Неяк незаўважна зрабілася цяплей. У лесе нібыта віднела... Не, не віднела — гэта Уладзімір стаў лепей бачыць у цемры, можа, прызвычаіліся вочы. Закруцілася галава, Уладзімір спужаўся, што зараз упадзе, страціць раўнавагу, і ўпёрся рукамі ў зямлю. Зноў імкліва стала цямнець, потым пасвятлела, болей, чым першы раз, і зноў — цемра. Гэтыя змены сталі частымі, у вачох ва Уладзіміра бліскала да болю. На нейкае імгненне падалося, што ён аслеп, калі надта моцна бліснула — яго ахутала цемра, але потым морак стаў рассейвацца.
І Уладзімір пабачыў вогнішчы.
Гэта было неверагодна: зямля перад ім уздымалася ўгору. Яна засталася круглай, але нібыта выварочвалася вонкі: цяпер усё, што было на зямлі і сама яна апынулася не на вонкавым баку шара, а на нутраным — далягляду не было, зямля ўздымалася і ўздымалася ўгару. Уладзімір так быў уражаны пабачаным, што захацеў устаць, каб разгледзецца, але неспадзявана адчуў, што яму вельмі нязручна, вельмі цяжка стаяць. Ён амаль ўпаў наперад, але ўтрымаўся на руках.
Вочы ўперыліся ў рукі.
Перад самым тварам былі вялікія воўчыя лапы.
“Я — ваўкалак”, — думка не прыгнеціла, не здзівіла і не ўзрушыла. Уладзімір усяго толькі безэмацыйна канстатаваў тое, што з ім адбылося: ён абярнуўся ваўком.
Ступіў некалькі крокаў, ступіў як воўк, прызвычайваючыся (ці ўзгадваючы ўменне?) валодаць звярыным целам. Яго трошкі ківала ў бакі. Азірнуўся — так, і ззаду ад яго зямля ўздымалася з бакоў, як берагі надта глыбокай, велізарнай місы. Дзе-нідзе зыркімі кропкамі свяціліся вогнішчы.
Нешта адбылося з вачыма: калі ён углядаўся ў нейкую асобную кропку, яна імкліва павялічвалася, набліжалася да яго, быццам ён глядзеў на яе праз акуляр тэлевізійнага аб'ектыва з пераменнай фокуснай адлегласцю. Скіроўваў увагу на іншае — першае аддалялася.
Але галоўным былі пахі — іх было незлічонае мноства, розных, усякіх. Яны разрывалі ноздры, і мозг ледзь паспяваў фіксаваць, атаясамляць іх: ці то смярдзючага гарэлага мяса шашлыкоў, ці то бражнага піва, дарагой парфумы, а найбольш — чалавечага поту. А яшчэ пахі пакуль што заціснутай у рамы паводзінаў чалавечай жарсці і гарачага юру, лёгкага страху і п’янлівай усёдазволенасці, заўзятай бесшабашнасці і прагі прыгодаў. Пахі былі вакол усіх вогнішчаў, і яны былі падказкай, што яму не трэба гэтыя вогнішчы. Яму трэба іншае...
І перш чым Яно пачало разгарацца белавата-блакітным ззяннем недзе далёка наперадзе, ён адчуў пах: пах свежасці і пяшчоты. Так пахне немаўля ў калысцы ў першыя дні свайго жыцця.
Пяшчотны водар адгукнуўся ўнутры магутным поклічам: абараніць. Яму зараз жа трэба быць там, трэба спяшацца, трэба паспець. Ад каго ці чаго бараніць — яшчэ і не ўзнікла такога пытанне, як пагроза з’явілася чорным, бясформавым клубком аднекуль з лясной цемрадзі. Чорны клубок пахнуў варожа: ён дыхаў злым жаданнем забіць. Мабыць, і сам клубок мог адчуваць пахі, бо ў ім раптам заблішчалі іклы, і ён імкліва пакаціўся да Уладзіміра, гонячы перад сабой смярдзючую хвалю нянавісці.
Уладзімір ужо не памятаў, што ён — чалавек. Розум цалкам прыняў новае ваўчынае аблічча, і мозг з дакладнасцю і хуткасцю звера кіраваў новым целам, абуджаючы да жыцця кожную ягоную клетачку.
Уладзімір быў ваўком: дужым, адважным, рызыкоўным.
Ён спрактыкавана матлянуў галавой у бок чорнага клубка — і той паляцеў потарч, бязгучна заенчыў.
Гарачая кроў штуршкамі імчала жыламі, разаграваючы цела. Прачуванне сапраўднай бітвы п’яніла мозг, але галоўным быў той пах ад бела-блакітнага вогнішча — ён клікаў, ён быў цяпер цэнтрам сусвету. І Уладзімір, зрабіўшы два першыя скачкі, адчуўшы моц у сваіх воўчых лапах, памчаў напрасткі да гэтага цэнтру.
Ён бег і быццам заставаўся на месцы, а зямны шар пракручваўся пакрысе пад яго лапамі, як круціцца кола з вавёркай, толькі вельмі марудна. Выгіналася зямля, ён штурхаў і штурхаў яе магутнымі лапамі, разганяў, прымушаў круціцца імклівей, набліжаў да сябе тое вогнішча. І спераду, і ззаду, і з бакоў ён раз-пораз заўважаў чорныя калматыя цені ў пахкіх воблаках лютай злосці, якія мітусліва кідаліся ў то аднаго, то другога людскога вогнішча, адкуль несла паленым мясам і п'яным юрам. Ён ведаў, што цені — ягоныя ворагі, але нельга было спыняцца, бо клікала Кветка. Так, клікала Кветка — ён ведаў цяпер, што палымнее наперадзе. Ён ведаў, што павінен быць як найхутчэй там — і тады будзе бойка.
Амаль адначасна з ім з другога боку ад Кветкі з’явіўся яшчэ адзін воўк: старэйшы і сівейшы, са шматлікімі пісягамі — знакамі былых боек. Яны сустрэліся вачыма і адразу спінамі сталі адзін да аднога, а між імі усё ярчэй і велічней разгаралася, уздымалася блакітна-белая веліч Кветкі.