нам... Мне трэба яго знайсці. У сэнсе, ягоны адрас, ну і іншае. Праз сеціва я з ім пазнаёміўся, вядома, ад імя прадуманай дзяўчыны...
— Ты мяне перавярбоўваеш? — нервова рагатнула Ірына. — Я сачыла за табой, прызналася, дык ты цяпер здумаў, каб я на цябе гэтак сама папрацавала?
— Нічога я не перавярбоўваю! — запратэставаў Уладзімір. — Калі можаш мне памагчы — памажы. Я ж сказаў: я пішу ў тым “Укантакце” ад імя дзяўчыны. Цяпер мне трэба фарсаваць падзеі, прыспешыць развіццё стасункаў. А я не ведаю, як! Я элементарна баюся спаліцца. Добра, скажу болей: ён амапавец. Ён збіваў у час разгону акцыі пратэсту сваю былую настаўніцу, жанчыну, якая потым трапіла ў вязніцу, потым — у суд. І... захварэла. На галаву. Яе вылечаць, але ж нельга такую подласць пакідаць беспакаранай.
— А хто табе гэтая жанчына? — ціха запыталася Ірына.
— Ды... не ведаю нават, як і сказаць. Я дапамагаю іншаму чалавеку, для якога яна значыць шмат. Некалі яны былі закаханыя.
— А хто табе той чалавек? — рэхам прагучала Ірыніна пытанне.
Уладзімір не адказаў. Падліў сабе і Ірыне віна, сам крышку адпіў, закурыў.
— Ведаеш, шчыра кажучы, дык і не ведаю. Ніхто яны мне. І Антось, і дзед, і выкладнік, і ягоная сястра Надзея — тая самая жанчына. Я і сам задумляўся: чаму так выйшла? Вось сустрэў я іх — і як даўно ведаў. Быццам яны мне блізкія людзі. Цяжка патлумачыць. Вось як цябе сустрэў...
— І што? — асцярожна перапыніла яго Ірына. — Што, калі сустрэў мяне?
— Тое самае адчуў: што сустрэў дарагое мне, блізкае, — узняў вочы на Ірыну Уладзімір, і яна не вытрымала, сарамліва апусціла галаву, потым прамовіла ледзь чутна:
— І мне... калі прыйшла дахаты пасля першай сустрэчы, калі адпісвала, што пазнаёмілася з табой, падалося, што я аддаю чужым людзям нешта сваё, амаль роднае... Добра, Валодзя, пакажы, што ты там нагаварыў таму амапаўцу...
— Ага, — Уладзімір адчыніў ноўтбук, знайшоў старонку той самай “Юліі”. — Вось, чытай, глядзі... Знаёмся, карацей. Я, з твайго дазволу, пакуль што змыю пыл вясковых дарог...
Ірына пасунула да сябе ноўтбук, Уладзімір выйшаў на веранду.
Неверагодна, думаў ён. Проста неяк неверагодна ідуць падзеі. І праўда Ірына зноў будзе з ім? І больш не будзе таго відовішча? Не, ён быў пэўны — не будзе. Калі б ён яшчэ тады прыслухоўваўся да сябе — і таго б не было.
Ліў на сябе ваду — і не мог утрымацца, як ні гнаў ад сябе гэтую думку, а яна не знікала, расла. І ўрэшце Уладзімір здаўся: заплюшчыў вочы — і ўспомніў той момант, калі Ірына, седзячы ў яго на канапе, адным лёгкім рухам, што быў так падобны да ўзмаху крылаў птушкі, скінула з сябе сукенку. І ўспамінаў яе, аголеную, звабную да перасыхання ў роце, постаць на свежай прасціне...
Двойчы, пакуль мыўся, чуў, як “спяваў” тэлефон. Здзівіўся быў спачатку, а потым здагадаўся — гэта Антось хвалюецца. Нічога, няхай патрывае, такі гарачы.
Так і было — тэлефанаваў Антось. Ён адгукнуўся адразу, быццам трымаў увесь час мабільнік у руках.