Выбрать главу

Вада месцамі даходзіла амаль да каленяў, добра, што было не топка.

Урэшце яны апынуліся на сухім і цвёрдым — гэта быў востраў сярод балаціны. Стары стаў, азірнуўся і хоць нічога не сказаў, але Уладзімір зразумеў, што трэба затаіць духа.

Было ціха і мёртва — нават жаб не чуваць.

Стары неўпрыкмет махнуў рукой — і яны пайшлі праз негустыя зараснікі ядлоўцу, потым — бярэзнікам, што свяціўся тонкімі прывідамі камлёў. Далей лес пагусцеў, ішлі навобмацак.

Прагучаў стрэл.

Кароткі і глухаваты. Рэха не паспела і падхапіць, як гук растаў сярод дрэў.

Стары рвануўся наперад, не выбіраючы дарогі.

Секла па твары, чаплялася, драла нешта за цела. Уладзімір бег, і тая халодная пустэча, якую ён адчуў пасля стрэлу, выгнала з душы і цела пачуцці і адчуванні. Нічога не было — нават стома некуды знікла.

З разбегу Уладзімір ледзь не стукнуўся аб спіну старога, які спыніўся.

Нешырокая паляна ледзь адгадвалася ў густой цемры. Пасярод паляны нешта бялела... Так, як магло бялець цела... Аголенае цела чалавека.

Стары рушыў туды. Уладзімір — за ім. Мужчын апярэдзіла Марута. Яна з нечалавечым падвываннем на невыносна высокай ноце: “І-і-і-і!” наблізілася да ляжачага на траве.

— Не чапай! Позна... — глухім загадам спыніў яе стары, але Марута і сама застыла над распрастаным целам.

Уладзімір глядзеў на сярэдзіну паляны, як на кадр з нейкага фільма — толькі жах, болю не было, гора не адчувалася.

Ганна была ўся аголеная. Яна ляжала на зямлі бокам, у нейкай неверагоднай для чалавека паставе: абедзве нагі сагнутыя ў каленях, адна падцягнутая ўверх, быццам жанчына бегла. А рукі... рукі немажліва так пакласці жывому. Зноў жа пазгінаныя ў лакцях — адна ўверх, другая ўніз. І прыціснутыя да зямлі.

Уладзімір страсянуў галавой і раптам зразумеў, што Ганніна цела распрастанае ў выглядзе свастыкі. А пальцы рук і ног амаль краналіся чатырох вялікіх камянёў, напалову ўрослых у зямлю

— Ганна...

Уладзімір не змог стаяць на нагах — нібы хто кінуў яму цяжкі мех на плечы, і ён упаў на калені і тварам пацэліў бы на Ганніну нагу, каб стары не перахапіў яго:

— Не чапай! Не чапай яе!

Уладзімір нічога не разумеў — ні таго, што тут адбылося, ні пагрозлівага крыку старога, ні паводзінаў ягоных і старой Маруты.

— Марута, сарочку давай! — загадаў стары, і Марута паспешліва адвярнулася, скінула свой халат, а потым праз галаву — белую сарочку.

Стары ўзяў сарочку, адным рухам разадраў яе ўздоўж, разаслаў. Стаў мацаць вакол Ганнінага цела. У адным месцы загроб рукамі зямлю, прынёс і паклаў асцярожна на тканіну сарочкі.

— Сякеру падай, — папрасіў старую.

Марута падняла з зямлі сякеру, паднесла. Стары абгарнуў зямлю тканінай і стаў ціснуць над лязом. Скацілася адна, другая чорная кропля.

— Валодзька, устань! Устань, кажу!

Уладзімір падняўся з каленяў, адчуваючы нейкую няўцямную надзею ў гэтых дакладных загадах, дзеяннях і ўпэўненым голасе старога Уладзі.

— Бяжы да мяне. Хутка бяжы. У курніку ў левым куце кошык стары. Там яйкі павінныя быць. Вазьмі адно.

— Яйка? — ашалела запытаўся Уладзімір.

— Яйка, — спакойна ўдакладніў стары. — Поклад не захапі — ён навобмацак шурпаты, загаджаны. Хутка бяжы! Як можаш — хутка!

І толькі цяпер у голасе старога адчуўся страшэнны боль.

Уладзімір бег праз зараснікі, потым балацінай, дарогай — і бег так, рыхтык у тым самым яйку, якое ён мусіў прынесці, было не проста збаўленне, а патаемная сіла, якая зможа перакуліць час, вярнуць на месца той момант, калі ён курыў на надворку ў старога...

Яек у кошыку было тры. Ніяк не мог вызначыць, якое болей шурпацейшае, схапіў два, як падалося — найгладчэйшыя, і назад, той самай дарогай, з той самай упэўненасцю, што стары зараз разаб'е адно яйка ў цэнтры тых камянёў над нерухомым Ганніным целам — і вернецца крумканне жаб і салаўіны пошчак.

Было цёмна, і блізкі лес адгадваўся толькі вяршынямі на фоне неба ў рэдкіх кропках зорак. “Гнілы тыдзень”, сказала старая Марута. Тыдзень без Месячыка... Уладзімір не баяўся заблудзіцца — ён цяпер мог бы знайсці тое месца з заплюшчанымі вачыма, яно вяло, цягнула яго да сябе праз гнілую цемру балаціны.

На паляне было неяк святлей, можа, зоркі над галавой, зыркія, белыя, спрыялі таму, ці вочы прызвычаіліся да цемры.

Цела жанчыны ляжала гэтак жа нерухома.

Стары навыграбаў з-пад яго невялікую кучу зямлі, насычаную крывёю, — яна ляжала на белай матэрыі сарочкі.

Старая Марута цягнула аднекуль ахапку сушняку, складала за колькі крокаў ад месца забойства.

— Давай, — стары працягнуў руку па яйкі, зусім не здзівіўся, калі Уладзімір паклаў у ягоную далонь два гарачыя, вільготныя.