Выбрать главу

За гэтым самапапіканнем спакваля, ніадкуль з’явілася прыкрасць і крыўда: куды яму ісці? Навошта ён тут наагул? У яго ёсць пакой у бабулькі, у яго ёсць Ірына, дык чаму яму не быць там? Навошта яны яму ўсе: Антось, Надзея, выкладнік Алесь Лобач? Падумаеш, нешта там прымроілася, нешта здалося... ну, захварэў, нешта навалілася, дык жа цяпер усё нармальна! Чаго яму чапляцца за жыццё гэтых сапраўды чужых людзей? Хто яны яму? Хто ён ім? Ды ніхто... Для Антося — найміт. Вось, памог у адным, цяпер як ад’ютант пры генерале. “Студэнт”... Хай цяпер Антось і не называе яго гэтак, але ж у думках, за спінай, заве, уважае за недамерка...

Мабыць, мінула гадзіна. Сцішанасць у доме была выразнай, штучнай. “Чакаюць, пакуль я засну”, — думаў Уладзімір. І ад гэтай думкі было невыносна. Ніколі не ўяўляў сябе ў такой ролі — перашкоды для мужчыны і жанчыны. “Пайду, падыму Антося. Няхай дасць ключы, лягу ў аўтамабілі...” — падумаў Уладзімір, але ўсё цягнуў, спадзяваўся, што сон прыйдзе.

У вялікім пакоі пачуўся шоргат, крокі. Пстрыкнуў вымыкач на кухні. “Антось падняўся”, — усцешыўся Уладзімір. Цяпер прасцей будзе запытаць ключы ад машыны. Нацягнуў джынсы і пайшоў на кухню.

Антось, у саколцы і спартовых нагавіцах, сядзеў пры стале, дзе стаяла пачатая пляшка з каньяком. Дзвюма рукамі трымаў, пакручваў у пальцах напоўнены кілішак. Ён зусім не здзівіўся з’яўленню Уладзіміра, хутчэй узрадаваўся, паказаў вачыма на канапу:

— Сядай, Валодзька. Будзеш са мной крышку? Мне таксама ніяк не заснуць...

У ягоных словах было гэтулькі скрухі і самоты, што Уладзіміру стала сорамна за свае думкі, маўляў, ён замінае Антосю і Надзеі ў нейкіх інтымных планах. Павярнуўся да шафкі, узяў кілішак.

Выпілі моўчкі. Антось расчыніў шырэй акно, зняў з падаконня крышталёвую попельніцу, чысцюткую, пасунуў па стале:

— Закурвай тут. Я дзверы прычыню. Пасядзім... Памазгуем. Кажаш, паслязаўтра там шабаш на тым лецішчы?...

— Так... — Уладзімір скарыстаўся дазволам, закурыў. Зацягнуўся раз і другі і сказаў нечакана для сябе: — А Надзея... прыгожая. І яна — добры чалавек.

Антось ніяк не зрэагаваў на пачутае, зноў наліў у кілішкі.

— Валодзька, ты ведаеш, што гэта такое: чакаць усё жыццё адну жанчыну?

— Адкуль? — сур’ёзна адказаў Уладзімір. — Я нікога не чакаў.

— Вось, Валодзька, і я не ведаў. Жыў і не ведаў, што я жыву і чакаю. А сёння зразумеў. Ведаеш, ляжаў во, усё пражытае пранеслася. І раптам падумаў, дакладней — успомніў: я ж кожны раз, калі падымаўся высока, калі на кані быў, думаў: а вось каб бачыла яна мяне... А калі на самае дно падаў, галадаў, на гнілой саломе ля свіней спаў, то недзе во там, — Антось пачухаў патыліцу, — там мільгала такое: добра, што яна не бачыць. Вось і выходзіць, Валодзька, што я ўвесь час пра яе помніў. І не сам жыў, а нібыта ёй даводзіў.

— А цяпер? — асцярожна пацікавіўся Уладзімір.

— Цяпер — не. Тады, калі ў Маскве прадаў свой бізнес, вось тады як падвёў рысу і адсёк тое жыццё. У якім яна была. І стаў жыць проста для сябе.

— І тады яна прыйшла, — канстатаваў Уладзімір.

— Ага, тады прыйшла, — стомленым рэхам паўтарыў Антось. — Усе мары маюць адну ўласцівасць — яны спраўджваюцца. Ці ўжо некалі спраўдзіліся, а мы проста не заўважылі таго...

— А чаму... чаму вы разышліся? — спытаў Уладзімір. — Неяк ты і не казаў.

— Рэўнасць дзіцячая, — скрывіўся Антось як ад кіслага. — Я потым даведаўся... сустрэў быў аднакурсніка свайго, з якім у пакоі жылі. Там... дзяўчына адна замешаная была, надта хацелася ёй за мяне замуж. Вось яна і падбухторыла майго сябра. Прыйшла да яго. Надзея ў гэты дзень да цёткі паехала, ці яшчэ куды. Карацей, мы з ёй планавалі сустрэцца наранку. Я пайшоў пагуляць да сяброў, як дамовіліся, вярнуўся гадзіны праз тры. А яны, сябар з той дзяўчынай, у пакоі. Выпіваюць. Ну, і мяне клічуць. Сябар раніцай ехаць некуды мусіў, маўляў, ноч гуляем. Аднекваўся, але чарачка за другой — паляцелі тармазы. Налівалі яны мне як мага болей, я і выпіваў, каб хутчэй заснуць ды ім волю даць. Чуў яшчэ, як мяне распранулі, заваліўся спаць. Прачынаюся — цесна. Вачыма лыпаю, нічога не разумею: ляжыць са мной у ложку тая дзеўка. Галаву падняў — сябра няма, ягоны ложак засцелены. Штурхаю яе, яна толькі мыкае. Голая ўся... а тут у дзверы грукочуць. Галава цяжкая, як бязмен. Нічога не разумею. Адчыніў. Там — Надзея. А тая ў ложку галаву раскудлачаную з-пад коўдры высунула, глядзіць, пасміхаецца. І я стаю, ківаюся і па Надзеіных вачох бачу, якую гідоту выклікаю сваім выглядам... От так і скончыліся нашы з Надзеяй сустрэчы. Паспрабаваў адзін раз пагаварыць, ды яна не стала і слухаць. Усё, болей не спрабаваў, гонару шмат. Праз пяць... так, праз пяць гадоў тая Надзеіна сяброўка на сустрэчы ўсё расказала... Калі мяне распраналі, яна ключ ад пакоя з кішэні выцягнула. А раніцай сябар паехаў, яна і прыйшла... Потым, так во склалася, яна замуж пайшла за таго майго сябра, яму прызналася, ён і прымусіў расказаць, хоць і запозна было. Яна зацяжараць нешта не магла. Дык яны і думалі, што калі я і Надзея іх прабачым, то будзе добра... Для ўсіх.