— Некалі — знойдуць, — уздыхнуў Уладзя. — Яны ўсё знаходзяць.
— Хто — яны? Чаму знаходзяць? Нашто? — не змог не задаць адразу некалькі пытанняў Алесь.
— За імі сіла. Іх многа. А нас мала, адзінкі. Іх яднае ўлада, грошы. А нас адно — любоў. Ды любоў — рэч патаемная, не ўсім і пакажаш... Захавай. Час заўсёды прыходзіць, і прыйдзе, калі ручнік, хоць адзін, спатрэбіцца. Трэба, каб ён быў тады... у чыстых руках.
Лобач трымаў ручнік, і той быццам рабіўся цяжэйшым, палатно — гарачэйшым. На імгненне падалося, што ён трымае нешта жывое... жывое, загорнутае ў старую тканіну.
— Добра... — выціснуў ён з сябе. — Дзякуй за давер. Я буду шанаваць і... пастараюся зразумець, чым ён... яны былі такія важныя.
— Не былі. Яны і зараз... — задуменна прамовіў Уладзя, глядзеў на ручнік, здавалася — нешта шаптаў, бо ледзь-ледзь варушыліся ягоныя вусны. Уздых-нуў, падняўшы вочы на Алеся, і, мабыць, жадаючы пераканаць яго яшчэ болей у важнасці гэтага скрутка саматканага палатна, загаварыў зусім ціха: — Тое, мне казалі, дужа даўно было. Калі пачалі забіваць адкрыта, тады і надумаліся: саткаць бабам за адну ноч гэтулькі ручнікоў. На другую ноч, на Купалу, той, хто ведаў, сказаў кожнай бабе, што яшчэ трэба на ручнікох вышыць. За ноч вышылі. І раздалі ручнікі на захаванне. Вось так...
Уладзя не стаў чакаць ад Лобача ніякіх слоў, цяжка падняўся з зэдліка і пайшоў. Лобач са змешаным пачуццём павагі і недаверу глядзеў яму ўслед.
Колькі падобных гісторыяў ён ведаў з часоў палявых работ! Як шчыра верылі не тое што бабулькі ды жанкі, але і сівагаловыя мужчыны ў свае показкі, як раўніва назіралі за тым, каму апавядалі, каб не ўзнялі на смех!
Лобач ніколі не смяяўся з падобных гісторыяў: ці то пра ваўкалака, які перастрэў яе на дарозе, казала бабулька, ці то пра чорта, які вадзіў яго ўсю ноч вакол вёскі, а ў хату не пусціў, расказваў мужчына з тварам да чарнаты загарэлым на жніве. Для Лобача такія гісторыі былі паводле вартасці тым самым, чым чэрап ці костка якой дагістарычнай жывёлы для палеантолага. Яму, як навукоўцу, была важная не праўдзівасць, а сам факт іх існавання. Сотні запісаў старанна прасейваліся ім, аналізаваліся з усіх бакоў. Ён, як той майстар-муляр, збіраў упярод самыя розныя паводле формы і фарбаў казкі-цагліны, кожную браў па адной, абмываў, абсушваў ад шматгадовага пяску ды рознага-ўсенькага, што ліпла да бакоў, потым старанна вышукваў месца, у якое толькі і можна было ўкласці цагліну, каб выйшла вялікая і дыхтоўная печ — найсакральнейшая рэч у жытле. Не покуць, не падлога, а менавіта печ, з вялікім падпечкам, які рабіўся жытлом для розных істот. З цёмным і таямнічым запечкам, дзе сяліўся хатнік...
Тое, што Лобач чуў раней за ўсе свае гады этнаграфічнай дзейнасці, пра што чытаў у старэйшых калег, лёгка і зручна ўкладвалася ў распрацаваную яшчэ да яго сістэму. Ручнік выпадаў з сістэмы. Вайна з невядомай цемрай не ўкладвалася ў сістэму.
Уладзя стаяў наўзбоч ад усіх аўтараў, ад усяго раней чутага. І чым болей думаў пра гэта Лобач, седзячы з шараватым скруткам на каленях, тым болей пераконваўся, што ён не мае права не верыць Уладзю. І рэч не ў незвычайным ручніку і словах. Рэч у Надзеі. Вунь яна. Здароўе і лёс якой яшчэ ўчора віселі на кволай, амаль невідочнай нітцы, што гатовая была парвацца ў кожны момант... Што было б далей без Уладзі? Лобач нават баяўся зазіраць туды, за гэты рэальны абрыў усяго існага ў ягоным жыцці.
Сёння яго сустрэла ранейшая Надзея. Калі Уладзя мае такія веды і моц, не верыць яму нельга.
...Бліжэй да вечара самотны Антосяў хутар поўніўся людзьмі і гукамі.
Надзея і Ганначка скрэблі, мылі рыбу, Антось раскладваў вогнішчы: адно гатаваць юшку, другое — смажыць рыбу. Уладзімір завіхаўся каля стала ў альтанцы. Алеся фактычна прагналі адусюль, і ён, каб не траціць часу, старанна перамаляваў вышытыя на ручніку знакі на аркушы паперы. Спытаў дазволу ў Антося, пашукаў у сеціве — не, і блізка нічога падобнага нідзе не сустракалася. Безумоўна, адметнасць гэтага ручніка, як і таго, што згарэў у школе, і здымкі якога былі ў Лобача, у вышытых знаках. Шэсць на адным канцы ручніка і сем на другім. Найболей яны нагадвалі сняжынкі: і тым, што ні адзін не паўтараўся, і тым, што ўсе мелі выразную цэнтральную сіметрыю. А розніліся ад сняжынак тым, што знакі былі ў кружках. Яны вабілі сваёй загадкавасцю. Пэўна ж, вышытыя знакі — тэма для артыкула, бо нідзе болей падобнае не сустракаецца. Той ручнік са школы не маглі ўспрыняць сур’ёзна ў навуковых колах, бо ён быў адзіным вядомым фактам. Помніцца, там было чатырнаццаць знакаў. Іх палічылі за пазнейшае аздабленне тканага ручніка, можа, нейкай вышывальніцай-пачаткоўкай. Падстава — невыразнасць самых знакаў, брак у іх думкі, гармоніі... Быццам невядомая майстрыха спрабавала свае здольнасці і вышыла кружок, у ім — перасячэнне ліній, адгалінаванні ў розныя бакі. Старанна, сіметрычна... але непрыгожа.