Выбрать главу

Лобач рэзка завярнуўся, памкнуўся з альтанкі і пайшоў у бок ракі.

У нейкі момант ён пашкадаваў, што пайшоў так хутка, што не паспеў сказаць ім усяго — ім, якія не ведаюць, не маглі ведаць таго, што ведаў Лобач: якая Ганна была чароўная, неверагодная жанчына, колькі нерастрачанай пяшчоты было ў ёй, колькі жыцця і прагі жыцця! Ішоў берагам ракі і толькі ў думках крычаў ім — Антосю, Надзеі, гэтаму саманадзейнаму студэнту Уладзіміру: “Вы не ведаеце! Вы не ведаеце, якая яна была!..”

Крычаў і адчуваў, як той чорны камень, што з’явіўся ў жываце ў першае імгненне пасля паведамлення сястры пра Ганніну смерць, той чорны, цяжкі камень, які забраў быў усе да адзінага Лобачавы пачуцці, цяпер пачынае распадацца, рабіцца рыхлым, расці. І праз грудзі і горла разам з кароткім частым хаканнем сталі вырывацца вонкі боль і роспач, смутак і горыч.

Ён нічога не змог. Але ён мог! Ён мог бы зноў прыехаць у той вечар да яе, ён змог бы застацца і быць з ёй, і абараніць яе.

Лобач сам не разумеў, як далёка адышоўся ад Антосявай сядзібы. Калі адчуў поўную адзіноту вакол сябе, тады сеў на стромым у гэтым месцы беразе, абхапіў твар рукамі і працягла застагнаў, амаль завыў дзікім параненым зверам.

Чаму, чаму ён паслухаўся тады Ганны, чаму згадзіўся з яе словамі: “Ты ж стаміўся, Алесік, прыедзеш раненька...”

Алесь адкінуўся назад, лёг на спіну. Неба над ім было чыстым, але не глыбокім, быццам пачыналася адразу ад Лобачавых вачэй і спакваля згушчалася ўгары, набрыньвала сінечай.

Не хацелася глядзець у сіняе неба. Ён заплюшчыў вочы і стаў ашчадна, няспешна, да кожнага моманту і найменшай дробязі ўспамінаць іх апошні вечар і ноч.

Яны вярнуліся з Антосявай сядзібы блізка да поўначы. Ганна не адразу выйшла з машыны, забавілася.

— Вось мы і дома...

Тады гэтыя простыя словы працялі Алеся гарачым хваляваннем.

Цэлы вечар у кароткіх позірках, рэдкіх дотыках жыла між імі тая недагаворанасць, якая ўзнікла яшчэ ў медпункце, якую і дагаворваць не трэба было, бо калі пачаць, то можна было ўсё сапсаваць, разбурыць...

— Хочаш папіць чаго?

— Ага, — згодна кіўнуў Лобач. — Той загаворанай травы...

— То я зараз...

Яна паспела пераадзецца — замест спартовага гарнітура, у якім была, адзела лёгкі халат, што не хаваў яе круглявыя калені, спераду глыбока агаляў грудзі. Селі на канапе, на якой Алесь спаў мінулы раз, у першым пакоі, Ганна падставіла ўслончык між імі — выйшаў невялічкі столік, на які яна паставіла два кубкі з гарбатай.

— Усё адно не разумею, — нясмела пачаў Лобач, асцярожна адсёрбваючы гарачы духмяны напой залацістага колеру, — чаму ты засталася адна... Дзіўна: у глушы...

— Алесь, я ж не з тых дзявок, якім хоць за зайца, абы яйца, — засмяялася Ганна. — Чаму дзівіцца?

— Проста ты прыгожая, ты — шчодрай душы чалавек. Не спрачайся, калі мы тады заходзілі ў кавярню купляць на вечар, бачыў я, як на мяне глядзелі...

— І як глядзелі?

— Як на... ворага. Так, пагляды былі вельмі незычлівыя.

— Дык і што? Бо баяцца, што знойдзецца нехта, ды звязе мяне адсюль? — усміхнулася Ганна.

— І ты ўвесь час адна?

— Алесь, што ты мяне дапытваеш? — Ганна прымружыла вочы. — Каб не пытаўся болей, скажу так: могілак дзявочых няма. Праўда?

Алесь пачырванеў — ён зразумеў, што ягоныя пытанні, а насамрэч — намаганні даведацца пра даўнейшае і цяперашняе Ганніна жыццё, выглядалі прыдзіркамі жаніха.

— Выбачай...

— Ат, кінь. Ты лепей скажы, што там за загадкі разгадваў, пакуль мы рыбу скраблі. Гэткі ты ўжо сур’ёзны, задуменны, а потым пайшоў да рэчкі — бы жораў у вырай сабраўся: знайшоў дарогу!

— Ды... Не знайшоў пакуль што нічога, — Алесь павагаўся, потым дастаў з кішэні складзены ў некалькі столак аркушык, разгарнуў. — Ва Уладзіслава Сцяпанавіча ручнік ёсць... быў...

— Чаму быў? — нечакана насцярожылася Ганна.

Алесь узняў на яе вочы, усміхнуўся, супакойваючы незразумелую яму трывогу жанчыны:

— Быў, бо цяпер дзед мне яго аддаў. Папрасіў, каб захаваў. І я... я нічога не разумею. Адчуваю, што ручнік надта ж важны для яго. З другога боку, ручнік — аўтэнтычны, значыцца, адзінкавы. Я такі ручнік яшчэ адзін бачыў, дый той на здымку. Там... вышытыя знакі. Думалі раней, што якая вышывальніца маладая практыкавалася. Вось... А сёння я пабачыў, як Уладзімір Жабрун шчапае дровы: напалам і яшчэ напалам. Ну і сам раздзяліў той вышыты малюнак на чатыры часткі. І пабачыў...