Уладзя зірнуў пільна, можа, хацеў запярэчыць, але нешта ў Уладзіміравых вачох падказала яму, што той намерыўся цвёрда.
— Ну, калі трэба... Я табе дам зёлак і мазі. Маззю будзеш на ноч глыбокія раны шмараваць, а зёлкамі прамывай... ці працірай, вату во намачы і працірай усё, пакуль не загоіцца.
Выйшлі на двор, прыселі на лаўку. Уладзімір мусіў адзначыць, як павольна сеў стары.
— Скажыце, тады... у той вечар баба Марута як галасіла, то казала, што Ганне нельга было выходзіць з дому, але яна выйшла... Я так зразумеў, што Ганне ў тую ноч нельга было выходзіць без крыжа? Калі б яна была з крыжам, то... засталася б жывой?
— Не, не так... — стаў тлумачыць, уздыхаючы Ула-дзя. — У такія гнілыя тыдні, калі месячыка на небе няма зусім, ахоўніца без крыжа не адчувае Цемры. І яе могуць завабіць на пагібель.
— Ганна ж гэта ведала, так? — запытаўся Уладзімір, пабачыў, як на знак згоды прымружыў вочы Уладзя. — Значыцца, яна магла выйсці толькі да таго чалавека, якога ведала.
— Мабыць, так, — згадзіўся без эмоцыяў Уладзя.
— Тады я яго знайду.
— Ты яго сустрэў... там? — узняў вочы стары.
— Сустрэў, — кіўнуў Уладзімір. — З паху пазнаў... Ён быў з Ганнай у тыя апошнія часы. Яе пах застаўся... Паеду.
— Добра, цяпер ідзі пад'еш, ды трэба яшчэ раз усё нашмараваць... Плечы надта ж падралі табе...
— Дзед, я з сабой бяру крыж, — сказаў Уладзімір, калі стары змазаў яму спіну, плечы і бакі пахкай халоднай маззю.
— Трэба? — каротка спытаў Уладзіслаў.
— Не тое, каб трэба... — шчыра прызнаўся Уладзімір. — Нешта... баюся яго кідаць.
— Калі баішся — бяры, — лёгка згадзіўся Уладзя. — Я крыжу не абаронца...
Уладзімір няўцямна паглядзеў на старога і нечакана для сябе пабачыў, як змарнеў ягоны твар. Быццам не ноч адна мінула, а дзясятак гадоў. Успомніў бачанае ўначы: чорныя пухіры цемры ўздымаліся вакол Уладзі.
— Дзед, вам... цяжка было гэтай ноччу?
Уладзя памаўчаў, потым загаварыў, не паварочваючы галавы:
— Гэта мая апошняя малітва... Калі ахоўніца камень адчыняе і з каменем поруч стаіць, ніхто таго, хто малітву чытае, не зачэпіць. Так, пужаюць толькі...
— А цяпер... Цяпер вас чапілі? — уразіўся Уладзімір дзеда словам пра апошнюю малітву. — Дык акрыяеце... Вы ж вядзьмак, — невясёла ўсміхнуўся ён.
— У ведзьмакоў целы чалавечыя, — без суму адказаў Уладзя. — Цябе нездарма Ганна абрала... Не толькі абаронцам. Зараз усё ў цябе і ўсё ў табе... Маўчы, слухай. Мне нядоўга засталося. Жыццё з мяне выцягнулі, адзін драбок на донцы. Ты не бядуй... Кожнаму прыходзіць пара. Побач будзем, падкажам... Са мной развітацца не прыязджай, не трэба... Помні, знойдзецца ахоўніца — веды Крыж перадасць. А будуць веды, усё астатняе прыйдзе. Раней ці пазней. Не бядуй. Усё будзе добра. Глядзі на бакі ды будзь асцеражнейшым.
— Як... знойдзецца ахоўніца? — праглынуў Уладзімір шурпаты камяк у горле. Ён глядзеў на старога і разумеў, што дзед кажа праўду, бо твар ягоны з кожным словам ўсё больш рабіўся мярцвяна-белым. — Вам у бальніцу трэба, — сказаў нясмела. — Я патэлефаную Антосю.
Стары ўзняў галаву, паглядзеў Уладзіміру ў вочы, і той пабачыў нечаканы, цёплы агеньчык сапраўднай любові.
— Рабі, Валодзька, што падказвае табе душа. Заўсёды так рабі. Яна кліча — ідзі за ёй. Ні на што не зважай, адно душу слухай. На мяне таксама не зважай. Нікога не трэба клікаць. Ахоўніца... Яна знойдзецца. Крыж яе пакліча. Ты яе пазнаеш...
5
У горад Уладзімір паехаў першым аўтобусам, які адпраўляўся а палове на сёмую раніцы. Усё абышлося, хоць ён нерваваўся праз крыж, які ўсю дарогу мякка грэў ягоныя грудзі, не даючы забыцца на сябе. Часам цяпло мацнела, тады Уладзімір насцярожана пазіраў на тых, хто быў побач. Але апроч цяпла, нічога больш не адчуваў.
Ішоў сваёй ціхай вуліцай да дома, пустой, светла-зялёнай у шчодрым ранішнім сонцы. І, перш чым запякло на грудзях, здалося, ступіў у нейкую страшную чорную яміну. Ён прыпыніўся, здзіўлены і напалоханы: вуліца ж пустая! Толькі збоку, на кантэйнернай пляцоўцы двое бамжоў — мужчына і жанчына пэўнага веку — корпаліся ў смецці, ціха дзінькаючы шклом пляшак. Уладзімір ступіў яшчэ крок.
І тады мужчына-бомж азірнуўся на Уладзіміра.
Да яго было неблізка, але Уладзімір убачыў выраз запалых вачэй: мужчына глядзеў так, рыхтык нехта моцны і ўладны выцяў яго ззаду па шыі. Мужчына прысеў, зіркнуў з-пад ілба, як той шкадлівы тхор, загнаны ў кут.
Бомж смярдзеў даўно нямытым целам, страхам і ліслівасцю.
Пякло грудзі, аж млосна было ад смуроду, але Уладзімір зрабіў адзін і другі крок наперад.
Бомж па-звярынаму тонка віскнуў і кінуўся прэч ад кантэйнернай пляцоўкі. Спатыкнуўся, але, падаючы, здолеў перакруціцца, гэпнуўся на бок і замызганы цэлафанавы пакет з некалькімі парожнімі пляшкамі ўтрымаў у руках. Падхапіўся, вырачыў вочы, нешта сіліўся крыкнуць, але адно сіпеў, не зводзячы вачэй з Уладзіміра.