Выбрать главу

— Валодзька, чуеш? Тут Надзеін брат прыехаў, Алесь. Ён у мяне зараз. Мы на рыбу збіраемся. Дзед пераказаў, каб сёння Надзею не турбавалі. Рана яшчэ, слабая яна зусім. І так, мабыць, нядобра зрабілі, што прыехалі... Во, праўду ты казаў: я і думаў болей пра сябе, ёлуп... То чуеш, калі ў цябе там справы якія, ну, нашы справы, то заставайся, чаго ездзіць. Заўтра раніцай мы з Алесем паловім рыбу, ён, як высветлілася, рыбак заўзяты, а недзе апоўдні я прыеду ў горад, мне ў банк трэба, заадно набуду сёе-тое. Ну, і цябе забяру. Прымаецца такі расклад?

— Прымаецца, — выгукнуў з радасцю Уладзімір, не мог стрымаць пачуцці. Адзеўся, выйшаў на ганак, прысеў.

Не, было задужа добра, каб быць да канца добрым. Уладзімір асцярожна перабіраў апошнія падзеі — і не мог паверыць у тое, як яму шанцуе, як абставіны складаюцца вакол яго ў светлае і шчаслівае кола. “Усё мінаецца, добрае — таксама”, — успомніў ён формулу, і таму так насцярожыла яго паласа шанцавання, якая цягнулася падазрона доўга. А можа, гэта не перад нядобрым, а пасля яго? Хіба не было братавай смерці, спаленай хаты, страты ўсяго, што меў? Гэта мо толькі цяпер выбілася ягоная сцежка на больш-менш роўнае месца? Можа, ён прызвычаіўся да такіх вось чаргаванняў, калі на змену светламу вечару за компам прыходзіла няспаная ноч з п’яным балбатлівым братам, а дзень атрымання грошай мог стаць днём іх згубы, калі брат паспяваў “пачысціць” яго, Уладзіміравы, кішэні.

Хіба ж не бывае жыцця іншага, простага і зразумелага, калі падзеі і здарэнні маюць смак і колер ціхай і ўтульнай радасці, калі жывеш і не баішся заўтрашняга дня, не рыхтуешся да невядомай, але абавязковай ці мажлівай непрыемнасці? Можа, у яго, Уладзіміра, пачалося такое жыццё? Хіба ён не заслужыў яго?

Зайшоў на кухню і пабачыў, як Ірына нешта шпарка піша на ноўтбуку. На ягоныя крокі яна ўзняла галаву, усміхнулася.

— Не ведаеш ты жаночай псіхікі, — пераможна прамовіла яна. — Гатуй вячэру сам, праз гадзіну ў мяне кароткая сустрэча з тваім Юрыкам!

— Як сустрэча? — ад неспадзеўкі прысеў на крэсла Уладзімір. — Я ж там навыкладваў фотаздымкаў нейкай асобы, а ты...

— Супакойся, усё будзе добра. — Ірына паднялася з крэсла, падышла да Уладзіміра, стала за спінай, нахілілася, абняла, прыпала грудзямі да ягонай спіны. — Я напісала што я — іншая, маўляў, саромеюся. Апісала сябе, як ёсць. Слухай, а ён непрыемны таварыш, такія фрывольныя жартачкі, пошлыя намёкі... І ўсё адразу... Ён захацеў мяне пабачыць тэрмінова, хоць цяпер і кіруецца на службу. Я сказала, што магу ахвяраваць дваццаць хвілін часу. То я зараз і паеду... У другі канец горада. Потым... я заеду дадому. Патэлефаную табе. І...

— І мы сустрэнемся ў мяне, — раптам хрыпла скончыў Уладзімір. Ён пагладжваў Ірыніны рукі на сваіх плячах, удыхаў пах яе парфумы.

— Толькі... не баўся там, — папрасіў ён. — Нешта... хвалююся я.

— Зараўнаваў? — удавана здзівілася Ірына, а ў голасе была чуваць радасць. — Эх, ты... Во які...

— Які?

— Раўнівы.

— Я... баюся за цябе.

— Не бойся, амапаўцы дзяўчат не збіваюць.

— Ага, не збіваюць... Пакуль не атрымаюць дазволу. Тады збіваюць усіх.

— Не бойся, праўда, — паважна паставіла кропку Ірына. — Тэлефон мне свой прадыктуй, да гэтага часу не ведаем, як шукаць адзін аднаго... І гатуй вячэру. Я сёння ад самага ранку была ў кавярні...

Ірына вярнулася праз дзве гадзіны.

Пераадзетая ў белыя вузкія нагавіцы, што звабна абцягвалі яе клубы, з новай фрызурай.

— Гэта... да яго так ездзіла? — не змог утрымацца ад колкасці Уладзімір.

— Дурненькі, пасля яго я спецыяльна ездзіла дадому, мыцца, — здавалася, Ірына пакрыўдзілася сур'ёзна.

— Выбачай, — Уладзімір, сам таго не чакаючы, імпульсіўна прыгарнуў Ірыну да сябе, пацалаваў у вусны.

— Брыдка, — Ірына здрыганулася, схавала свой твар на Уладзіміравым плячы. — Мне было брыдка. Я атрымала запрашэнне на дзень народзінаў. На лецішчы. Абяцалі вялікі феерверк, скокі голымі цераз вогнішча, купанне ў нейкім штучным басейне два на два метры. Будзе чалавек дзесяць-дванаццаць. Ці болей. Ён мне пакінуў свой нумар тэлефона, я абяцала заўтра патэлефанаваць. Патэлефаную, але з аўтамата, нешта прыдумаю. Толькі не прымушай мяне, калі ласка, ехаць на тое баляванне. З ягоных рэплік я зразумела, што гэта будзе шабаш. Поўны адрыў, як ён кажа. Свята, бо некага ці нешта яны перамаглі, апрача ягонага дня народзінаў... Адрас ягоны запішы...

— Я запомню, — Уладзімір згадаў Антосявы словы пра паперу. — А лецішча дзе?

Ірына назвала месца. Мякка вызвалілася з абдымкаў, стомлена прысела пры стале, які, як мог, сервіраваў Уладзімір. — Ой, як жа я хачу есці! — усклікнула зусім іншым тонам. — Ну іх к чорту!