Першы чорны клубок, аслеплены бляскам, тыцнуўся ў яе бок, але ў наступны момант воўчыя іклы шкамутнулі і адкінулі яго прэч. Другі цень з левага боку пёрся нахабна і імкліва. Уладзімір скокнуў і хапіў, ды хапіў няўдала і сам адчуў пякучы боль у разадраным плячы.
А потым не было калі звяртаць увагі на боль — усё больш і больш калматых ценяў навальвалася з лесу, валам кацілася на святло, якое іх сляпіла, але не магло спыніць. Два ваўкі не пускалі ценяў да Кветкі: скакалі, ірвалі, хапалі і адкідвалі прэч, качаліся па зямлі, скідваючы сваіх ворагаў, што ўскоквалі на каркі.
Колькі часу мінула? Уладзімір не ведаў. Ён быў знясілены, шмат разоў яго збівалі з ног, на яго навальвалася адразу некалькі чорных стварэнняў — і тады другі ахоўнік падскокваў на дапамогу. Больш дасведчаны, ён ашчаджаў свае сілы, не лез у самую гушчу цемры, чакаў, калі адтуль выпнецца нехта першы — і тады імкліва скакаў, ляскаў ікламі, адкідваў далёка прэч скуглівае Нешта.
Уладзімір уздымаўся на ногі, зноў кідаўся ў чорную хвалю нянавісці і злосці, не зважаючы на скрываўленыя плечы, ногі, галаву.
Ён задыхаўся ў чорнай хвалі, і адначасна яна надавала яму моцы. Ён бачыў агністую Кветку за сабой, бачыў чорную хвалю з усіх бакоў. І бачыў недзе далёка там, адкуль ён прыбег, старога Уладзю, які адзін стаяў каля каменя, і твар яго быў асветлены ззяннем Кветкі, і вусны варушыліся, шапталі найгалоўнейшую Малітву. А вакол яго светлай постаці вырасталі пухліны чарнаты, няўмольна сунуліся бліжэй і бліжэй, абкружалі...
Раптам з чарнаты скокнуў вялікі і дужы цень, амаль роўны яму, Уладзіміру, і яны счапіліся, пакаціліся па зямлі. Сярод паху дзікай лютасці Уладзімір адчуў тонкі, знаёмы да болю, амаль што родны водар. Гэта на нейкі момант затлуміла ягоную свядомасць, ён разгубіўся. І ў наступны момант адчуў, што яго перамагаюць, што яшчэ імгненне — і іклы чорнага звера выдзяруць яму гарляк. Пах... такі знаёмы, такі блізкі яму пах. Адкуль на гэтым чорным стварэнні пах... Ганнін? Так, Ганнін!
І раптам усё стала зразумела. Чорны звер быў каля Ганны перад яе смерцю. Ён быў адным з тых, хто забіў Ганну!
У жылах, здаецца, ускіпела кроў. Лютасць, з якой Уладзімір стаў змагацца, ужо не за сваё жыццё, зацьміла ўсё, і нават святла Кветкі ён зараз не бачыў. Мабыць, і чорны звер зразумеў, што яго неяк пазналі, і адбіваўся цяпер, як мог, ляскаючы ікламі. бязгучна падвываючы, ён клікаў сваіх на помач — і яны прыйшлі, адбілі свайго ад аслепленага бойкай ваўкалака.
І чорная хваля пакацілася назад. Залітымі крывёю вачыма Уладзімір бачыў, як спакваля пачала гаснуць Кветка, як хаваецца ў зямлю яе ззянне.
Усё скончылася, зразумеў ён.
Да яго падышоў другі ваўкалак, лізнуў у плячо — і пабег трушком прэч.
Пара вяртацца.
Зямля цяпер раўнялася ў яго пад лапамі, ніжэй і ніжэй апускалася наваколле. Зямля рабілася плоскай, потым стала выгінацца, каб Уладзімір зноў апынуўся не ўнутры, а звонку шара.
Шлях назад здаваўся бясконцым. Ён бег, толькі чуючы наперадзе пах нагрэтага граніту валуна, трымаўся яго і не зважаў на пахі астатніх вогнішчаў, адкуль нясцерпна смярдзела гарэлкай, ванітамі, дзікунскім наталеннем целаў.
Апошнія метры да каменя ён, віхляючыся, ледзь рухаўся. Лапы амаль не гнуліся, на пысе застыгнула кроў, зляпляла вочы.
Прыйшоў і лёг. Ад каменя ішло цяпло, яно не проста ўгравала — наталяла спакоем.
Спінай, упёршыся ў камень, сядзеў, рэдка і асцярожна дыхаючы, Уладзя. У ягоных руках была біклажка. Ён наліў вадкасці ў далонь, асцярожна паднёс яе да засмяглай пашчы звера.
— Пі, хлопча, пі...
...Уладзімір ачомаўся ад вясёлага ціўкання ластавак — дзверы хаты і сенцаў былі адчыненыя.
Ён паварушыўся, адчуў, як боль, абуджаны гэтым варушэннем, працяў усе клетачкі цела. Але ён дазволіў устаць і сесці. Яшчэ нацягваючы джынсы, Уладзімір пабачыў свае рукі і ногі ў драпінах — вялікіх і малых, глыбокіх і нязначных кропках укусаў. Прайшоў, пакульгваючы, на другую палову дома, прыпыніўся каля старога, у багетавай рамцы прастакутнага люстэрка. Уладзіміра раптам захваляваў ягоны твар — ці моцна падрапаны.
На дзіва, твар быў без адзінюткай адзнакі начнога здарэння. “А кроў на вачах?..” — падумаў Уладзімір, потым стаў асцярожна абмацваць галаву. Скура на цемені адгукнулася пякучым болем, а пальцы адчулі свежую рану.
— Загоіцца, не перажывай, — пачуўся ад парога Уладзяў голас, ціхі, супакойлівы, нават з нязвыклай, не чутай раней, пяшчотай.
— Я не перажываю, — ціха адказаў Уладзімір. — Мне каб пыса чыстая... У горад трэба.