— Так... Нечакана вельмі, — Лобач і праўда быў трохі разгублены. — Першы раз сустракаю такое... такую прычыну для паступлення. Значыцца, вы хочаце атрымаць веды, праўда? Хочаце нешта знайсці, тое, што змяніла б кон вашай вёскі. Дык, выбачайце, чаму вы не вучыцеся?
— А чаму тут вучаць? — уздыхнуў непрытворна Уладзімір. — Паўгода мінула...
— Так... А што вы хочаце ведаць? Навучыцца, як здымаць заклёны?
— Не... Я думаў, што тут... Што тут знайду адказы на свае пытанні. Я ж кажу, мы няправільна жыць сталі, не так... — Уладзімір зноў нейкі момант вагаўся і потым загаварыў нечакана для Лобача зусім іншым тонам, з роспачнай горыччу: — Я так зразумеў, што ўніверсітэт не можа даць адказу на нейкае канкрэтнае пытанне. Бо ніхто тут не займаецца канкрэтыкай. Вось, прыкладам, быў недалёка ад нас Чортаў камень. Кажуць, што некалі там жыў чорт, які шыў людзям адзенне і боты. А бабуля мне казала, што нельга камень чапаць. Бяда будзе вялікая. Ды камень сцягнулі некуды, звезлі, я яго ўжо не пабачыў. Тады я прачытаў, што знайшоў, пра такія камяні. Я хацеў знайсці адказ: ці можа быць камень звязаны з той бядой, пра якую бабуля казала? Бачу, пазбіралі звесткі і зрабілі выснову: вось такая і такая група людзей, якія жылі тут і тут — нейкім парадкам роднасныя, бо камяні маюць аднолькавыя легенды.
— А што ж вы хацелі даведацца? — не зразумеў Лобач.
— Ды простае: чаму ў камені жыў чорт і чаму ён шыў. І чаму нельга было людзям прыбіраць той камень, хоць там і чорт, хоць у той вопратцы нельга было ў царкву ісці, — загаварыў Жабрун зноў ціха, нібы вінавацячыся за ранейшы запал.
— Ну, дарагі мой, — Лобач развёў рукі, — каб адказаць на такое пытанне, трэба шукаць.
— Я і шукаю...
— Як? Проста лазіце па сеціве, чытаеце кніжкі? Выбачайце, шукаюць тыя, хто гадамі і дзесяцігоддзя-і збірае ўсялякія легенды і міфы, ходзячы ад вёскі да вёскі, ад бабулькі да бабулькі, аналізуе, сістэматызуе і робіць асцярожныя высновы, стварае рабочыя гіпотэзы. Вы чыталі колькі старонак тэксту — а за ім праца тысяч чалавекадзён. І вы яшчэ незадаволены, вы кажаце, што шукаюць няслушна, — Лобач не змог утрымаць сарказму. — Што ж вы прапануеце? Як трэба шукаць?
— Ну, адказ на канкрэтнае пытанне. Знайсці пытанне, потым шукаць адказу.
“І праўда, цвердалобы... А гэта ж і няблага”, — падумаў Лобач, услых спытаў:
— І шмат у вас такіх вось... канкрэтных пытанняў?
— Не вельмі шмат, — упэўнена адказаў Уладзімір.
— Яшчэ якое, калі можна сказаць, мне проста цікава.
— Ну, яшчэ пра Купалле, да прыкладу... незразумела.
— А тыя тлумачэнні, якія ёсць, Вас не здавальняюць?
— Ну дзе там!
— Чаму?
Уладзімір Жабрун утаропіўся ў стол і зноў загаварыў горача, хвалюючыся:
— Бо яны не тлумачыць для мяне галоўнага: чаму Купаллю, паганскаму святу, не знайшлося месца ў хрысціянстве? Усім знайшлося, Купаллю — не. Чаму хрысціянства так актыўна змагалася з ім і яшчэ з большым імпэтам — цяпер, калі займела падтрымку ўладаў?
— А вы не такі і просты, як падаяцеся, — усміхнуўся Лобач. — Усё, што вы кажаце, цікава... А можа, у вас ёсць сваё тлумачэнне хоць бы Купалля? Што за сэнс у свята?
— Я пэўны ў адным: яно было найважнейшым для нас некалі. Ну, і частка гэтага свята — ініцыяцыя.
— Во як? І адкуль такая... тэорыя?
— З таго, што ўсе народы мелі такі дзень: пасвячэнне хлопчыкаў у мужчыны, дзяўчат — у жанчыны. У нас чамусьці не захавалася пра гэта слядоў. А разам з тым, успомніце, хрысціянства гаворыць пра Купалле як ноч разбэшчанасці, распусты. Хіба гэта не адгалосак колішняй ініцыяцыі? І потым, у хрысціянстве самой ініцыяцыі ніяк не можа быць, гэта ідзе насуперак ягонай навуцы. Таму Купалле не магло стаць святам для нейкага эпізоду з хрысціянства.
— Ну, і на чым грунтуюцца вашы высновы? — дазволіў сабе паблажліва ўсміхнуцца Лобач. — Вядома, апроч вашых разважанняў.
— А разважанняў мала? Хіба яны не тлумачаць усё?
— Нічога яны не тлумачыць... Паслухайце, — Лобач загаварыў сур’ёзна, намагаючыся акцэнтаваць увагу на кожным слове. — Гістарычная навука — у першую чаргу збіранне. Па радкох. Па словах. Па крупінках. Для таго, каб зрабіць хоць нейкую выснову пра мінулае, трэба сотні, тысячы фактаў, якія пацвярджаюць адзін аднаго, іх навуковая абгрунтаванасць. Вы кажаце, што Купалле — ініцыяцыя. Выдатна, згодны, цікавы кірунак думкі. Успамінаю, у адной купальскай песні ёсць радкі пра тое, што сёння дзяўчына, заўтра жанчына. Але ж адна песня. Адзін радок. Болей ніякіх пацвярджэнняў!