І нават калі Ганна зазірнула яму ў вочы, і ён пабачыў там свае асабістыя думкі, толькі на імгненне разгубіўся, а потым даўно забытая ганарлівая радасць апанавала яго: у вачох у Ганны выразна чыталася не толькі тое, што яна бачыць, як глядзіць на яе Алесь, але і тое, што ёй гэта прыемна...
Ён прыпыніўся ў дзвярах і не хацеў рухацца далей — Ганна стаяла за тры крокі ад яго, а ззаду ззяў ярка асветлены кабінет: галава крыху нахіленая ўправа, паўаголенымі рукамі ўзяўшыся ў бокі, левая нага трошкі выступае наперад. Яна нагадала Алесю ягоную маці — з такой самай пяшчотай і выразнай строгасцю ў паставе тая часам сустракала яго, калі дзе загульваўся і не прыходзіў у час.
— Тут такое сонца... — Алесь пракаўтнуў. — Вы не баіцеся напужаць якую вясковую бабульку? — не змог утрымацца Алесь.
— Не баюся, — па-змоўніцку ўсміхнулася Ганна, павяла падбароддзем угору. — Праз вокны бачу, хто ідзе. Дык накінуць яшчэ адзін халат не цяжка. Але, — адразу спыніла намёк, маўляў вось, яго, Алеся, сустрэла, не накінуўшы яшчэ аднаго халата... — Мы дамаўляліся на “ты”, помніш? — і раптам зірнула амаль строга.
У гэты момант яна была прывабная надзвычай. Зыркае сонца праз шырокае акно новага медпункта высвечвала ў складках тканіны яе бездакорную фігуру. Светла-русыя валасы, не заплеценыя, а вольна складзеныя ў цяжкую касу, закінутую на плячо, проста ззялі ў промнях сонца залатым паўколам.
Ганна засмяялася — вясёла, задзірыста, зусім як дзяўчынка.
— Ну што ты, нібы ніколі жанчын не бачыў у промнях сонца, — лагодна ўпікнула Алеся.
— Вось так — не бачыў, — выдыхнуў Алесь. — Вы... Дарэчы, а мы не дамаўляліся на “ты”...
— А цыдулка? — прымружылася Ганна.
— Праўда, выбачай, — павінаваціўся Алесь. — Ты вельмі прыгожая. Прывабная. Незвычайная нават. Вось колькі ў мяне кампліментаў. Слухай, я дзіўлюся, як у мяне язык паварочваецца, — і праўда, здзівіўся сам сабе Алесь.
— Гэта я цябе зачаравала, помніш, шаптала? — Ганна падышла бліжэй, зазірнула ў вочы, ужо з клопатам і спагадай: — Стаміўся? Не стой, праходзь сюды, — і павяла ў той самы пакойчык, дзе раней Алесь адпачываў.
— Сядай. Чаго папіць прынесці? Ёсць мінералка халодная, сок. А магу гарбаты з зёлак. Зёлкі — замоўленыя, сама збірала і замаўляла.
— Гарбаты з зёлак, ніякай мінералкі! — выгукнуў Алесь.
— Ну, то пачакай, зараз нагрэем вады...
Праз чвэрць гадзіны, яны і пагаварыць не паспелі як след, наляцеў Антось: у яго, высветлілася, усё было спланавана яшчэ зранку. Лобачу цяпер падалося, што ён успомніў Зубеля, колішняга студэнта, які часта прыходзіў разам з Надзеяй. Але, па шчырасці, звязаць у адну асобу таго сціплага, мешкаватага юнака і сённяшняга справавітага, энергічнага мужчыну Лобач не мог ніяк. Унутрана ён працівіўся хуткаму збліжэнню з ім, як, зрэшты, і з іншымі людзьмі. Але, неспадзявана для сябе пабачыў, што адзін на адзін Антось неяк асеў — не жартаваў, больш маўчаў, не лез з роспытамі. За што Алесь быў яму ўдзячны. Хоць лёгкая непрыязнасць да Антося заставалася аж да рання, бо не даў даўжэй пабыць з Ганнай.
Праўду кажучы, Лобачу было ўтульна і спакойна на хутары ў Антося. Гаспадарова маўклівасць зусім не абцяжарвала, наадварот, было прасцей. З Антосем можна было і маўчаць, а гэта, лічыў Лобач, надзвычайная якасць у чалавека. Больш-менш грунтоўна пагаварылі за сталом у альтанцы. Гаварыў больш Антось: пра сваё мінулае і цяперашняе жыццё, асцярожна, нібы саромеючыся, распытваў пра Надзею. На рыбу падняліся, ледзь пачало шарэць. “Да добрага месца з гадзіну ехаць”, — патлумачыў Антось.
Лоўля ўдалася — да дзясятай раніцы налавілі з вядро самай рознай рыбы: жаўтлявых карасёў, цёмных лінькоў, срэбных плотак, паласатых акунькоў.
— Будзе на добрую юшку, будзе і Надзеі пасмажыць! — наіўна, як хлапчук, цешыўся Антось. — Я зараз у горад — мне адну справу зрабіць трэба, заадно Валодзьку забяру, — гаварыў ён пра свае планы. — Цябе пакіну ў сябе — гаспадар. Я табе ў памочніцы Ганначку прывязу, яна сёння да палудня працуе. Ну, і да дзеда з'ездзім — няхай і Надзея зоймецца вось такой справай, ён сам казаў. Дый пад наглядам будзе ў Ганначкі... Ты як, згодны з такім паваротам?
— Згодны, — кіўнуў Лобач. — Паедзем да дзеда...
Надзея, узрадаваўшы, ступіла брату насустрач, абняла, моцна-моцна прытуліла, усхліпнула: