Выбрать главу

— І нарадзілі? — запытаў Уладзімір, асцярожна прытушыўшы недакурак на чысцюткай паверхні крышталя.

— Нарадзілі, чаго там нараджаць, калі абодва здаровыя... — Антось страпянуў галавой, як адганяючы думкі, як конь злых надакучлівых мух. — Валодзька, бліжэй да справы...

Асцярожна рыпнулі дзверы, адчыніліся. Надзея стаяла на парозе, прытрымвала крыссё цеснага просценькага халата, які, відаць, пазычыла ёй Ганна, пазірала з дакорлівай усмешкай.

— Вечара ім мала было... І мне не заснуць ніяк.

— То сядай, сядай, — Антось усхапіўся з месца, пасунуў услончык з-пад стала. — Сядай з намі... Ці на канапу... Мы тут з Валодзькам ніяк змірыцца не можам, што пляшка адкаркаваная стаіць, — няўклюдна пажартаваў ён, дастаў яшчэ адзін кілішак, наліў. — Падрэзаць чаго? Сыр ёсць...

— Тут сяду... Не, не трэба нічога, — адмовілася Надзея, прысела, хацела пакласці нагу на нагу, але пабачыла, як высока агалілася яе калена, села роўна.

Уладзімір заўважыў гэты рух жанчыны і прапанаваў:

— Хадзіце сюды, на канапу сядайце... А я на ўслончык сяду. Тут вам... вальней будзе.

— Ну, добра, — усміхнулася Надзея. — Не буду вас бянтэжыць сваімі голымі лыткамі...

Яна крышку адпіла з кілішка, паставіла яго на стол, потым паглядзела ўважна, пранізліва нават, то на Антося, то на Уладзіміра і загаварыла строга, як старэйшая сястра сярод родных братоў:

— Вось што, хлопчыкі... Я цябе, Антось, ведаю. І калі вы з Уладзімірам агульную мову знайшлі, значыцца, і Уладзіміра крышку ведаю. Прынамсі, ведаю, чаго можна чакаць... Дык вось. Я не прашу, Антось, — Надзея глядзела гаспадару проста ў вочы, — не прашу, зразумей, а загадваю: ты сам не будзеш нічога ўсчынаць, ты ўтрымаеш Уладзіміра, калі ён будзе гарачку пароць, але вы нічога не будзеце рабіць таму міліцыянту, майму былому вучню. І ты мне, Антось, зараз паабяцаеш: не будзе ніякай помсты. Нічога не будзе. Ты і Уладзімір забыліся на той выпадак. Вось... Паабяцай...

— Дык... Як можна забыцца? — ускінуўся Антось.

— Вось так і можна, — настойліва, але адначасна суцяшаючы, быццам малое дзіця, адказала Надзея. — Я не хачу, каб мой колішні вучань пацярпеў праз мяне.

— Нічога не разумею, — горача запратэставаў Антось. — Ён праз цябе пацерпіць? Ты пацярпела!..

— Антось! — спыніла яго Надзея. — Калі ён такім стаў — то гэта мая віна, разумееш? Мая! Усё, не будзем спрачацца. Я не хачу, каб да мінулага вярталіся вы ці я сама. Ты мне абяцаеш?

Антось адвярнуўся да акна, потым устаў, падышоў, прычыніў яго. Павярнуўся да Надзеі, якая не зводзіла з яго вачэй.

— Абяцаю... — сказаў спакойна.

— Ну, цяпер я дакладна буду спаць без непрыемных думак, — са шчырай палёгкай уздыхнула На-дзея. — Дзякуй вам, хлопчыкі. Праўда, дзякуй... Зра-зумейце, усё мінецца, галоўнае — самым застацца ў чысціні... Валодзя, мы заўтра разам у горад з'ездзім, добра? Антосю спакайней будзе.

— Вядома, ніякіх праблемаў... — хутка згадзіўся Уладзімір.

— То я пайшла... Кладзіцеся і вы, — Надзея выйшла з-за стала, каля дзвярэй азірнулася: — Дабранач.

— Вось так, Валодзька, кідаем дурное... — Антось не выпіў, а амаль выліў вадкасць у горла, здаецца, і не каўтаў. Выдыхнуў, зірнуў на Уладзіміра. — Значыцца, усё касуем... Пайшоў я... Ты курыць будзеш? То адчыніш акно шырэй. Можна і не зачыняць — ноч цёплая...

— Пасяджу хвілінку, — кіўнуў Уладзімір.

Ён выкурыў адну цыгарэту, але застаўся сядзець пры стале, дзе ў цэнтры стаялі кілішкі і пляшка з трацінай каньяку.

Усё было добра. Усё склалася так хораша. Але чаму так пуста было на душы — Уладзімір не ведаў. Вось цяпер ён адчуў сябе сапраўды лішнім. Калі паўгадзіны таму яму здавалася, што ён толькі часовая перашкода, лішняя дэталь у стасунках, у жыцці Надзеі і Антося, то цяпер ён стаў проста непатрэбным. Не часова, а назаўсёды.

Надзея сказала тыя словы, якія яшчэ нядаўна былі для Уладзіміра адзіна слушнымі. Дый цяпер ён не можа сказаць, што Надзея не мае рацыі, бо ён жа сам лічыць, што помста — не выйсце. І як бы ні называў гэтую помсту Антось: адэкватным адказам, папярэджаннем, разлікам, але ўсё адно яна застаецца помстай. Ён мусіць цяпер цешыцца, ці хоць адчуваць палёгку, а няма радасці, няма палёгкі, замест іх — прыкрасць і пустэча.