Яна сама прыбрала пасля вячэры са стала, потым мыла посуд, зняўшы свае белыя нагавіцы. Начапіла фартух, які не цалкам затуляў яе амаль голых, толькі з вузенькай паласой бікіні, клубоў, таму жартаўліва пагнала Уладзіміра з кухні, каб не стаяў ззаду.
Яна засталася нанач, засталася будзённа, нібы і жыла тут. І ўсё, што рабіла цяпер у позны вечар, яна рабіла так, як рабіла даўно і з радасцю.
Засынаючы, Уладзімір доўга не мог знайсці патрэбнага азначэння таму амаль фізічнаму адчуванню шчасця, той ступені блізкасці, якая была між імі цяпер. І падумаў, што так, як было ў іх з Ірынай у гэтыя вечар і ноч, бывае ў каханых мужоў і жонак.
7
Алеся Лобача збудзіў гук тэлефона. Ён не напужаў сваёй механічнай мелодыяй, не пабіў сну на друзгі, якія б перамяшаліся з рэальнасцю, і потым праз тую куламесу давялося б з цяжкасцю выкарасківацца. Не, мабільнік заспяваў. Яшчэ ў сне Алесь спакойна адзначыў, што ён спіць, і спіць у чужой хаце, і цяпер светлае ранне, і трэба ўсяго толькі расплюшчыць вочы ды ўзяць у рукі мабільнік. Лобач прыслухаўся да цішыні дома, зразумеў, што ён — адзін. Сеў, дзівячыся той бадзёрасці, якую адчуваў. Мабільнік заспяваў зноў — тэлефанавалі з універсітэта. Адказаў.
Побач на крэсле каля ягонага адзення ляжаў аркушык. “Прывітанне! У кухні на стале аладкі, малако. Ці гатуй гарбату (каву) сам. Да сустрэчы. Не крыўдуй. Ганна. Хату не зачыняй — адно накінь клямку”. “За што крыўдаваць?” — з пяшчотай падумаў Лобач пра Ганну і здзівіўся той пяшчоце ў сваіх думках.
Памыўся, адзеўся, пад'еў — і рабіў усё спакойна, быццам не першы раз тут гаспадарыў, а жыў доўгія месяцы. Можа, таму так вольна пачувалася, што ў доме ўсё было не тое, каб вельмі проста, а на такіх месцах, калі арыентавацца лёгка, нават прыемна. “А тут будзе гарбата”, — адгадваў Алесь, адчыняў шафу, і там сапраўды ў бляшанцы стаяла гарбата. Еў няспешна, потым мыў посуд, і яго не пакідала адчуванне таго, што сам дом — жывая, зычлівая істота. Ну, няхай не зусім жывая... Але... Алесь даўно быў перакананы ў тым, што ў вяскоўцаў шмат якія рэчы і месцы маюць сваё, сакральнае значэнне, надзяляюцца душой ці духам, як тая ж печ, прыкладам. Кожная з такіх рэчаў патрабавала пэўнага стаўлення да сябе, дазволаў і забаронаў. Што да самога дома, дык яшчэ на пачатку будаўніцтва, на трэцім вянцы адзін з вуглоў, што глядзеў на сонца, набываў асаблівы статус — покуці, пад яго клалася ахвяраванне, у гэтым куце потым займала сваё месца бажніца. І акно, як стане акном, будзе праходам у іншасвет, і дзверы займеюць адмысловае сакральнае значэнне разам з парогам. Адзінства рэчаў разам з правіламі карыстання імі пераўтварала... а дакладней стварала дом як жывое месца. Уладзімір, ведаў, што нельга пры печы гаварыць, ганьбіць каго, а пагатоў лаяцца брыдкімі словамі, нельга пазычаць хоць што з хаты пасля заходу сонца, нельга замятаць хату за гасцямі, нельга пляваць за печ і пад печ...
Ведаў... А сёння адчуў зычлівы, падахвотлівы дух. І нават выходзячы з дома і накідваючы клямку на дзверы, адчуў, як нехта вялікі і моцны стаў за ягонаю спінаю і казаў: “Адважней. Усё будзе добра. Табе ёсць на каго і на што разлічваць”.
Каля Уладзявай хаты яго сустрэў сам гаспадар. Лобач зазначыў для сябе, што думка пра сястру, хоць і не пакідала яго цэлы ранак, але была зусім не трывожная. Ён і праўда быў пэўны, што з Надзеяй усё будзе добра.
— Адпачывае яна, — пасля прывітання сказаў Уладзя, нават не чакаючы пытання. — Мы з ёй раніцай, да ўзыходу сонца, па лузе пахадзілі, раса ёй ногі абмыла. Душу адмыць цяжэй... Патрывай. Не перажывай, рабі свае справы...
Гэтых сваіх спраў ва ўніверсітэце было на ўвесь дзень. Не задумляючыся нават, трэба рабіць так ці іначай, Алесь набыў прадуктаў і ў другой палове дня ўпэўнена скіраваўся ў Карчаваху. Прыехаўшы ў аграгарадок, спачатку збочыў да медычнага пункта. У яго было апраўданне — Ганна магла яму сказаць пра стан сястры праўдзіва і прафесійна. І гэтае апраўданне яму было патрэбна. Бо Алесь мусіў сам сабе прызнацца, што яму хочацца, вельмі хочацца, проста пабачыць Ганну.
І ў той усмешцы, з якой яна яго сустрэла, было доўгачаканае, забытае пачуццё асаблівай мужчынскай радасці, адно з найстаражытнейшых чалавечых пачуццяў — радасці ад таго, што жанчыне прыемна бачыць цябе зноў.
Хоць быў падвячорак, у будынку медпункта стаяла сапраўдная задуха. І Ганна працавала ў белым чысцюткім халаце, накінутым проста на голае цела. Тканіна з усяго відаць, была на палову сінтэтычнай, з-пад яе Ганніна цела быццам свяцілася жывым, цёплым святлом, трошкі схаванае лёгкімі карункамі бялізны. Алесь пракаўтнуў хваляванне. Ён злавіў сябе на думцы, што ўпершыню за ўвесь час знаёмства глядзеў на Ганну як на жанчыну, і гэта яго ўсхвалявала аж да лёгкіх дрыжыкаў у пальцах і пяршэння ў горле. Але сама думка была для яго прыемнай: думаць пра Ганну як пра жанчыну, глядзець на ейную зграбную постаць пад тонкай тканінай вачыма мужчыны і стрымваць, не заганяць некуды ў кут сумлення, а толькі лёгка стрымваць жаданне дакрануцца да яе цела...