— Я знайду крыж! — упарта сказаў Уладзімір — менавіта гэтыя думкі цяпер перапаўнялі яго. Ён не разумеў дакладна, не мог зразумець пакуль што ўсяго пачутага, але адчуваў, што кажа слушна, што так і мае быць. Бо ён — абраны, ён заступнік. Хоць што яму давядзецца рабіць, ён не ведаў, нават уявіць не мог, але ён увесь цалкам быў падуладны адному вялікаму пачуццю: рабіць тое, што хочаш рабіць.
Уладзя нават галавы не ўзняў на ягоны вокліч, кінуў сукаватую палку ў іх невялікае вогнішча.
— Знайдзі, — сказаў вельмі ціха, амаль папрасіў ён. — Ахоўніца сама прыйдзе... Потым. Але да Кветкі два дні засталося...
Старая Марута прысела побач.
— Ну вось... няхай прыязджаюць цяпер.
Уладзімір зірнуў на старую, потым павярнуўся — на мёртвае Ганніна цела. Пабачыў, што жанчына была ўжо адзетая.
— Там жа... Сляды ад аўтамабіля застануцца, — ціха прагаварыў ён.
— Не будзе слядоў, — адказаў Уладзя. — Пад раніцу дождж пойдзе, вялікі. Нас не зачэпіць. Сляды змые. Так лепей...
Уладзімір ведаў невядомым веданнем, што так і праўда лепей. Лепей, калі міліцыя знойдзе тут Ганніна цела, і пад левай дзявочай пругкай цыцкай, смочак якой не кранаў дзіцячы раток, міліцыянты пабачаць глыбока ўбіты нож. І адбіткі пальцаў на гэтым нажы супадуць з пальцамі таго, хто ляжыць недалёка з разнесенай на чарапкі галавой. І так усё ўсім будзе зразумелым і ясным, і ніякіх пытанняў болей задаваць не варта будзе нікому. Бо яна, міліцыя, не паверыць у аўтамабіль і постаці, міліцыі нельга ведаць пра Крыж і Кветку.
Бо гэта — іх справа, іх жыццё.
2
Смерць і пахаванне Ганны раздзялілі вёску. Людзі падзяліліся на тых, хто ўспрымае жыццё паводле тэлевізійных серыялаў, дзе для гвалтоўнай смерці чалавека знойдзецца толькі дзве прычыны: грошы ды сэкс, і тых, хто здольны бачыць хвалькі на роўнядзі азёрнай вады нават у самы пагодлівы дзень, хто ўмее зазірнуць глыбей, хто прызвычаіўся шукаць існасць і сапраўдную прычыну.
А разам з тым неяк сцішылася вёска, скурчылася, адчула чужую, варожую ўладу. Страх найшоў і на тых, хто прычыну Ганнінай смерці тлумачыў проста: “дажаніхалася”. Бо вось яно — жорсткае, бесчалавечнае прыйшло жыццё. І на тых найшоў, хто ведаў Ганну не толькі як акушэрку медпункта, але і як унучку вядомай ведзьмы, той, якая сабой у час вайны ўратавала вёску ад спалення: смела пайшла да галоўнага афіцэра карнікаў і за руку яго ўзяла, і так нешта казала, што бялеў на вачох у сваіх жаўнераў карнік, дрыжаў, пакрываўся халодным потам. І хоць адразу, сваімі рукамі прыстрэліў варажбітку, але даў загад: з’язджаць. З'ехалі карнікі, не запалаў хлеў з зачыненымі людзьмі, адзінай ахвярай стала яна, Ганніна бабуля, Адарка, а для некага — Радміра.
Усё пахаванне арганізавала гаспадарка. Людзей было не тое што шмат — як ніколі шмат. Ганну ведалі далёка ў наваколлі: для многіх і многіх яна была за лекара ад усіх хвароб, а найболей — ад адзіноты. Яе любілі — і сёння прыйшлі засведчыць гэтую любоў старыя бабулькі ў чорных хустачках, дзецюкі-механізатры, маладыя жанчыны-маці. На могілках людзям стаць не было дзе, больш за паўгадзіны цягнулася развітанне — бясконцым журботным ручаём цякла людская туга паўз труну, што стаяла на высокім насыпе жоўценькага, аж залатога пяску.
Развітальны стол ладзілі ў калгаснай кавярні. Цішком пераказвалі, што гэта першыя тут хаўтуры, бо задорага бяруць, як з простых людзей. А гэтым разам калгас распарадзіўся, бо каму ж яшчэ парупіцца пра такое — у Ганначкі ні родных, ні сваякоў.
...Алесь Лобач амаль не піў. Гарэлка невыносна пякла вусны, як толькі датыкалася. Ён не хацеў гаварыць — зусім. І Надзея, якая і патэлефанавала яму, сказала пра Ганніну смерць, не чапала брата, той як сеў, так і застаўся сядзець нерухома ў куце стала.
Антось, які быў адным з распараднікаў на хаўтурах, паклікаў потым усіх — Алеся, Надзею, Уладзіміра да сябе. І старога Ўладзю запрасіў, але той адмовіўся:
— Без мяне пагамоніце. Ёсць пра што.
Уладзімір, які чуў Уладзяў адказ на Антосява запрашэнне, зразумеў усё па-свойму.
На Антосявай сядзібе, у альтанцы, ён, уздымаючы чарку з налітай на дно гарэлкай, пачаў казаць з такой інтанацыяй, каб ніхто і супраць нічога мовіць не змог, каб зразумеў кожны, што ён, Уладзімір, ведае: і яму дадзенае права, а рэшта павінны проста пакуль што падпарадкавацца і слухаць:
— Ганны не вярнуць. Сюды не вярнуць, да людзей. Але яна жыве. Не пытайце ў мяне, адкуль я ведаю і чаму так кажу. Не ўважайце за вар’ята ці за такога, які ў адзін момант у Хрыста паверыў. Але яна тут, яна разам з намі. Я пэўны, што яна пакажацца... не ведаю як, але вы пабачыце.
— Дык і што? — раптам з халоднай злосцю прагучаў голас Алеся Лобача. — Яе няма, разумееце вы — няма. Зусім няма! Яна была, яна смяялася, яна жыла — і яе цяпер няма! Што вы тут як бабулька якая пачынаеце нешта вярзці наконт душы і таго свету? Вы ж... вы ж — дарослы мужчына! І тут, — Лобач падняўся ў альтанцы, казаў гучна, з надрывам: — Тут не дзеці! Тут дарослыя людзі! Якія дакладна ведаюць, што такое смерць, што такое Біблія, духі, душы і ўсе іншыя святыя казкі! Навошта вы... здзекуецеся?!