Адно стары вярнуў.
— Хадзі, пасвеціш, — паклікаў Уладзіміра стары.
Уладзімір стаў паспешліва ляпаць сябе па кішэнях, каб намацаць запальнічку, там жа малюсенечкі ліхтарык умантаваны...
— Вымкні гэта, — незадаволена адрэагаваў стары на мёртва-блакітнае святло светладыёда. — Вось, смаляк падпалі...
Роўнага, густога полымя смаляка было досыць для занятку старога. Ён адарваў ад сарочкі некалькі шматкоў. Паклаў на зямлю сякеру, на яе лязо — белае яйка. Набіраў мокрай ад крыві зямлі ў шматкі матэрыі, заварочваў і ціснуў...
Кропля за кропляй падала на белае яйка, і тое пакрывалася чорнымі плямамі, пісягамі. Рабілася чорным...
— Ідзі... Падпальвай, што Марута назбірала...
З амаль дагарэлым смаляком Уладзімір падхапіўся з каленяў, на якіх сядзеў, пакуль свяціў старому.
— З усіх чатырох канцоў падпальвай...
Старая Марута складала не ў адну кучу, Уладзімір пабачыў, што сухія яловыя лапкі, хваёвыя галіны складзеныя нейкім узорам.
— Адсюль пачынай, — ціха сказала Марута, — і па крузе...
Уладзімір паднёс смаляк да сухіх яловых лапак, тыя з ціхім трэскам жыгнулі. Калі агонь занялося з усіх чатырох канцоў і хутка пачаў збягацца да сярэдзіны, Уладзімір пабачыў, што перад ім — палае на зямлі свастыка. Такая самая, і паводле велічыні такая самая, як распрастанае побач Ганніна цела.
Не пытаўся ні пра што.
Стары сядзеў воддаль перад сякерай на каленях, на лязе якой ляжала чорнае курынае яйка, тварам да свастыкі, што гарэла на зямлі. Вочы ягоныя глядзелі на агонь, як на жывую істоту, вусны ледзь падрыгвалі. Падавалася, стары некага бачыць і нешта кажа яму, невідомаму.
Урэшце ён падняўся, асцярожна ўзняў сякеру і прынёс чорнае яйка да агню.
Марута пацягнула Уладзіміра за сабой, паставіла каля аднаго канца агністага калаўрота — якраз спінай да раскрыжаванага цела, сама адышлася далей, на другі канец. Стары наблізіўся да цэнтра вогнішча і нахіліў лязо сякеры. Яйка, бліснуўшы густым барвовым колерам, скацілася ў полымя. Уладзя паклаў сякеру на трэці вугал свастыкі, сам стаў на чацверты.
Раптам стала ціха — нават полымя гарэла без адзінага патрэсквання, роўна, па ўсіх лініях.
— Святыя Радзіцелі нашы! Не пакіньце нас без заступніцы нашай, дачкі вашай! Прыміце да сябе дух яе!
Уладзімір уздрыгнуў — такім нечакана гучным, надрывістым быў голас старога.
— Святыя Радзіцелі нашы! Не пакіньце нас без заступніцы нашай, дачкі вашай! Прыміце да сябе дух яе! — тужлівым рэхам раптам азвалася баба Марута, і ў наступнае імгненне Уладзімір зразумеў, што зараз ягоная чарга.
Яго ахапіў страх, ён быў пэўны, што ні гука не зможа вырвацца з ягонага перасмяглага горла. Мабыць, паўза зацягнулася — на Уладзіміра каротка зірнуў стары.
І тут навалілася адразу і ўсё. Прыйшло разуменне таго, што адбылося: Ганну забілі. Такой роднай яму жанчыне ніколі не ўзняцца з зямлі. Яе няма, яе не стала. І ўзніклы ўсярэдзіне боль стаў рвацца на волю — каб выйсці праз рот і вусны дзікім скавытаннем, выццём і нечалавечым крыкам. Уладзімір пракаўтнуў гэты прыступ, хапянуў паветра, і ў наступны момант яно вырвалася словамі роспачы і просьбы:
— Святыя Радзіцелі нашыя! Не пакіньце нас без заступніцы нашай, дачкі вашай! Прыміце да сябе дух яе!
Полымя на зямлі каля Уладзіміравых ног калыхнулася. Рэзка загуло, ірванулася сваімі трапяткімі языкамі да цэнтра — з усіх чатырох бакоў, вырасла там вышэй за іхныя галовы чырвона-жоўтым празрыстым слупам.
Уладзімір глядзеў на яго, разумеў, што адбываецца нешта, непадуладнае ягонаму розуму, але не адчуваў ні страху, ні здзіўлення.
Слуп полымя выгінаўся, мяняў сваю форму і пакрысе стаў набіраць форму жанчыны. Нечым так падобную да Ганны...
Агняная трапяткая жанчына нахілілася да старога, потым полымя кінулася да бабы Маруты.
Уладзімір замёр. Вось цяпер страх сціснуў сэрца.
Але хацелася, так хацелася, каб і да яго павярнуўся, наблізіўся агняны слуп у форме жанчыны!
І той нібыта пачуў — і не імкліва, адным рухам, а няспешна, асцярожна (“Не хоча, каб я напужаўся”) пачаў набліжацца. Бліжэй, бліжэй...
Вось зараз ад нясцерпнай гарачыні затрашчаць валасы на галаве...
Але полымя не абпальвала. І нават не грэла. Яно было проста... жывым. Галава агнянай жанчыны была на адным роўні з Уладзіміравым тварам. З вачэй у яго раптам пакаціліся слёзы. Яшчэ момант — і Уладзімір адчуў, што ўвесь ахутаны полымем і стаіць, не гарыць.
І нешта ўвайшло ў яго. Было не зразумець, што гэта, але яно было. Галава раптам стала светлай, быццам нехта ўладна, але далікатна расклаў думкі, як кнігі па паліцах. Прыйшло разуменне... разуменне чаго? Уладзімір не ведаў. Ён проста адчуў, што ён нешта зразумеў. Важнае. Вельмі-вельмі важнае...