Выбрать главу

— Вёска ў нас вымірае, — нечакана ціха прамовіў ён. — З маладых адзін я і застаўся. Я сам шмат чаго перачытаў, у сеціве знаходзіў... Вось і паступіў.

— Дык... — Лобач нават разгубіўся ад такога адказу, потым з палёгкай (студэнт не пакрыўдзіўся) дадаў: — Калі, мой шаноўны, вымірае вёска, дык з вёскі не ўцякаць трэба, а заставацца там жыць, дзяцей нараджаць! Не на гістарычны трэба паступаць, а на эканамічны, гаспадаранню на зямлі вучыцца!

Ён пасунуў залікоўку да Уладзіміра.

Жабрун склаў залікоўку, паклаў у кішэню сарочкі.

— Гэта не паможа, — ціха і пераканаўча адказаў ён. — Праклятая наша вёска.

— І хто ж яе пракляў? — здзівіўся Лобач, не мог утрымацца, каб не спытаць далей: — І вы што ж, надумалі шукаць супраціву заклёну ў універсітэце?

— Можа, і так, — шчыра паціснуў плячыма Уладзімір Жабрун. — Я думаў... Мы неяк не так жыць сталі. Ну, не так, як раней. Вось таму...

— Як — не так? — не стаў хаваць сваёй цікавасці Лобач.

— Раней... Раней, помню, маленькім быў, дык на хаўтурах людзі плакалі, галасілі. Я аж спалохаўся быў першы раз. І потым жудасна было чуць галашэнне. А на вяселлях раней спявалі, скакалі ўсе... Сёння не галосяць на пахаваннях, за труной ідуць, пра розныя справы гавораць: ці добра бульба ўзышла, якая новая атрута ад жука ёсць, ці пастаіць пагода, каб сена высушыць. А на вяселлях, на якіх быў, толькі моладзь танцуе... пад калонкі. А рэшта сядзіць, глядзіць, не спявае...

Уладзімір палічыў, што размова скончаная, памкнуўся ўстаць, каб ісці.

Лобач прытрымаў яго:

— Выбачайце, але я пакуль што ніяк не знаходжу сувязі з гістарычным факультэтам вось гэтых з’яў. Тое, пра што вы кажаце, ляжыць зусім у іншай плоскасці: у эканамічнай, сацыяльнай...

— Я думаў, тут даведаюся...

— Пра што? Пра заклён? — не мог не ўсміхнуцца Лобач.

— Ну, і пра яго...

Уладзімір нейкі момант быццам раздумваў: казаць ці не казаць, потым выдыхнуў, як перад скокам у ваду і загаварыў перш спакойна, а потым горача і ўсхвалявана:

— У нас вёска маленькая, дваццаць двароў. А сядзіба калгасная праз лес. Я малым быў, дзяцей было ў нас — у кожным доме. Узімку на Каляды па хатах хадзілі, калядавалі. На Вялікдзень пасярэдзіне вёскі гуртаваліся, яечкі фарбаваныя качалі, спаборніцтвы цэлыя былі. І ўсе-ўсе людзі выходзілі, святочна адзетыя. Бацька, як яшчэ жывы быў, нам з братам абавязкова на Вялікдзень абновы купляў: ці чаравікі, ці пінжачкі. А Купалле якое ладзілі! А цяпер... няма нічога. Я думаў... што гэтыя святы мы потым няслушна сталі рабіць... Не так сталі ўсё рабіць. Камень чортаў сцягнулі, дубовы гай высеклі...

— Нечаканая выснова, — шчыра здзівіўся Лобач. — Хоць і не вы першы ўскладаеце віну за існы стан рэчаў на няслушнасць выканання пэўных абрадаў, але тое, выбачайце, практыкуецца... практыкавалася ў каменны і трошкі пазнейшы век.

— Дык жа людзі не змяніліся, што ў каменны век, што ў наш, — асцярожна запярэчыў Уладзімір.

— Думаю, вы памыляецеся, — мякка сказаў Лобач. — Людзі змяніліся і змянілі свае абрады... А што там за заклён? І як можа навука дапамагчы?

Уладзімір першы раз зірнуў выкладніку ў вочы, і Лобач прыемна здзівіўся — у хлопца быў сапраўдны сум у вачох. Хоць і дагэтуль ён верыў у шчырасць ягоных слоў.

— Самыя вінаватыя... Мне бабуля казала... Тады амаль уся наша вёска была з Жабруноў. А за лесам стаяў маёнтак, дзе цяпер сядзіба калгасная. Ну, у вёсцы, у асноўным, усе тыя былі, хто ў маёнтку працаваў. Калі пачалася рэвалюцыя, мужыкі адзін аднаго падбухторылі дый пайшлі маёнтак рабаваць. За імі і бабы. Уначы. А варта ж таксама свая была, з вёскі. Скляпы парасчынялі, бочку з віном выкацілі, пілі. Цягнулі, хто што мог... Коней са стайні пахапалі, кароў з хлявоў, авечак на спінах цягнулі. Пан, казала бабуля, назіраў з акна, моўчкі. Потым падпілі добра, сталі ў дзверы панскага дома біць. Дзвярэй пан не адчыняў. Тады падпалілі дом. Там пан і згарэў, разам са сваёй хворай маці і малодшай дачкой, бо старэйшая дачка з жонкай акурат тады паехала некуды на воды. Бабуля казала, што ўсе бачылі, як дом палае, а пан... Ён пан добры быў, не здзекаваўся з людзей, як хто жаніўся з рабочых маёнтка, то на вяселле добра даваў і грошай, і рознага там на разжытак, і лесу на хату... Дык вось, пан да апошняга моманту ў акне стаяў і на людзей глядзеў... Ну, з таго і пачалося. У нашай вёсцы хіба што жанчыны сваёй смерцю паміралі, а мужчыны гінулі... Пажараў шмат было, раз палова вёскі гарэла: бура была вялікая, адкуль той агонь прынесла. У пажарах і дзеці гінулі. А мужыкі... То лясіна ў лесе прыдушыць, то конь капытом у скроню пападзе, то між сабой паб’юцца ды за нажы хопяцца. А цяпер во паспіваліся яшчэ: хто ў вар'ятні ляжыць, хто сядзіць у турме, хто наагул сінім полымем згарэў. Жабруны... ну, яны амаль усе радня былі. Дык вось, я апошні і застаўся. Брат быў... Паўмесяца таму згарэў... разам з нашай хатай.