— Што пабачыў? — з цікавасцю і нейкай хітрынкай у вачох запыталася Ганна.
— Мне падаецца, што ў гэтых узорах — руны, літары такія. Раней была такая пісьменнасць, ёсць меркаванне, што яна мела пашырэнне і на нашай зямлі. Вось... Цяпер мне трэба разабрацца, што там можа быць напісана ці пазначана. Потым узяць другі ручнік, ягоны здымак і там паглядзець. Ну, і шукаць іншыя ручнікі. Дзед кажа, што іх было сем разоў па сем.
— Дык не гадай надта, я табе скажу, што на дзедавым ручніку напісана, — проста сказала Ганна, глядзела, як здзіўлена застыў Алесяў твар, засмяялася: — Ну ведаю, ведаю я! Я ж казала табе, што я — вядзьмарка. Ты ўсё не верыш?
— Адкуль... Адкуль ты ведаеш? — агломшана, але з недаверам запытаўся Алесь.
— Не ведаю, адкуль ведаю, — з дзіцячай непасрэднасцю пацепнула плячыма Ганна. — Іншыя веды прыходзяць... зніадкуль. Вось я глядзела на ручнік, бачыла тыя знакі — і ведала, што яны значаць. Не кожны паасобку, а ўсе разам.
— І што там? — нецярпліва дапытваўся Алесь.
— Малітва, — проста адказала Ганна. — Асаблівая малітва. Гадавая. Раз у год, значыцца, словы яе прамаўляюцца.
Алесь адкінуўся на спінку канапы.
— Вось жа... мне і самому можна было здагадацца... І ты можаш мне вось цяпер сказаць, што дзе?
— Не, не магу, — каротка адказала Ганна.
— Чаму? — здзівіўся Алесь.
— Таму, Алеська... Асаблівая гэта малітва, я ж табе сказала. І словы яе кажуцца ў асаблівую ноч... Можна і ў дзень... Але ніяк не цяпер. Цяпер — нельга.
Ганна з лёгкай вінаватасцю глядзела на разгубленага Алеся, потым працягнула руку і дакранулася да ягонай галавы, пагладзіла валасы.
— Ты мне не верыш? Я праўду кажу... Патрывай, крышачку, добра?
— Добра! — Алесь паклаў сваю далонь на Ганніну руку, прыціснуў да свайго лоба. — Я сам паспрабую... а потым папытаю ў цябе: ці слушна ў мяне выйшла?
— Няхай будзе так.
Ганна не стала вызваляць рукі з-пад Алесявай далоні, а той павольна вёў ейныя цёплыя пальцы па сваёй шчацэ, нават крыху збянтэжаны ад простага датыкання да твару цёплых жаночых пальцаў, хвалюючыся ад няўлоўнага абяцання, што хавалася ў гэтым крананні.
— Позна... Табе рана ехаць...
Ганна ўстала.
— Хадзем, пакажу табе...
Яна ўстала, Алесь пайшоў за ёй. У сенцах яна пстрыкнула вымыкачом на сцяне, адчыніла дзверы ў бакоўку, і тут Алесь пабачыў нешта накшталт душавога пакоя. Са столі на гнуткім шлангу звісаў пырснік. Ганна крутанула кран на сцяне, паднесла руку да вады.
— Ой, халаднаватая трохі... То мне зрабілі такі летні душ, — павярнулася яна да Алеся. — Вось, ручнікі...
Яна выйшла, прычыніла за сабой дзверы. Алесь мыўся пад вадой, якая толькі спачатку падалася халоднай, гнаў ад сябе ўсялякія думкі... Выцерся, нацягнуў нагавіцы, сарочку накінуў на плячо і басанож выйшаў на двор.
Мёртвая вёсачка і ўдзень амаль не праяўляла свайго жыцця, а цяпер і пагатоў: нідзе не відаць было хоць якога агеньчыка, не чуваць ніводнага гуку, якія б сведчылі пра нешта чалавечае. Лобач раптам успомніў горад — і той падаўся неверагодна далёкім адсюль. Яму не раз у час палявой работы даводзілася начаваць па такіх невялікіх вёсках, а калі і ў старым калгасным садзе, але ніколі раней ён не чуў такой цішыні — аж да тонкага звону, калі глушацца твае асабістыя крокі ў густой вохкай траве, і ты чуеш сваё ўласнае дыханне. Твой слых абвастраецца, твае вочы ўзіраюцца ў цемру і пачынаюць адрозніваць адзінкі, потым — дзясяткі адценняў чорнага і шэрага, ноздры раздзімаюцца шырэй — і ты адчуваеш пах блізкай балаціны, тонкі водар ліпавай квецені, гаркавасць нейкае духмянае кветкі каля тваіх ног...
— Алесь!
Не рыпнулі, а мякка слізганулі ў завесах дзверы, Ганна вызірнула на двор.
— Ідзі кладзіся, Алесь.
Яна сама пайшла, але не ў хату, а ў бакоўку, адкуль праз шчыліны білася няяркае святло.
Алесь зайшоў на першую палову — канапа засталася нераскладзенай, дзверы на другую палову дома былі расчыненыя. Ён ступіў цераз парог, пабачыў адвешаную шырму, за якой стаяў вялікі ложак, цяпер засланы ўсім белым, з дзвюма падушкамі. Каля ложка на тумбачцы цьмяна гарэла лямпа. Адкінуты рог коўдры выглядаў і запрашальным, і дазваляльным знакам.
Сэрца ў Алеся затахкала недзе пад самым горлам, некалькі імгненняў ён стаяў на парозе, не наважваючыся зрабіць і кроку.
Распрануўся, склаў адзенне на падстаўленае да ложка крэсла. Лёг. Чакаў.
Ні пра што не хацеў думаць, ні на адным гуку не хацеў канцэнтраваць увагі, але не мог — і адзначаў для сябе прыглушаны асцярожны плёскат вады ў бакоўцы, далікатнае рыпенне дзвярэй, пстрыканне вымыкача, мяккія крокі.