Выбрать главу

— Нельга, — спакойна, але зноў вельмі цвёрда адказаў Уладзімір. — Не золата, Антось. Але надзвычай важнае, паверце. Проста паверце. Я не магу вам сказаць цяпер усяго, што ведаю.

— Дык што нам шукаць? Што за рэч? Які медальён? — настойліва пытаўся Антось. — Не памятаю я нічога такога. Ты не прыдумляеш?

У ягоных словах гучала непрыхаваная крыўда: як так, ён гэтулькі часу апекаваўся Ганнай, а не яму, а гэнаму, амаль выпадковаму студэнту яна даверыла сваю асаблівую таямніцу?

Уладзімір уважна паглядзеў на ўсіх у альтанцы. Ён бачыў, што яму не верылі. І не проста не верылі: калі напачатку яму гатовыя былі дапамагчы, то цяпер ён стаў асобна ад усіх — з таго, што ён ведае ці прыдумляе...

— Добра, — выдыхнуў ён паветра, сціснуў вусны, потым закурыў, адразу выбачыўся перад Надзеяй: — Перапрашаю...

— Нічога, куры...

Усе маўчалі. Уладзімір курыў прагнымі зацяжкамі: адна, дзве, тры, потым раздушыў цыгарэту абцасам, раструшчыў дашчэнту і стаў казаць, гледзячы перад сабой у стол:

— Ваша справа: верыць ці не верыць. Я скажу тое, што мне, адчуваю, можна сказаць. Дык вось... Ганну забіў не той, каго знайшлі з прастрэленай галавой. Ганну забілі праз той медальён. Медальён — крыж. Яны ішлі не проста забіць — ім трэба было яе забіць так, каб у яе не было паслядоўніц. Яны хацелі забраць крыж. У іх не выйшла. Ні першае, ні другое. Таму і падпалілі хату.

— У каго — у іх? — агаламошыўся Антось.

Уладзімір падняў галаву. Надзея пазірала на яго з відавочным страхам у вачох, трымаючы пальцы рук каля вуснаў.

— Калі мне хто не верыць — спытайце дзеда Ўладзю, ці праўду я зараз гаварыў, — павярнуўся Уладзімір да Антося.

— А дзед тут пры чым? — яшчэ болей разгубіўся Антось.

— Пры тым... — ціха адказаў Уладзімір. — Ты папытайся. І заадно падумай: калі той, хто забіў Ганну, быў адзін, а потым застрэліўся сам, дык хто тады падпаліў хату?

Лобач нейкі час глядзеў у твар Уладзіміру, быццам імкнуўся зразумець: што ад яго хавае гэты студэнт, адначасна згадваючы і размову са старым у хаце ля покуці наконт ручніка, і той ручнік, і Ганніны словы пра веданне знакаў на ручніку... Яшчэ цалкам не даючы веры сваім падазрэнням, ён ціха паразважаў уголас:

— Калі так... калі так, то павінная быць нейкая схованка. Калі так важна шанаваць, то схованка, на выпадак вось пажару, павінна быць у нейкім асаблівым месцы. Можа, там ёсць склеп які?

— Павінны быць склеп, — адказаў Уладзімір, які цяпер прагна лавіў выкладнікавы словы.

— Быў, — падаў голас Антось.— Стары абваліўся, яна яго і рамантаваць не прасіла — навошта, калі лядоўня ў хаце?

— Значыцца, трэба найперш паглядзець там, нават у тым, які абваліўся. Нашы продкі прызвычаіліся нешта прыхоўваць ў зямлі. Трэба абследаваць падпечча — гэта заўсёднае месца сховаў. Можа, было нейкае іншае месца, не ў хаце, вельмі... значнае ці што, малапрыкметнае, але адметнае для яе, для Ганны, надзейнае, каб каму іншаму, каму яна даверыла б таямніцу, было лёгка знайсці ў разе чаго...

— Ёсць такое месца! — падхапіўся Уладзімір. — Антось! Ах, ты ж выпіўшы...

— А што такое? Куды ехаць? — адгукнуўся Антось, паказваючы, што можа сесці за руль.

— Хлопчыкі, Уладзімір, Антось, хіба да заўтра нельга адкласці? — паўшчувала мужчын Надзея. — Усе ж хоць крыху, ды выпілі...

— Ды тут недалёка, — ніякавата стаў апраўдвацца Уладзімір. — Да Карчавахі... да таго канца, ад лесу.

— Да Чортавага каменя? — скеміў Антось. — Дык тут крутнемся партызанскімі сцежкамі. Я што выпіў сёння, дык як і не піў...

— Да якога каменя? — здзівіўся Лобач, глянуў з крыўдаю на Уладзіміра: — Вы ж мне нічога пра камень не казалі.

— Дык вось, бачыце, як склалася... — развёў рукамі Уладзімір. — Не паспеў. Гэта Ганнін камень быў. Яна як пешкі з дому хадзіла на сядзібу, то ішла сцяжынкаю праз лясок. І заходзіла... Да каменя. Вялікі, з метр вышынёй валун.

— Адкуль вы ведаеце? — узрушана спытаў Лобач.

— Бо бачыў... Яна кветкі клала... І я да каменя заходзіў...

— Ну, ты, Надзея, пагаспадар тут крышку, мы хуценька: туды і назад, тут жа недалёка зусім, пяць кіламетраў, — стаў прасіцца Антось.

— Добра, едзьце, але ж асцярожна... ДАІшнікі могуць быць на сядзібе, хаўтуры ж былі...

— Гэтыя палявымі дарогамі не ездзяць, — супакоіў Антось жанчыну, гукнуў: — Сядаем, паехалі, пакуль відно...

Праз пятнаццаць хвілін яны спыніліся на ўзлессі, разам пайшлі сцежкай, потым, калі завярнулі ў лес, Уладзімір упэўнена рушыў наперад. Ён сігаў спешна, нібы тое, па што яны ішлі, ляжала на адкрытым месцы, і кожны выпадковы чалавек мог яго пабачыць і забраць.

Каля каменя Уладзімір прыпыніўся, дакрануўся да яго рукой, завярнуў на другі бок, дзе было невідомае з гэтага боку паглыбленне, і спыніўся з разгубленым тварам.