Усё скончана. Так, усё скончана. Перад Уладзімірам пранесліся ягоныя апошнія дні, адзін за адным. Што ж, мабыць, ягоная роля выкананая: ён звязаў, гэта дакладна так, два лёсы — Антосяў і Надзеін, звёў іх... Нехта там, угары, вядзе людзей іх сцежкамі. Некаму жыць, чыніць справы, вялікія і малыя, а некаму быць, вось як яму, Уладзіміру, усяго толькі нагодай і прычынай, яго лёс — церабіць перад некім сцежку такім парадкам, каб яна скрыжавалася з іншай сцежкай, каб зышліся людзі, каб чыніліся іхныя справы. Іхныя, а не ягоныя...
Стала лягчэй ад такіх разважанняў. Бо калі наканавана быць вось такім — куды дзенешся. Таксама роля... Уладзімір закурыў яшчэ раз. Не, не праходзіла прыкрасць, і рэч была зусім не ў адкрытай сваёй ролі. З кожным імгненнем расло пачуццё, што яго, Уладзіміра, прадалі. Не падманулі, а менавіта прадалі...
“Заўтра разбяруся ў дзеда з дровамі і паеду... Трэба шукаць работу”, — падумаў ён, патушыў недакурак, як кропку ставіў у сваёй задуме. “У мяне ёсць Ірына”.
Уладзімір хацеў думаць пра яе, пра Ірыну, але калі заплюшчыў у ложку вочы, узнікла выява Ганны. Гэта было нечакана і трывожна. Што ён, раўнуе яе, Ганну, да Алеся? Не... У яго ёсць Ірына! Ганна... яна ж як сястра яму. Чаму яна?
А Ганніна выява стаяла ў заплюшчаных вачох, быццам прасіла пра нешта, клікала...
ЧАСТКА 9
1
Звечарэла добра. Уладзімір выйшаў на двор, прыкурыў. Неба на захадзе было яшчэ светлаватае, а з усходу ўжо набрыняла густым фіялетам. Ззяла Венера ў вышыні. У зарасніку бэзу за дзедавым гародам заспяваў-зацёхкаў салавей, і жабы, хор якіх глушыў усе іншыя гукі, крыху прымоўклі як засаромеўшыся. Але не здаваліся.
“Хораша як... Ціха, спакойна... Можна ж жыць вось так, бачыць, адчуваць...” — думаў Уладзімір, павольна, з асалодай зацягваючыся. Нават дым ад цыгарэт тут, у настоеным на водары блізкага лугу і балота паветры, быў іншым.
Рыпнулі веснічкі.
Уладзімір азірнуўся на гук — нейкая старая заходзіла на надворак.
І сцялася раптам, аж прыпынілася на імгненне. А потым шалёна затахкала сэрца ў прачуванні страшнага. І сама гэтая старая, і яе паспешнасць, з якой яна расчыняла веснічкі, яе непрыхоплены на завязкі цёмны халат, з-пад якога выглядвала доўгая начная кашуля, і праставалосая галава — усё крычала крыкам пра нейкую бяду.
— Уладзя дзе? Дзе Уладзя?! — сіпла закрычала старая, а голас быў слабым, не крык зусім, адзін выдых.
— Я Уладзімір, — ашалела прамовіў Уладзімір. І адразу зразумеў, што Уладзя — стары ў хаце.
— Дзеда кліч... — выдыхнула старая і, хапянуўшы паветра, загукала сама: — Го-о, Уладзя! Уладзя! Бяда! Бяда!
Стары з’явіўся на парозе сенцаў, быццам стаяў увесь час за дзвярыма. Пэўна ж, яму не трэба было і бачыць старой, толькі чуць яе голас, каб зразумець страшную сур’ёзнасць невядомай пакуль што навіны.
— Што, Марута? — рэзка, але несурова запытаўся стары, і ў яго пытанні быў загад супакоіцца, казаць пра справу.
— Ганначка... забралі... Праз акно бачыла: нейкі пад’ехаў на машыне, клікаў-клікаў... Яна акно адчыніла, з ім гаварыла. Угаварыў ён яе... Выйшла яна... — і Марута не стрымалася, сарвалася на галашэнне: — Аёй, дзеванька, сама сярэдзіна тыдня гнілога, нельга ж ёй выходзіць было, нельга, казала ж... — і спахапілася, нібыта адчула строгі Уладзеў позірк, працягнула: — Яна выйшла, тут аднекуль з хмызняку, як з-пад зямлі, двое выскачылі. Схапілі яе — і ў машыну закінулі. Паехалі...
— Куды? — нервова перапыніў стары.
— У бок Кута...
— А-а-а, — выгукнуў стары і сарваўся з месца, імкліва, наважна, але не ў бок расчыненых веснічак, а ў глыб надворка, да кучы дроў.
Уладзімір адхіснуўся ад яго, толькі цяпер зрабіўшы некі рух. Адчуў, як згарэлая цыгарэта пячэ пальцы, і міжволі расціснуў іх.
Стары адным рухам шмаргануў з калодкі сякеры.
— Хутчэй!
Гэты ягоны кароткі загад Уладзімір прыняў і да сябе.
Прыцемкі загусцелі, вузкая дарога шараватай пакручастай паласой бегла наперад і страчвалася бліжэй да недалёкага лесу, што пагрозліва цямнеў на фоне святлейшага неба.
Уладзімір бег за старым. Ззаду чулася цяжкае хаканне, і ва Уладзіміравай галаве нечакана ўзнікла і не адчаплялася прыкрая думка: як старая жанчына можа паспяваць за імі? Няўжо не астанецца? От бабулька... Не было іншых думак — можа, таму, што Уладзімір не пускаў іх да сябе, гнаў прэч. І пра Ганну гнаў, пра яе — найболей...
Стары раптам рэзка збочыў, пабег напрасткі, лугам. Уладзімір трымаўся за ім, не бачачы пад нагамі дарогі, толькі падэшвамі босых ног адчуваючы ўбітую сцежку. Скора пад нагамі зачаўкала — пачалася балаціна.
А стары бег і бег, моўчкі, не спыняючыся, напрасткі, як той звер, што напаў на след, і нішто яго цяпер не магло прымусіць спыніцца ці звярнуць.