Лёгка ўскараскаўся ўгору, разгледзеўся, падняўся па сукох вышэй. І пабачыў невялікае — толькі руку прасунуць — дупло. Некалі тут быў сук, ды выгніў, от і з’явілася дзірка... Невядома, якой глыбіні, невядома, што там. Каб не пільная патрэба, у такую дзірку не пасунеш рукі без страху: тут і восы могуць быць, і шэршні... ці яшчэ якая зараза.
Уладзімір зусім не хваляваўся — ён быў пэўны, што менавіта пра гэтае дупло гаварыла яму Ганна тым сваім подпісам на вокладцы кнігі. Тут павінен быць крыж. І ўсё ж засоўваў руку з асцярогай. Дно не намацвалася, рука залезла амаль па локаць.
І тут востры боль працяў палец, ад яго — па ўсёй руцэ сутаргаватай хваляй пракаціўся аж да пляча. Так магла ўкусіць змяя, уджаліць шэршань ці... стукнуць электратокам. Больш за ўсё боль нагадваў ўдар электратокам, таму Уладзімір не вышмаргнуў з дупла руку, утрымаўся на суччы — яго незлічоную колькасць разоў біла па пальцах, ён іншы раз менавіта пальцамі правяраў: ёсць фаза ці няма.
Таму Уладзімір толькі прыўзняў пальцы ад таго, да чаго дакрануўся, аднак праз боль паспеў адчуць нешта цвёрдае. Гарачае. Так, не проста гарачае — распаленае. Вось чаму такі боль.
Асцярожна апусціў руку ніжэй, лёгка дакрануўся да гарачыні і пальцамі стаў вадзіць, нібы пагладжваць, вымацваць паверхню. Здавалася, гарачыня таго, што ляжала ў дупле, спадала. Смялей намацаў, згроб — круглае, вялікае. І запякло далонь, невыносна запякло. Цярпеў, перабіраў у пальцах кружок, навобмацак адчуў тонкі шаўкавісты матузок. За яго і пацягнуў.
Ён не застаўся сядзець тут і разглядаць вялікі крыж у крузе, спусціўся адразу, бо ад хвалявання так затахкала сэрца, закалаціліся калені. Ніхто, ніхто не павінны бачыць, што ён лазіў на грушу, што нешта знайшоў у непрыкметным дупле...
Адной рукой адкінуў драбіны, завалок іх на ранейшае месца, трымаючы на матузку ў другой руцэ крыж.
Было ціха і бязлюдна. Прысеў. Падставіў далонь і стаў павольна апускаць у яе крыж. Бо разгледзець крыж, паклаўшы яго на зямлю, не мог — адчуваў, што так нельга рабіць.
Далонь не апякло, але крыж па ранейшаму быў вельмі гарачы. Уладзімір стрываў. Гарачыня паступова спадала. Ці скура на руцэ прызвычаілася да яе?
Колькі гадоў яму, гэтаму крыжу? Якім майстрам і калі ён быў зроблены? Даўно, вельмі даўно... Уладзімір глядзеў на крыж, і ў ягоную свядомасць заходзіла аднекуль веданне: як быў зроблены крыж, як потым майстар адмыслова абляпіў яго глінай, так, каб ён стаў падобны да простага раўнакутнага чатырохканцовага, як абпальваўся крыж. І вось цяпер тая гліна амаль уся пазлятала, дэманструючы сапраўдную форму. Чвэрць крыжа яшчэ прыкрываецца глінай. Не, нельга яе чапаць. У кавалках гліны таксама ёсць сэнс.
Шаўкавісты матузок быў сплецены з валасоў, не цяжка было здагадацца. Тонкіх, чалавечых. Светлых. Шнурок быў чысты, не зашмальцаваны. Нядаўна зроблены? Ганнай, са сваіх валасоў?
Уладзімір вагаўся толькі імгненне і асцярожна начапіў яго на шыю. Расшпіліў кашулю, выпрастаўся, каб крыж дакрануўся да цела.
І зноў яго працяў боль. Уладзімір аж замёр, ён не чакаў цяпер такой гарачыні, але адно сцяў зубы. Боль адыходзіў, жар крыжа пакрысе распушчаўся ў ягоным целе. Зашпіліў кашулю. Устаў, агледзеўся. Не пабачыў нікога і выйшаў на двор.
Стары Уладзя чакаў яго, седзячы на лаве, пільна ўглядаўся ў твар. Не стаў нічога пытацца, пачакаў, пакуль Уладзімір не сеў і не выдыхнуў:
— Ён у мяне... На мне.
— Я бачу, — нягучна адказаў Уладзя, але Уладзімір пачуў у голасе сцішаную радасць. — Ганначка памагае...
Уладзімір не стаў пярэчыць.
— Што мне цяпер рабіць?
— Пакладзі там, дзе знайшоў. Ты адзін ведаеш — і добра.
— Дык цяпер і вы ведаеце...
— Я знайшоў бы...
Уладзімір гатоў быў загарэцца ад абурэння: дык чаго тады стары не мог падказаць, але асёкся: Уладзя зірнуў яму ў вочы і ціха, з прыхаваным болем прамовіў:
— Чалавека нельга прывесці туды, куды ён сам абірае шлях. Ты абраў — ты дапяў.
4
— Выпі... Не спяшайся і не хвалюйся. Усё сам зразумееш: што рабіць і як, — Уладзя дастаў са сваёй палатнянай торбы, з якой ён прыйшоў сюды, да каменя, старую вайсковую біклажку ў футарале. — Глыні, не бойся...
Уладзімір узяў, не нюхаючы, паднёс да рота. Вадкасць на смак была падобная да травянога настою, крыху вязала.
— Цяпер распранайся... Адзенне пад камень кладзі... Прысядзь сам...
Ноч была не цёплая, скура ў Уладзіміра на плячох, на руках і нагах узялася дрыжыкамі, яго пачало дробна трэсці. Уладзімір не хваляваўся: ён проста чакаў. І нават не пытаўся ні раней, калі ішлі да каменя, ні цяпер: у чым яго, Уладзімірава, роля, што яму трэба рабіць, што з ім будзе. Уладзя сказаў: раскрыецца камень. Уладзя сказаў: зацвіце кветка. Уладзя сказаў: табе яе бараніць. Чаго яшчэ было пытацца?