Падышоў Уладзімір.
— Варожыце, Алесь Паўлавіч? — запытаўся вясёла, але без фамільярнасці.
— Варожаць, Уладзімір, бабулькі, а мне толькі думаць можна, — усміхнуўся і Лобач. — Які, па-вашаму, сэнс у такіх знаках? Хачу папярэдзіць, што яны невыпадковыя. Калі ёсць у наяўнасці дзве рэчы з падобнымі кружкамі, то мы абавязаны іх разгледзець цяпер як факт... Ну? — Лобач падаў аркуш Уладзіміру.
Той глядзеў досыць доўга, маўчаў, урэшце вярнуў паперу назад.
— Не ведаю, што і сказаць. Кветкі нейкія.
— А чаму ўсе розныя? Чаму на адным рагу ручніка — шэсць, а на другім — сем? Вы ж раней казалі, памятаеце? Трэба браць нейкую адну загадку і шукаць на яе адказ. Ну, вось, акурат такі выпадак. Здаецца, пара знакаў адсюль супадае са знакамі з другога ручніка. І болей ніякіх дадзеных.
— Ды я шмат глупстваў казаў.
— І калі ж гэта вы паразумнелі? — з усмешкай здзівіўся Лобач. — Хіба пасля таго, як далі рады маёй задачы сваім метадам?
— Ат, які там метад, — крыху засаромеўся Уладзімір. — Мне пашанцавала, не болей. І ведаць трэба, і працаваць.
— І ўсё ж, — сур'ёзней загаварыў Алесь, — іншы раз неардынарны падыход — палова поспеху.
— Але тут я не ведаю... як падступіцца. Нават не магу прыдумаць, што можа быць. Найхутчэй, код нейкі.
— Мабыць, код... — задуменна згадзіўся Лобач. — Але што такое можна зашыфраваць у малюнку сняжынкі?
— Мне, шчыра кажучы, не думаецца сёння, — вінавата прызнаўся Уладзімір. — Пайду лепей пару паленаў рассяку — засумавалі рукі па сякеры. Там проста — двума ўдарамі кругляк на чатыры часткі...
Уладзімір узняўся, пайшоў да калодкі, пры якой ляжала некалькі адпілаваных круглякоў, што прынёс Антось. Лобач глядзеў, як Уладзімір роўна паставіў адзін кругляк, узняў сякеру, рэзка апусціў і прытрымаў другой рукой, каб не разляцеліся, палавінкі. Павярнуў іх разам і зноў размахнуўся, секануў. І сапраўды, з двух удараў выйшла чатыры паленцы.
“Два разы секануў — чатыры часткі”, — няўцямна падумалася Лобачу, ён перавёў вочы на аркуш з намаляванымі знакамі. “Чвэрць” — мільганула думка. У наступны момант Алесь намаляваў асобна чатыры чвэрці знака. Потым, ніжэй, яшчэ раз адну частку, цяпер без дугі. І яшчэ раз падзяліў паводле сіметрыі.
І пабачыў перад сабой адзін знак, адлюстраваны адносна самога сябе, а потым адбіты сіметрычна адносна кропкі пачатку чатыры разы. І ёкнула ўсярэдзіне гучна, кроў лінула да галавы і твару, рукі задрыжалі.
Не было ніякага сумневу — знак, які выйшаў, быў літарай. Літарай той пісьменнасці, пра існаванне якой тут дагэтуль ідуць спрэчкі — гэта была рунічная літара. Руна. Дакладна руна.
“Спакойна, спакойна...” — Лобач прымусіў сябе акуратна скласці аркушык, пайшоў да аўтамабіля і схаваў яго ў іншых паперах. Нельга. Не цяпер. Трэба супакоіцца. Трэба мець пад рукой усё патрэбнае: тыя ж раней расшыфраваныя знакі, іх тлумачэнні. Толькі потым сесці, вось так разрэзаць на часткі і знайсці ў другой, трэцяй і ў астатніх “сняжынках” старажытныя руны. І паспрабаваць прачытаць. Зразумець...
Алесь амаль фізічна адчуў, як на яго навальваецца невыказная ў сваёй значнасці і важнасці адказнасць. Калі першы знак — не выпадковасць, калі чацвярцінкі кожнага — літара, ці значэнне, калі ручнікоў было сем разоў па сем, калі за імі палююць невядомыя, імкнуцца знішчыць... Значыцца, на ручніку запісана нешта надзвычай важнае. І пры тым, яно толькі частка ўсяго, што змясцілася на сарака дзевяці ручніках. Што гэта можа быць? Хто такія ахоўніцы? Што там у іх за крыжы?
Лобач ішоў берагам рэчкі, пакусваў сарваную травінку, няспешна думаў. Хутчэй за ўсё, прыходзіў ён да высновы, яму пашчасціла сутыкнуцца з нейкім невядомым дагэтуль, надта ж жывучым культам, у якім патрабавалася ў ліку іншага ў вонкавай атрыбутыцы абавязковае дзяленне ўдзельнікаў на светлых і цёмных. Трэба будзе падрабязней распытаць Уладзю... І галоўнае: ён казаў, што ручнікі прапалі ў чатырох. А ведаў ён сямёра! Значыцца, яшчэ дакладна недзе ёсць тры ручнікі!
З усяго відаць, калі ўлічыць Уладзявы здольнасці да лячэння, тут сутыкнуліся цёмныя і светлыя ведзьмакі. Як быццам, нічога складанага. Але як гэтулькі часу культ жыве невядомым, дзе, калі верыць Уладзю, ёсць месца і забойству? І сама невытлумачальным застаецца адно: чаму яму, Алесю Лобачу, які не мае ніякага дачынення да “секты”, стары Уладзя, фігура відавочна не маленькая, вось так спакойна перадае на захаванне культавую рэч, такую для яго важную? Фактычна, Алеся, узялі ў “секту” насуперак правілам. Бо павінны быць правілы. Проста мусовыя яны для самога існавання культу. Пагатоў такога, які да сёння заставаўся зусім невядомым для навукоўцаў. Нельга ж успрымаць сур'ёзна словы старога Уладзі пра любоў, якая нібыта можа злучыць... Ды яшчэ любоў да роднай зямлі, праяўленне якой не тое, што бывае розным, але яе іншы раз і не разгледзіш і памылкова прымеш за нешта іншае. Ды наагул, ці бывае яна — любоў да роднай зямлі? Не кіношная, не кніжная? Не сялянска-хутаранская, увасобленая ў адданасць лапіку поля; не навукова-часопісная, застылая ў радкох дысертацыяў і манаграфіяў; не ўра-патрыятычная, што хапае за грудкі ў час п’янак на рабоце; не паказушна-чыноўніцкая, з задухай застылых у часе кабінетаў... Не любоў-слова, не любоў-зацятасць, не любоў-лозунг, не любоў-справа, а любоў-пачуццё?