Выбрать главу

— Дык у вёсцы ж без жанчыны — зусім ніяк.

— Ды... была думка запрасіць якую, каб гаспадарку вяла. Але ж замужнюю браць — даць мясцовым падставы для плётак, незамужняя — тое самае, ды сама яшчэ чаго надумаецца, ну, сур’ёзнага чаго...

— Баішся сур’ёзнага? — здзівілася Надзея.

— Баюся, — кіўнуў галавой Антось. — Я тут... Не веру я ў тое, што раблю. Колькі ў мяне ў жыцці было ўсякага, калі ўсё абрыналася, сам у яміне апынаўся, без анічога... Я тут вылузваюся — і чакаю бяды. Чакаю, што некалі застануся ці на галавешках, ці за кратамі. Чужы я тут са сваім хутарам. Воўк — ён усім чужы. Нават колішняй роднай зграі.

Антось гаварыў амаль спакойна, без нутранога напружання, без нот шкадавання да самога сябе. Гаварыў, як вяскоўцы гавораць пра надвор'е: ёсць і ёсць, і нічога не паробіш. Ён яшчэ падкінуў паленца, закінуў нагу на нагу, церануў далонню лоб, потым увесь твар, як усё адно здымаў з яго павуцінне, выпрастаўся і сказаў:

— Не мне, Надзя, пра адналюбства гаварыць — то хай маладыя робяць. Але сёння мне меней за ўсё хочацца якую жанчыну ў свой лёс прымешваць. А асабліва — цябе.

— Таму і не прапануеш мне застацца на сваім хутары? — нечакана спытала Надзея, без гуллівасці, сур'езна.

— Пажыць, адпачыць тут — калі ласка, — старанна хаваючы ўзніклае хваляванне, адказаў Антось. — А застацца... не, не прапаную.

— А калі я цябе папрашу пусціць мяне да сябе жыць? — Надзея казала нібыта спакойна, але голас уздрыгнуў на апошнім слове, і яна дадала памяркоўна, каб прыхаваць уласнае хваляванне: — Буду табе варыць есць, мыць, прыбіраць, як хатняя гаспадыня. Пусціш?

Антось маўчаў. Глядзеў у агонь, не ўздымаў на жанчыну вачэй. Яна не стала патрабаваць адказу, загаварыла сама:

— Тут... Колькі гадоў я не адчувала такой... заспакоенасці. Сёння сапраўдны мур адгарадзіў мяне ад усяго таго свету. Вось я расказала табе, а страху не было. Мне здаецца, што сюды, на хутар, нічога не можа прыйсці злога, нядобрага. А пакуль што мне і праўда няма куды кіравацца. Хутчэй за ўсё мая настаўніцкая кар'ера кончылася, у горадзе мне ўжо не ўладкавацца. Вядома, паспрабую знайсці працу. Хоць матэматыку цяжка, філолагам трэба было, як ты...

— Адпачні тут... — Антось як не чуў Надзею, пачаў гаварыць пра сваё. — Пажыві... колькі хочаш. Будзе сумна, можаш... ну, нейкія справы знойдзеш для сябе. А захочаш застацца на даўжэй... Калі праўда захочаш... я буду думаць, што мне Гаспадар Бог падараваў другі шанец.

Яны замоўклі, доўга сядзелі так, глядзелі на полымя. Так шмат было сказана абаімі, але, здавалася, яны не сказалі адно адному нечага яшчэ, нечага галоўнага, значнага, пасля чаго толькі і можна рабіць крок вось ад гэтага вогнішча.

Надзея схамянулася, выпрасталася, загаварыла, як старэйшая і мудрэйшая:

— Дзень такі быў... Каб адразу спаць легла, то ў вачох усё стаяла б. Там дзед Уладзя мне траву даў, трэба заварыць нанач...

— Дык тут чайнік гарачы, — рэзка абудзіў у сабе актыўнасць Антось, падхапіўся з месца, пасунуў закураны, чорны чайнік да чырвонага вуголля. — За тры хвіліны закіпіць. Нясі сваю траву...

Надзея ўзнялася з месца, пайшла ў дом, вярнулася з пакуначкам.

Калі вада закіпела і Антось запарыў у кубку зёлкі, Надзея папрасіла:

— Ці можна заўтра зранку з'ездзіць у горад? Дзед Уладзя не раіў пакуль што... Але Алеся прасіць не хачу, ён у мяне надта ж датклівы. Мне ў кватэру трэба. Узяць... чаго з рэчаў. Мяне Ганначка пакуль што выручыла, але ж... жанчыны — такія істоты, ім штодня так шмат трэба!

— Дык ад ранку і з'ездзім, — ахвотна пагадзіўся Антось.

— Толькі... Я цябе папрашу, а ты паабяцай, добра? — пасур’ёзнела Надзея, зазірнула Антосю ў вочы.

— Абяцаю, — пракаўтнуў Антось, не ведаючы, што яго чакае.

— Дык вось... Калі раптам там, у кватэры... ці каля дома... ці яшчэ дзе я раптам пачну... пачну паводзіцца неадэкватна, раптам пачну крычаць, ці нават калі зачынюся ў сваім пакоі, у лазенцы, пачну цябе выганяць, схаваюся пад ложак... ты, Антось, паабяцай мне, што ты мяне выцягнеш, жывасілам выцягнеш. Трэба, дык рот заткнеш штодня, рукі звяжаш, ускінеш на плечы і панясеш. Але абавязкова, чуеш, абавязкова зноў прывязі мяне сюды, у Карчаваху да Ўладзі, да сябе на хутар. Не кідай там. І не выклікай ніякіх лекараў. І... калі здарыцца, Алесю... не кажы. Добра?

Антось моўчкі нахіліў галаву.

Уладзімір чуў, як Надзея зайшла ў пакой, прычыніла за сабой дзверы, раздзелася і легла. Чуў, як укладваўся ў вялікім пакоі, там дзе кампутар, Антось. Сіліўся заснуць — і не мог. Сон не йшоў. Ён ведаў, што ў доме ніхто не спіць. І вінаваціў у тым сябе. Яшчэ ніколі ён не адчуваў сябе не тое што лішнім, а сапраўднай перашкодай для людзей. Чаму ён не настояў на сваім, паслухаўся Антося і застаўся тут, а не пайшоў у Карчаваху да Уладзі? Ён лішні тут... Ён замінае...