Выбрать главу

8

— Я шмат чаго перажыла, мне здавалася — усё змагу вытрымаць, не зламаюся. Выплачуся, выпакутую — і буду зноў жыць. Як і жыла, толькі з новым болем у душы, як з новым каменем пад сэрцам. І не думала ніколі, што страшней за ўсё тады, калі ад цябе адымаюць не родных, не блізкіх — а самога цябе. Цябе пазбываюць мінулага, тваю будучыню выракуюць нейкія два раз’юшаныя, раз’ятраныя ад выгляду свежай крыві капітаны міліцыі. А сучаснае... яго няма. Бо сучаснае — гэта ты і твае справы. Але ўсё, што ты робіш, усё дарэшты, акрамя дыхання, ты робіш паводле загаду. Рэшта — не тваё...

Надзея замаўчала. Антось падкінуў пару паленцаў у вогнішча, якое ў адказ бязгучна пыхнула вёрткімі жарынкамі. Добра сцямнела. Алесь Лобач павёз Ганну дадому, дый сам там заставаўся нанач, каб рана ехаць у горад на працу. Уладзімір Жабрун прыбраў посуд з альтанкі (праўда, Надзея не дала яго мыць) і цяпер у доме сядзеў за кампутарам.

Антось ужо не збіраўся выпытваць у Надзеі падрабязнасцяў, як усяго яе жыцця, так і апошніх дзён — яму было досыць таго, што расказаў Алесь. Надзея зацікавілася Антосявым жыццём, неяк па-свойму, па-бабску, ці што, і той міжволі сам сабе паблажліва хмыкаў: от жа кабеты, вядома ж, іх цікавіць, што еў, ды хто гатаваў тую ежу, хто мыў бялізну, і як там наагул быў арганізаваны побыт. Жанчыны — такія жанчыны...

А потым Надзея сама пачала расказваць пра тое, што прывяло яе да дзеда Уладзі ў Карчаваху.

Выйшаў Уладзімір, Антось нягучна клікнуў яго. Уладзімір падышоў, прыкурыў ад галавешкі, зацягнуўся, выпусціў дым, сказаў задуменна:

— Калі прыкурваю ад вогнішча, заўсёды нейкае незвычайнае адчуванне. Смачней так ці што...

Нейкі час усе маўчалі, потым Антось спытаў:

— А што далей будзеш рабіць, Надзея?

— Не ведаю, — без суму адказала жанчына. — Са школы мяне звольнілі...

— Дык заставайся тут... — ціха прапанаваў Антось.

Уладзімір ускінуў на яго здзіўленыя вочы, але змоўчаў. Антось загаварыў далей:

— Пажывеш... адпачнеш. Будзе табе адпачынак на прыродзе. Тут ціха. Пакой у мяне яшчэ адзін ёсць.

— Сёння, мабыць, і застануся, — згадзілася Надзея не так з Антосявай прапановай, як са сваімі думкамі. — Тут мне і праўда добра...

Уладзімір хутка зацягнуўся раз і другі, кінуў недакурак у агонь, устаў — ён адчуваў, што замінае размове, яму было няёмка.

— Пайду... Пасяджу яшчэ хвілін дваццаць у сеціве.

— Калі хочаш — кладзіся спаць, — прапанаваў Антось. — Мы таксама зараз...

Надзея задуменна глядзела на агонь, абхапіўшы ногі рукамі, падбароддзем кранаючыся сваіх каленяў.

— А чаму ты адзін? — запыталася яна.

Антось хацеў кінуць у адказ нешта банальнае, але прамовіў з уздыхам:

— Не ведаю. Неяк так выйшла, каго ні сустракаў — ні ад каго не хацелася мець дзяцей. Ну, якая б жанчына ні была, я ў ёй маці не бачыў. Жанчыну толькі. Вось і разбягаліся... А цяпер...

— Што цяпер?

— Цяпер позна і пра дзяцей думаць, і пра сям’ю. Я — воўк. Які адбіўся ад зграі. Ёсць такія сярод ваўчынага роду. Жыву... Сам сабе.

— Вольна жыць? Ніхто не замінае, ні з кім не трэба дзяліцца ні бядой, ні радасцю? Прызвычаіўся? — раздумліва пыталася Надзея.

— Ага, і прызвычаіўся, што маніць, — прызнаўся Антось. — Прызвычаіўся ні з кім не раіцца, адзін распараджацца сабой, сваімі грашыма, сваім часам... Ведаеш, Надзя, гадоў пяць таму ўважаў гэта за правіла.

— А цяпер? — Надзея ўзняла галаву і паглядзела Антосю ў вочы.

— Цяпер? Цяпер я ведаю... цяпер я ведаю, што пражыў марна. Вось вярнуўся сюды — хоць нейкі сэнс з’явіўся, зямля пад нагамі адчулася. Бізнес во такі разгарнуў — трэба ж было некуды ўкласці грошы, якіх нахапаў, як дурань мухамораў у лесе. Усё здавалася раней, што грошы — апора і аснова.