Выбрать главу

Ганна стаяла перад ложкам, захутаная ў вялікую белую прасціну, прытрымвала яе на плячы, а ў яе ў вачох Алесь пабачыў сябе: разгубленага і замерлага ў чаканні. І ён раптам зразумеў, што ў вачох у Ганны хаваецца немае пытанне, што яна стаіць перад ім не проста так, а чакае, шукае адказу ў ягоных вачох. І спалохаўся таго, што ягоныя вочы не перададуць ягоных пачуццяў — ледзь пасунуўся далей да сцяны, адгарнуў край коўдры, і рука яго засталася вісець у паветры.

І тады Ганна пусціла край прасціны з пляча, тая слізганула долу.

У Алеся заняло дух — Ганніна постаць, вытанчаныя абрысы здаровага жаноцкага цела падаліся яму выявай мадонны з карціны невядомага мастака.

Ён хацеў нешта сказаць, але не паспеў — Ганна хутка легла і апаліла яго дотыкам свайго халадкавага цела.

Не хвіліны салодкай да болю начнай пяшчоты ўспамінаў Алесь на беразе. Ганна, якая толькі што апусціла прасціну са сваіх плячэй, стаяла ў ягоных вачох. Тады ён бачыў яе ўсю цалкам, усю адразу, і не ведаў нават, што за адзін кароткі момант здолеў разгледзець кожную лінію яе цела, кожны выгін стану. І цяпер, трымаючы яе вобраз у свядомасці, ён не ўспамінаў, а нібыта наноў разглядаў яе, няспешна, у думках кранаючыся вуснамі аксамітна-халадкавай на дотык скуры. І дзівіўся сам, што не распадаецца Ганніна выява, і што яе ледзь улоўная ўсмешка, трошачкі сарамлівая, суцяшальная і даравальная, абяцальная і дазваляльная, блукала па вуснах, жыла, мянялася, і вочы яе жылі, далібог жа, жылі цяпер...

Непрыемна заварушыўся мабільнік у кішэні. Алесь расплюшчыў вочы, сеў.

— Алесік, падыдзі да нас... — пачуўся Надзеін голас. — Ты патрэбен тут.

Алесь не злаваў на сястру, што перабіла ягоныя мроі. Можа, так і лепей — што марыць пра мёртвае...

Яны нібыта так і сядзелі ўвесь час у альтанцы: Антось, Надзея і Уладзімір. Алесь прысеў да іх.

— Выпі, — Антось наліў у кілішак.

— Дзякуй, — Алесь не адмовіўся, выпіў, доўга нюхаў кавалак хлеба, потым ціха сказаў: — Я выбачаюся...

— Алесь Паўлавіч, можа, Вы падкажаце... — адразу нясмела пачаў Уладзімір. — Я без вас не хацеў казаць...

Алесь здзіўлена зірнуў на Уладзіміра — той быў тым самым вяскоўцам, студэнтам-завочнікам, якога ён сустрэў першы раз у аўдыторыі.

— Слухаю... Але што я магу падказаць?

— У Ганны была адна рэч... Яна вельмі важная для яе была. Такая важная, што яна не магла яе аддаць некаму на захаванне. З сабой насіць... таксама нельга. Гэтая рэч... накшталт вялікага медальёна. Дом згарэў... Рэч трэба знайсці, вось...

— Навошта? — сур’ёзна паглядзеў на Уладзіміра Лобач. — Корпацца ў галавешках? І куды потым падзенецца рэч?

— Рэч... знойдзе сабе новую гаспадыню, — незразумела, але так цвёрда адказаў Уладзімір, што павісла маўчанне. — Медальён трэба знайсці, — пасля паўзы працягнуў ён. — Я не магу вам усім цяпер казаць... Не маю права. Я проста прашу паверыць мне і памагчы. Сам перакапаю там усё... Але ж... трэба хоць прыблізна ведаць: дзе шукаць?

Алесь нейкі час маўчаў. Маўчалі і ўсе іншыя, для якіх Уладзіміравы словы падаліся хай сабе і неверагоднымі, дзіўнымі, але ж у іх была нейкая справа, нейкае заданне, якое можна было і трэба было зрабіць. Ім зрабіць дзеля Ганны.

Два дні, якія мінулі ў клопатах пра пахаванне, былі ратункам для іх усіх, бо яны і не падазравалі да Ганнінай смерці, што яна за кароткі час стала ім такой блізкай. Звычайны клопат — для Надзеі на кухні, для Антося — за рулём аўтамабіля, для Уладзіміра і Алеся — у якасці грузчыкаў ды памочнікаў жанчын — ратаваў іх ад глыбокага ўсведамлення бяды, ад набліжэння той бяды блізка да розуму, калі яна авалодвала ім цалкам, калі ніякіх болей думак не заставалася, толькі пра яе, Ганну, пра смерць. Таму цяпер дзіўнае Уладзімірава пытанне ўспрынялі як маленечкі паратунак, бо нельга было сядзець без справы вось тут, дзе ў лістоце бяроз яшчэ жыло рэха звонкага Ганнінага голасу, смеху...

— А што Надзея думае? Жанчына ўсё ж, — прапанаваў выказацца сястры Алесь.

— Дарагую для мяне рэч... я хавала б у вясковай хаце недзе на покуці... Там, дзе самае святое, мне здаецца.

— Дык вось і адказ, — падумаў уголас Алесь. — Шукаць там, дзе была покуць...

— Там рэч не магла быць, — заўпарціўся Уладзімір. — Я скажу яшчэ: Ганна мусіла была так захоўваць тую рэч, каб яна не толькі на выпадковае вока не трапіла, але... Карацей, рэч была вельмі прывабнай для... некаторых людзей. І яе трэба было шанаваць...

— Нешта я не помню, каб у Ганны было нешта падобнае, — з недаверам прагаварыў Антось. — Ты пра золата якое кажаш?

— А па-чалавечаму нельга патлумачыць? — нецярпліва падтрымаў яго Алесь, звяртаючыся да Уладзіміра. — Далібог, якія тут могуць быць таямніцы, калі... калі чалавека няма?